Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Паліну Шарэнду-Панасюк завочна завялі дзьве крымінальныя справы


Паліна Шарэнда-Панасюк, люты 2025
Паліна Шарэнда-Панасюк, люты 2025

На былую палізьняволеную Паліну-Шарэнду Панасюк, якая пасьля вызваленьня зьехала ў Літву, у Беларусі завялі дзьве новыя крымінальныя справы.

Пра гэта паведаміў 29 красавіка ў Фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.

Паводле мужа, Паліну Шарэнду-Панасюк абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад прэвэнтыўнага нагляду», а таксама ў «закліках да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Справы будуць расьсьледаваць завочна.

«Учора стала вядома, што супраць маёй жонкі Паліны Шарэнда-Панасюк лукашысты завялі новыя крымінальныя справы паводле арт. 422 і 361. Таксама адбыліся допыты родных Паліны», — напісаў Андрэй Шарэнда.

Паводле Андрэя Шарэнды, Facebook без тлумачэньня прычынаў ужо другі раз заблякаваў акаўнт Паліны, спробы абскардзіць гэтае рашэньне плёну не далі.

Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году. У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прыгаварыў яе да 2 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК. Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суду: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».

У красавіку 2022 году палітзьняволенай прысудзілі яшчэ адзін год зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ год паводле таго ж артыкулу.

За час зьняволеньня ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, зьявіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакалі муж Андрэй Шарэнда і двое сыноў.

1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю. Празь некалькі дзён яе пры дапамозе кампаніі эвакуацыі BySol і партнэраў вывезьлі зь Беларусі ў Вільню, дзе яе сустрэлі муж і дзеці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG