Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінна будзе Беларусь плаціць рэпарацыі Ўкраіне


Дзень Волі ў Вільні, 25 сакавіка 2022. Ілюстрацыйнае фота.
Дзень Волі ў Вільні, 25 сакавіка 2022. Ілюстрацыйнае фота.

Апошнім часам у беларускім грамадзтве разгарнулася дыскусія пра тое, ці мусіць Беларусь пасьля вайны плаціць рэпарацыі за напад зь яе тэрыторыі расейскіх войскаў на Ўкраіну.

Асаблівую вастрыню дыскусія набыла пасьля звароту ўкраінскага журналіста і грамадзкага дзеяча Сяргея Прытулы да Сьвятланы Ціханоўскай, у якім ён наўпрост запатрабаваў вызначыцца: павінна Беларусь плаціць Украіне рэпарацыі ці не? (Са звароту вынікае, што сам Прытула не сумняецца: так, павінна).

Вывучаючы тэму рэпарацыяў у гістарычнай рэтраспэктыве, зьвярнуў увагу на такі факт. Пасьля Другой сусьветнай вайны СССР атрымаў ад Нямеччыны гіганцкі аб’ём рэпарацыяў, адных толькі заводаў было амаль тры тысячы (2 885). А сярод абсталяваньня была нават тэлефонная станцыя райхсканцылярыі Гітлера. У СССР ажно да пачатку 80-х гадоў яна абслугоўвала маскоўскія нумары, якія пачыналіся на «222», у тым ліку корпусы ЦК КПСС, дзе былі кабінэты пасьлядоўна Сталіна, Хрушчова, Брэжнева. Публіцысты правядуць тут ідэйныя паралелі, а пісьменьнікі могуць выбудаваць сюжэт у стылі фэнтэзі.

Але да тэмы рэпарацыяў Беларусі Ўкраіне. Аргумэнты гучаць з абодвух бакоў.

«Мы пайшлі на чалавечыя ахвяры, а вы — не»

Пачнем з тых, якія выстаўляюць прыхільнікі рэпарацыяў.

Беларусь — незалежная дзяржава, чалец ААН (і нядаўна нават прэтэндавала на месца ў Радзе бясьпекі ААН), і зь яе тэрыторыі ў 2022 годзе ажыцьцяўлялася агрэсія РФ супраць Украіны. Менавіта з Беларусі рушылі расейскія калёны на Кіеў у лютым 2022-га, і яшчэ некалькі месяцаў менавіта зь яе тэрыторыі вяліся ракетныя абстрэлы, а зь яе аэрадромаў узьляталі расейскія бамбавікі. Вынік гэтага — чалавечыя жыцьці і разбураныя населеныя пункты, зьнішчаныя прадпрыемствы, камунальная інфраструктура. За гэта мусіць быць кампэнсацыя.

У 2014 годзе ўкраінцы, каб зрынуць прарасейскую ўладу Януковіча, пайшлі на сілавы супраціў і на ахвяры («нябесная сотня»). Беларусы ў 2020-м выбралі мірны пратэст: вашы лідэры, маючы сотні тысяч на вуліцах, ня мелі ніякага пляну дзеяньняў. Гэтыя сотні тысяч нават не паспрабавалі вызваліць вязьняў «Акрэсьціна». Мы вам спачуваем, але перамогі над дыктатарамі не бывае без ахвяраў. Вы маеце тую ўладу, якую заслугоўваеце. І гэтая ўлада дазволіла Расеі выкарыстоўваць вашу краіну як ваенны пляцдарм. За гэта давядзецца заплаціць.

Большасьць насельніцтва Беларусі «праглынула» агрэсію супраць Украіны з тэрыторыі сваёй дзяржавы. Яны не пускалі пад адхон цягнікі з расейскай вайсковай тэхнікай, нават ня выйшлі масава на вуліцы і ня ўдзельнічалі ў пратэстах. Так, такі ўдзел пагражаў бы ім штрафамі ці нават турмой, але турма — гэта ўсё ж ня сьмерць. У кожным выпадку лёс вязьня лепшы, чым лёс забітага, а забітых у выніку агрэсіі ўкраінцаў — дзясяткі тысяч. Не пажадалі рызыкнуць свабодай і скінуць рэжым, які спрыяў акупацыі — будзеце плаціць.

Рэпарацыі, накладзеныя на Беларусь, будуць добраю навукаю ня толькі тым, хто пажадае праігнараваць нормы міжнароднага права і ўчыніць агрэсію, але і тым краінам, якія дапамогуць у агрэсіі.

Наступны аргумэнт у дыскусіях мне трапіўся толькі аднойчы, але прывяду і яго.

Калі цягам некалькіх гадоў кожны жыхар Беларусі штомесяц будзе бачыць, што зь ягонага заробку вылічваюць пэўную суму грошай, пазначаную ў ведамасьці як «рэпарацыі» — ён урэшце ўсьвядоміць, што такое адказнасьць за ўласны голас на выбарах за чалавека, які ігнаруе ўрокі гісторыі і цягне краіну ня ў бок дэмакратычнага Захаду, а на аўтарытарны Ўсход. І ўвогуле – усьвядоміць, што такое палітычная адказнасьць грамадзяніна.

Апошні аргумэнт, як мог здагадацца чытач, належыць прыхільнікам рэпарацыяў зь ліку беларусаў.

«Мы ж не патрабуем кампэнсацыяў за Чарнобыль»

Цяпер пра аргумэнты праціўнікаў выплаты рэпарацыяў.

Беларусь ёсьць незалежнаю дзяржаваю толькі фармальна: Масква калі і не кіруе непасрэдна ўсімі сфэрамі, ад бясьпекі да адукацыі, дык практычна ні ў чым не сустракае адмовы з боку афіцыйнага Менску. Так, Беларусь мае фармальныя атрыбуты сувэрэнітэту і зьяўляецца сябрам ААН. Але ў 1986 годзе, калі на тэрыторыі Ўкраіны выбухнула Чарнобыльская АЭС, а вецер падзьмуў у бок Беларусі, адабраўшы здароўе ў сотняў тысяч людзей ды іхных нашчадкаў і на стагодзьдзі забрудзіўшы зямлю, — Украінская ССР таксама была чальцом ААН. Больш за тое: у Канстытуцыі УССР, прынятай у 1978 годзе, Украіна была пазначана як «сувэрэнная дзяржава» (таксама як і БССР у Канстытуцыі, прынятай у той жа самы год). УССР нават была больш самастойнай у рэальным палітычным раскладзе: толькі яе камуністычная партыя, як і КПСС, мела Палітбюро. І тым ня менш зразумела, што ўсё найважнейшае вырашалася ў Маскве. Калі ўзгадваць Чарнобыль, дык вядома, што 1 траўня тагачасны кіраўнік Украіны Шчарбіцкі намаўляў Гарбачова пагадзіцца на скасаваньне першамайскай дэманстрацыі, але яму гэта не ўдалося, і тысячы людзей прайшлі па Храшчаціку. Патрабаваць матэрыяльнай кампэнсацыі за Чарнобыль ад цяперашняй Украіны — правапераемніцы фармальна сувэрэннай дзяржавы, чальца ААН — нікому зь беларусаў не прыйшло ў галаву.

Лукашэнка, які дазволіў расейскім войскам атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам: выбары 2020 году міжнародная супольнасьць не прызнала (як і ранейшыя электаральныя кампаніі). Права выбару беларускі народ пазбаўлены ўжо не адно дзесяцігодзьдзе. Менавіта гэтае сваё права на выбар беларускі народ адстойваў у жніўні 2020-га, але масавы пратэст быў здушаны ў тым ліку і з ужываньнем агнястрэльнай зброі.

Лукашэнка ў 2020 годзе меў непараўнальна мацнейшыя пазыцыі, чым Януковіч у 2014-м, а беларускае грамадзтва было значна менш арганізаваным, чым украінскае перад «рэвалюцыяй годнасьці». Адрозна ад Украіны, дзе з 1991 году існавала незалежная прэса (у тым ліку і незалежныя ад дзяржавы агульнанацыянальныя тэлеканалы), у Беларусі зь незалежнай прэсай было практычна скончана ўжо напрыканцы 90-х гадоў. Да таго ж пасьля аднаўленьня незалежнасьці ўкраінцы і блізка ня ведалі такога маштабу рэпрэсіяў, якія спазналі беларусы. Нічога падобнага на масавыя катаваньні і зьдзекі, якія ў Беларусі пачаліся з 2020 году і цягнуцца па сёньня, у найноўшай гісторыі Ўкраіны не было.

У тым, што Лукашэнка мае трывалыя пазыцыі (ці, ва ўсякім разе, меў іх), ёсьць частка віны і ўкраінскага боку. Вядома, што да моманту агрэсіі ў 2022-м Лукашэнка быў ва Ўкраіне самым папулярным замежным палітыкам; многія ўкраінцы казалі, што хочуць сабе такога прэзыдэнта, які «навядзе парадак». Украіна працягвала узаемавыгадны гандаль з рэжымам Лукашэнкі і пасьля 2020 году. Нарэшце, за амаль тры дзесяцігодзьдзі кіраваньня Лукашэнкі ніводзін лідэр беларускай апазыцыі ніколі ня быў хаця б нефармальна прыняты прэзыдэнтам Украіны — ні Кучмам, ні Юшчанкам, ні Януковічам, ні Парашэнкам, ні Зяленскім. Што, безумоўна, магло ацэньвацца і ацэньвалася ў беларускім грамадзтве як знак падтрымкі Лукашэнку.

І нарэшце: казаць, што беларускі народ «праглынуў» напад Расеі на Ўкраіну, няправільна, лічаць праціўнікі рэпарацыяў. Сотні людзей, якія ў лютым 2022-га спрабавалі пратэставаць супраць расейскай агрэсіі, былі кінутыя ў турмы. Зафіксавана шмат фактаў партызанскага супраціву (у прыватнасьці, дывэрсіі на чыгунцы). Сотні беларусаў, якія змагаюцца з агрэсарамі ў складзе полку імя Каліноўскага ды іншых вайсковых фармаваньняў, тыя, хто ўжо аддаў сваё жыцьцё за Ўкраіну, — гэта прадстаўнікі беларускага народу, а не якога іншага.

У інтарэсах Украіны мець на поўначы ня ворага, а саюзьніка

Зразумела, гэта толькі частка аргумэнтаў, якія гучаць у дыскусіях. І выказваюцца яны часьцяком зусім ня ў тым стылі, у якім я іх тут падаю, — апанэнты ня стрымліваюць сябе ў лексыцы, здараецца, пераходзяць на абразы. І вось гэта самае небясьпечнае. Прагучала нават думка, што тэму рэпарацыяў адмыслова «ўкінулі» тыя, каму хацелася б пасварыць украінцаў і беларусаў.

Мне падаецца, што калі такое і было, дык пытаньне ўзьнікла б рана ці позна само сабою, бо рэпарацыі — гэта звычайны вынік войнаў. А вайна Расеі супраць Украіны рана ці позна скончыцца — як лічыць усё больш вайсковых аналітыкаў, перамогай Кіева. І тады пытаньне рэпарацыяў узьнікне як практычнае.

Вядома, калі гавораць пра перамогу Кіева, маюць на ўвазе розныя варыянты паразы Масквы, кожны зь якіх, у сваю чаргу, можа мець самыя розныя наступствы для Беларусі: ад анэксіі як спробы Пуціна кампэнсаваць фіяска да сыходу крамлёўскага рэжыму ці нават распаду РФ на самастойныя дзяржавы. Аднак пры ўсіх варыянтах відавочна, што рэпарацыяў Маскве наўрад ці ўдасца ўнікнуць.

Іншая сытуацыя можа быць зь Беларусьсю.

Рызыкну выказаць прагноз, што ў аднаўленьні эканомікі Ўкраіны, увогуле ўсёй інфраструктуры, разбуранай у выніку агрэсіі, расейскія рэпарацыі, якога б вялікага памеру яны ні былі, зоймуць ня самую вялікую частку. Гэта будзе адбывацца пераважна коштам фінансавай і тэхнічнай дапамогі дэмакратычных краінаў Захаду.

І ў тым выпадку, калі ў сталіцах па абодва бакі Атлянтыкі хопіць цьвярозасьці асэнсаваць памылку 90-х гадоў, калі шмат якія магчымасьці для ўстойлівага дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі былі страчаныя менавіта з прычыны недастатковай увагі і падтрымкі заходніх краінаў, — Беларусь, калі яна адновіць дэмакратыю і рэальную незалежнасьць, зможа таксама разьлічваць на эканамічную дапамогу.

І што абсалютна бясспрэчна: у інтарэсах Украіны мець на поўначы ня ворага, а саюзьніка, і пажадана такога, які б сам быў у стане палітычнай і эканамічнай стабільнасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG