Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна люстэркава адказала на ультыматум Расеі па суднаходзтву ў Чорным моры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украіна будзе разглядаць усе судны ў Чорным моры, якія ідуць у расейскія парты ці часова акупаваныя РФ украінскія парты, як судны, што перавозяць грузы ваеннага прызначэньня, заявіла Міністэрства абароны Ўкраіны 20 ліпеня ў адказ на заяву Расеі.

19 ліпеня Мінабароны Расеі заявіла, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія рухаюцца ў акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца ёй як патэнцыйныя перавозчыкі вайсковых грузаў. Краіны, пад сьцягамі якіх ходзяць гэтыя судны, будуць лічыцца ўцягнутымі ў канфлікт на баку кіеўскага рэжыму.

МЗС Украіны заклікала сьвет асудзіць дзеяньні Расеі і гарантаваць бясьпеку суднаходзтва ў Чорным моры.

Расея трэці дзень запар абстрэльвае поўдзень Украіны, у прыватнасьці, Адэсу і Мікалаеў, а таксама партовую інфраструктуру гэтых гарадоў. У Крамлі гэта называюць «помстай» за Крымскі мост, які атакавалі ў ноч на 17 ліпеня.

Расея 17 ліпеня заявіла, што спыняе ўдзел у збожжавай угодзе. У прадстаўніцтве РФ пры ААН заявілі, што рашэньне расейскіх уладаў аб выхадзе з «збожжавай угоды» канчатковае, і больш перамоваў на гэтую тэму не плянуецца.

Адначасова Міжнародная марская арганізацыя ААН атрымала ад Расеі ліст з адкліканьнем гарантыяў бясьпекі суднаходзтва ў Чорным моры, пра які раней паведамлялі ў МЗС РФ.

Адкліканьне гэтых гарантыяў азначае, што караблі, якія возяць збожжа з украінскіх партоў, могуць быць цэльлю для расейскіх абстрэлаў, а Расея проста можа іх не пусьціць ва ўкраінскія парты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG