Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра месца беларусаў у сьвеце, чаму Лукашэнка так ненавідзіць Зяленскага і навошта ўзаконілі суды над памерлымі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму Лукашэнка з такой нянавісьцю гаворыць пра Зяленскага?

— Бо гэта ягоная поўная супрацьлегласьць. Інтэлігент, надзелены ўнутранай свабодай, музычным слыхам і пачуцьцём гумару, эрудыт і той, хто зрабіў сябе сам, хто ня стане падманваць сябе і іншых, хто вызнае каштоўнасьці цывілізаванага сьвету і ўкраінскае нацыі і ведае, што жыць у Эўропе ёй будзе нашмат лепей, чым у Эўразіі, хто трымае бяздумны ўдар «русского мира»... Вось што ў Зяленскім ненавідзіць Лукашэнка.

Пастаў яго на месца ўкраінскага прэзыдэнта, ён адразу апынецца ў Растове. Нельга ня ўлічваць і прыродную нянавісьць гадаванца савецкіх калгасаў, якому ўласьціва напаўняць яе антысэміцкімі нотамі, што зрываліся зь языка Лукашэнкі не аднойчы.

— У Вільні так шмат гопнікаў на вуліцах, у Менску іх амаль не відаць. Чаму так?

— Бо ў Літве па-над усім закон, гэта значыць, гопнік ня можа быць прыняты на службу ў паліцыю, пракуратуру ці турму. Калі ў Вільні нехта будзе ламіцца да вас у кватэру, вы паклічаце паліцыю і яна затрымае бандытаў. Прычым усе бакі прызнаюць сытуацыю відавочнай — хто парушальнік, а хто ахвяра. У Менску ж ламіцца да вас зь верагоднасьцю 99% будзе міліцыя ці гэбэ і паклікаць вам ня будзе каго.

У Вільні за напад у цёмным завулку асудзяць нападнікаў, а не ахвяру, як у Менску, бо нападнікамі, хутчэй за ўсё, будуць міліцыянты. Літва рэальна свабодная краіна для ўсіх, у тым ліку для гопнікаў, калі яны паводзяцца ў рамках закону.

— Ці варта вітацца з суседзямі? А раптам гэта які-небудзь садыст-пракурор ці турэмны кат, ці губазікавец, ці хлус-прапагандыст?

— Вітацца трэба. Гэта ваш унёсак у нармальнасьць антрапасфэры, у перамогу дабра. Ваша маўчаньне, наадварот, няяўны знак згоды з тым, што робяць садысты-прапагандысты. Вітацца ў пад’езьдзе, у транспарце, паўсюль, дзе адбываецца мімалётная сустрэча. Я бачыў, як гэта робяць, напрыклад, чэхі, ствараючы такім чынам атмасфэру спакою і пазытыву для сябе і іншых.

Апроч таго, вітаньнем вы быццам падкрэсьліваеце перавагу нармальнасьці. Калі вы ня хочаце павітаць імавернага злачынцу, не кажыце «Здравствуйте!», а кажыце «Добры дзень!» — жадаючы дабра ўсім наогул. Так, дарэчы, робяць і чэхі.

— Ці сапраўды ў Беларусі за беларускую мову могуць пасадзіць у турму?

— Могуць, але назавуць гэта якім-небудзь абстрактным «экстрэмізмам», так, каб нешта даказаць было немагчыма. Асабліва цынічны міліцыянт пра вашу беларускую напіша: «лаяўся матам»...

У кнігах Радыё Свабода «Галасы Беларусі» пра 2020-2022 гады ёсьць сьведчаньні, як беларуская мова затрыманых прыводзіла міліцыянтаў у лютасьць, што сканчалася паламанымі рэбрамі... У пратаколе на мастака S, якога затрымалі за значок-Пагоню на пінжаку, бясхітрасны міліцыянт так і напісаў: «разговаривал на белорусском языке».

— Чаму Лукашэнка дзень вызваленьня Менску перайменаваў у Дзень незалежнасьці?

— Гэта зьвязана зь яго глыбока савецкай існасьцю. Рэч у тым, што ў 1920-30-я гады галоўным дзяржаўным сьвятам у БССР было 11 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад белапалякаў (1920). У абодвух выпадках суб’ектам выступала Чырвоная, то бок расейская армія. Суб’ектнасьці Беларусі (што і значыць Дзень незалежнасьці) у абодвух выпадках не прадугледжвалася.

За незалежнасьць РБ дэпутат Лукашэнка не галасаваў, а сапраўдны наш Дзень незалежнасьці 25 сакавіка ён урэшце забараніў. 3 ліпеня для яго было тоесным даваеннаму 11 ліпеня паводле формы і зьместу. Яго ён і зрабіў галоўным дзяржаўным сьвятам, якое ў іншых краінах называецца Днём незалежнасьці.

— Чаму, на вашу думку, узаконілі суды над памерлымі?

— А вы можаце прывесьці прыклад, каб хтосьці надзелены ўладай кагосьці пашкадаваў? Тое, што ў Беларусі апраўдальных прысудаў 0,1% (у нармальных краінах 20%), сьведчыць пра карны характар гэтай крыважэрнай сыстэмы. Малох пажырае ўсё, што варушыцца ў Беларусі і за мяжой, а цяпер ужо і ўсё, што не варушыцца.

Не зьдзіўлюся, калі заўтра пачнуць судзіць жывёл, прычым першымі будуць коцікі. І гэта ня толькі пра суды, пракуратуру ці міліцыю. Гэта і пра «заканадаўцаў» у краіне, дзе «не да законаў». Прычына мне бачыцца ў тым, што ў сыстэме засталіся толькі асобы сумнеўнай чалавечай якасьці, самыя непрыстойныя і некваліфікаваныя, якія ўвасабляюць поўнае выраджэньне гэтай «улады».

— Як бы вы апісалі месца беларусаў у сучасным сьвеце?

— Беларус, як нашчадак грамадзян Вялікага княства Літоўскага, што аб’ектыўна ўзьнікла на ягонай зямлі і праіснавала 500 гадоў, зьяўляецца літоўцам. Таксама беларус, як нашчадак грамадзян Рэчы Паспалітай, што аб’ектыўна ўключала ў сябе ВКЛ, зьяўляецца палякам. Усё найлепшае на нашай зямлі было створана тады, калі нашы продкі называлі сябе літоўцамі-літвінамі ці палякамі.

Акупацыя Беларусі Расейскай імпэрыяй заўсёды прыводзіла да заняпаду нашай бацькаўшчыны ў статусе «окраинных земель». Беларус ніколі ня быў і не зьяўляецца расейцам. Пакуль многія беларусы не ўсьведамляюць гэтага, але на генэтычным узроўні са зьдзіўленьнем адкрываюць гэта ў сабе.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG