У адказ на пытаньні журналістаў пра тое, ці магчыма, што мяцеж ПВК «Вагнэр» у Расеі быў толькі прыкрыцьцём для ўводу войскаў «Вагнэра» ў Беларусь і ці праўдзівыя, на думку адміністрацыі Байдэна, заявы Аляксандра Лукашэнкі пра атрыманьне ім «ужо большай часткі» расейскай ядзернай зброі,Алівія Далтан адказала наступнае:
«Я не зьбіраюся ўдавацца ў якія-небудзь здагадкі наконт гэтай сытуацыі (сапраўдных мэтаў мяцяжу ПВК «Вагнэр». — Рэд.)».
Што да заявы Лукашэнкі наконт атрыманьня «ужо большай часткі» расейскай ядзернай зброі, яна падкрэсьліла, што ня бачыць «ніякіх зьменаў»:
«Усё, што я скажу, гэта тое, што, рыторыка вакол ядзернай зброі, якая, мы бачылі, ідзе і ад расейцаў, вельмі безадказная. І, тым ня менш, мы ня ўбачылі ніякіх зьменаў, ніякіх падставаў ацэньваць, што іх ядзерная пазыцыя зьмянілася, і ніякіх прычын зьмяняць нашу ўласную ядзерную пазыцыю. З улікам сказанага, мы па-ранейшаму адданыя калектыўнай абароне Альянсу NATO, і мы будзем заставацца ў шчыльным кантакце з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі, і сачыць за гэтым уважліва і адказна», — сказала Алівія Далтан.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і атрымаюць у сваё распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- Таксама 27 чэрвеня Лукшэнка заявіў, што «значная частка» расейскай ядзернай зброі нібыта ўжо знаходзіцца ў Беларусі.