Эвакуацыя беларускіх грамадзян з Судану правядуць, калі будзе забясьпечана іх бясьпека, заявіў у этэры тэлеканалу АНТ амбасадар Беларусі ў Эгіпце і Судане (па сумяшчальніцтве) Сяргей Цярэнцьеў, піша BPN.
«Асноўная складанасьць — у нестабільнасьці сытуацыі. Дамоўленасьці паміж бакамі канфлікту пастаянна дасягаюцца. Пастаянна мы чуем навіны аб перамір’і. Але ў той жа час абодва бакі гэтыя дамоўленасьці парушаюць», — зазначыў Цярэнцьеў.
«Мы зыходзім з таго, што самастойна рух грамадзян, ініцыятыўны, па тэрыторыі Судану, які невядома кім кантралюецца, розныя яго часткі, ня можа цяпер разглядацца як арганізаваная бясьпечная эвакуацыя. У гэтым пляне мы ўзаемадзейнічаем з расейцамі, яны арыентуюцца на сыстэмныя нейкія падыходы ў арганізацыі гэтага важнага працэсу. Тады, калі будзе відавочна, што бясьпека нашым грамадзянам забясьпечана, адпаведна, адбудзецца эвакуацыя», — заявіў дыплямат.
Амбасадар, аднак, ня здолеў назваць нават прыблізныя тэрміны такой эвакуацыі, адзначыўшы, што «ня толькі Беларусь, ня толькі расейскі бок, але і іншыя краіны рэкамэндавалі сваім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Хартуме, у гарачых пунктах, заставацца ў бясьпечных памяшканьнях».
17 красавіка МЗС папярэдзіла, што ў сувязі са складаным становішчам у Судане беларускім грамадзянам неабходна ўстрымацца ад наведваньня краіны да поўнай стабілізацыі сытуацыі.
У гэты дзень у Судане пачаліся беспарадкі, прычынай якіх стаў канфлікт паміж рэгулярным войскам, якім камандуе цяперашні кіраўнік дзяржавы Абдэль Фатах аль-Бурхан, і сіл хуткага рэагаваньня, якія ўзначальваюцца Мухамэдам Хамданам Дагло. Пасьля ваеннага перавароту, зьдзейсьненага ў кастрычніку 2021 году, Суданам кіруе Пераходная сувэрэнная рада пад старшынствам генэралу аль-Бурхана. Дагло абвінаваціў яго ва ўзурпацыі ўлады.
З Судану ў Эгіпет праз сухапутную мяжу выехалі шэсьць беларускіх грамадзян, якія працавалі на суданскія кампаніі па прыватных кантрактах, паведаміў 28 красавіка прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз.
Вядома, што праз баі ў Судане моцна пашкодзілі самалёт беларускай грузавой авіякампаніі, а яе пілёты чакалі эвакуацыі з краіны.