Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтыя сьведчаньні павінны застацца ў гісторыі». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч прэзэнтаваў у Вільні кнігу пра жыцьцё за кратамі


27 ліпеня ў Вільні ў Беларускім доме адбылася прэзэнтацыя кнігі журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча «Мае турэмныя муры», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».

Гэта ўжо 94-е выданьне ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе», у якой, сярод іншых, выйшлі кнігі палітычных вязьняў і зборнікі, ім прысьвечаныя.

Спампаваць кнігу «Мае турэмныя муры» (PDF).

У кнізе «Мае турэмныя муры» былы палітвязень, журналіст Свабоды расказвае пра зьняволеньне, рэпрэсіі, этапы, катаваньні і жыцьцё палітзьняволеных. Кнігу ілюструюць малюнкі аўтара.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Журналіста Алега Грузьдзіловіча арыштавалі ў 2021 годзе, яму прысудзілі 1,5 года зьняволеньня. Алег адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. На волю выйшаў у верасьні 2022 году і выехаў у Вільню.

Свае ўражаньні ад зьняволеньня ў Беларусі Алег апісаў у кнізе, якую праілюстраваў уласнымі малюнкамі. На думку журналіста, гэтая кніга можа дапамагчы людзям зразумець, што адбываецца за кратамі, а сваякам палітвязьняў дапаможа лепш уяўляць, праз што праходзяць іх родныя.

«За кратамі застаюцца тысячы людзей. У іх ёсьць сваякі, якія хочуць ведаць, што адбываецца з роднымі. Яны не могуць атрымаць інфармацыю, бо любы ліст цэнзуруецца. Дэталі там не апішаш. Часам інфармацыя адтуль патрэбная сваякам, каб яны ня думалі, што там зусім невыносна, каб разумелі, што і там можна выжыць. Таксама важна праінструктаваць, што можна зрабіць і чым дапамагчы, каб разумелі, што можна дамагацца сустрэчы з начальнікам калёніі. Так рабіла мая жонка. Некаторыя лайфхакі могуць дапамагчы людзям вытрымаць усё тое, што адбываецца за кратамі. Ну і, гэта адлюстраваньне часу, гэтыя сьведчаньні павінны застацца ў гісторыі», — расказвае Алег Грузьдзіловіч.

У часе прэзэнтацыі кнігі
У часе прэзэнтацыі кнігі

«Свабода патрэбная ўсім»

Экс-кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук расказаў, што кніга Алега Грузьдзіловіча будзе знаходзіцца ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША.

«Як бібліятэкар Свабоды я не хацеў бы, каб у нас зьявілася такая кніга. Не хацеў бы, каб яе пісаў пра сябе дасьведчаны журналіст, які ўвесь час пісаў пра іншых. На мурах турмы аўтар пабудаваў палац свабоды. Гэтая кніга будзе ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША, бо свабода патрэбная ўсім і ўсюды, асабліва па-беларуску», — сказаў Аляксандар Лукашук.

Выступае Аляксандар Лукашук
Выступае Аляксандар Лукашук

Падчас прэзэнтацыі Алег Грузьдзіловіч з дапамогай уласных малюнкаў паказаў, як уладкаваны побыт за кратамі, як выглядае перавозка зьняволеных і як камунікаваць з суседзямі па камэры. Раней, да свайго зьняволеньня, ён маляваў толькі пэйзажы.

«Я там бясконца зь некім камунікаваў, і калі я ўжо выходзіў зь ШЫЗА, начальнік мне сказаў, што „хопіць займацца разьведвальнай дзейнасьцю“. Там вельмі кепская ежа, за лета ня выдалі ніякай гародніны. Адзіная каша, якую можна было есьці, прасяная на малацэ, яе давалі зусім трохі. Там шмат абмежаваньняў на тое, што ты можаш мець у тумбачцы», — прыгадвае Алег Грузьдзіловіч.

Алег Грузьдзіловіч і Анатоль Лябедзька дэманструюць паводзіны палітвязьня і турэмшчыка
Алег Грузьдзіловіч і Анатоль Лябедзька дэманструюць паводзіны палітвязьня і турэмшчыка

«У лістах з-за кратаў усё выглядае ня так»

Увесь час зьняволеньня Алега Грузьдзіловіча падтрымлівала ягоная жонка Марыянна. Яна дамагалася, каб ад яго даходзілі лісты і зьвесткі.

«У лістах з-за кратаў усё выглядае ня так, як у кнізе. Муры вырастаюць і перад сваякамі зьняволеных. Гэтыя 9 месяцаў зьняволеньня я не жыла, а існавала. Я вымушаная была вырашаць усе праблемы сама. Лічу, што шмат каму гэтая кніга дапаможа зразумець, што адбываецца за кратамі», — мяркуе Марыянна Грузьдзіловіч.

Сьпявае жонка Алега Грузьдзіловіча Марыянна
Сьпявае жонка Алега Грузьдзіловіча Марыянна

Апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька пажадаў усім палітвязьням хутчэй выйсьці на волю. Цяпер за кратамі ў Беларусі ягоны сын Арцём. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго вінавацяць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

«Вельмі хачу, каб тыя тысячы людзей, якія знаходзяцца за кратамі, хутчэй выйшлі на волю, а ў нашых турмах зрабілі музэй. Мой сын цяпер у вязьніцы, і ён не займаўся палітыкай. Гэта быў ягоны сьвядомы выбар. Справа цяпер на паўдарозе ў суд, але ён трымаецца годна. Самае цяжкае там, за кратамі, — гэта інфармацыйная блякада», — расказаў палітык.

Былы палітзьняволены Анатоль Хіневіч
Былы палітзьняволены Анатоль Хіневіч

Анатоль Хіневіч, які таксама адбыў тэрмін за кратамі па палітычным артыкуле, зачытаў вершы, якія напісаў у калёніі.

«Я сядзеў на Акрэсьціна, пасьля ў Жодзіне, пасьля на „Валадарцы“, а адтуль перавялі ў папраўчую калёнію „Віцьба“. Пачуцьці пасьля гэтага цяжкія, спрабую зараз разабрацца ў іх. Пасьля выхаду зразумеў, што 2020 год ня скончыўся і мы жывём у ім. Дзякуй, што такія кнігі і такія імпрэзы нагадваюць пра сытуацыю ў Беларусі», — сказаў былы зьняволены.

Часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене абдымае журналіста Алега Грузьдзіловіча
Часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене абдымае журналіста Алега Грузьдзіловіча
Часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене
Часовая павераная Літвы ў справах Беларусі Аста Андрыяўскене
Першы з малюнкаў Алега Грузьдзіловіча, які прарваўся праз краты на волю
Першы з малюнкаў Алега Грузьдзіловіча, які прарваўся праз краты на волю

Як выжываць у беларускай турме? Інтэрвію з Алегам Грузьдзіловічам

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG