Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона Дуніна-Марцінкевіча як прэцэдэнт пачатку вялікага пагрому беларускай культуры


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Менская пракуратура прызнала два творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча экстрэмісцкімі матэрыяламі. Што гэта значыць, не тлумачыцца.

У новапрынятых законах увогуле нідзе не раскрываецца панятак экстрэмізму. Але практыка паказвае, што ўсё «экстрэмісцкае» — забароненае, і за хоць якую сувязь зь ім учыняюцца рэпрэсіі.

Выглядае ўсё даволі абыкла за гэтыя тры гады. Навіна і прэцэдэнт у тым, што пад забарону трапілі творы клясыка беларускай літаратуры.

Трэба мець на ўвазе, што ўся беларуская літаратура ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя прасякнутая тэмай і духам вызваленьня Беларусі з-пад Расейскай імпэрыі і станаўленьня беларускай нацыі. У гэтым сэнсе ўвесь корпус тэкстаў выглядае як маналіт. І Дунін-Марцінкевіч тут ніяк ня большы экстрэміст за Багушэвіча ці Купалу з Коласам і Багдановічам. Гэта значыць, што пракурорскі прэцэдэнт нават «по умолчанию» забараняе ўсю беларускую літаратуру.

Дзе там губазік пры пагроме ў вашай кватэры будзе разьбірацца, Дунін-Марцінкевіч у вас на паліцы ці нехта іншы зь беларускіх клясыкаў. І калі раней пагромшчыкаў магло спыніць тое, што гэта аўтар са школьнай праграмы, ці што яго імем названыя вуліцы і тэатры, ці што яму стаяць помнікі, дык цяпер ужо, калі кніга па-беларуску, ня спыніць нішто.

Між іншым, забароненыя творы толькі прыпісваюцца Дуніну-Марцінкевічу, за чым можна разгледзець падступную хітрасьць пракурораў (маўляў, рэальнага Дуніна мы не чапаем), а можна і пачатак масавай кампаніі чысткі беларускіх кнігарняў і бібліятэк ад усяго беларускага.

Калі ўлічыць узровень кампэтэнцыі цяперашніх праваахоўнікаў, а таксама нядаўні факт закупу кніг для бібліятэк Магілёва выключна ў расейскіх выдавецтвах плюс да гэтага — разгром «Кнігаўкі» і ўсіх незалежных беларускіх выдавецтваў (у тым ліку «Кнігазбору», які выдаў згаданую кнігу Дуніна-Марцінкевіча), дык гэта менавіта кампанія разгрому беларушчыны.

Сьледам за сымболікай і атрыбутамі дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьцю пад забарону такім чынам трапляе ўся жывая беларуская культура. А на зьмену ўсяму зьнішчанаму свайму прыходзіць усё расейскае.

То бок яны зьнішчаюць усё, ад суб’ектнае волі народу да прыкметаў самабытнасьці беларусаў. Паспрабуйце сёньня выступіць за незалежнасьць Беларусі, калі вы не чалавек рэжыму. Зараз жа вас прызнаюць экстрэмістам. Як Дуніна-Марцінкевіча.

Навошта? Таму што незалежнасьць Беларусі — гэта зусім не сувэрэнная суб’ектнасьць нацыі і краіны, а ўсяго толькі інструмэнт утрыманьня пэрсанальнае ўлады Лукашэнкі. Гэта незалежнасьць крэсла, на якім ён сядзіць. Але ж ён ня вечны. Вось тут даводзіцца канстатаваць найвышэйшую ступень безадказнасьці гэтага кіраўніка і ягонага атачэньня. Бо незалежнасьць Беларусі як інструмэнт скончыцца разам зь ягоным кіраваньнем. А там хоць трава не расьці. Іншымі словамі, «там» — Расея, якая патроху атабарваецца ўжо і тут.

Рэжым навязвае беларусам сваё ўяўленьне пра абсурднасьць сьвету, непатрэбнасьць у Беларусі ўсяго беларускага, фікцыю справядлівасьці-юстыцыі, безальтэрнатыўнасьць для Беларусі «русского мира», варожасьць атачэньня з боку чатырох краін-суседак, якія прытулілі беларускую дэмакратыю і чамусьці зусім не варагуюць паміж сабою і з намі.

Між тым грамадзянская супольнасьць можа ўбачыць у чарговай забароне пракуратуры карысную для сябе падказку. Рэжым забараніў нацыянальныя сымбалі, адрокся ад беларускай мовы, пайшоў наступам на нашых літаратурных клясыкаў. Беларусы высока ўзьнялі сьцягі, загаварылі па-беларуску і пачалі пашыраць кнігі і тэксты. Пагатоў, само сабою, цікава, што ж там такога напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 150 гадоў таму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG