Улады дэманструюць усім палітзьняволеным «правільную» мадэль паводзінаў.
Як і прагназавалася, Рамана Пратасевіча памілавалі ў хуткім часе пасьля прысуду. Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў яшчэ 16 траўня. Гэта адбылося амаль дакладна праз два гады пасьля таго, як Пратасевіча затрымалі разам з Соф’яй Сапега (23 траўня 2021-га) пасьля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair, які выконваў рэйс Атэны — Вільня.
Пра тое, што справа ідзе да памілаваньня, сьведчыла некалькі фактаў. На працягу многіх месяцаў у чаканьні суду Пратасевіч знаходзіўся не за кратамі, а пад хатнім арыштам, што даволі незвычайна з улікам таго, паводле якіх «цяжкіх» артыкулаў яго абвінавачвалі. Падчас судовага працэсу яго таксама трымалі не за кратамі, як гэта звычайна адбываецца з падсуднымі ў беларускіх судах, а ў залі. Прычым без кайданкоў, што таксама нязвыкла. Раману Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, але пад варту не ўзялі, пакінулі пад хатнім арыштам. Ён не падаваў апэляцыі, бо ў гэтым не было сэнсу.
Гэта значыць, уся гэтая гісторыя з судом, прысудам, памілаваньнем з самага пачатку выглядала як частка палітычнай гульні. Яе сэнс быў у наступным: улады дэманструюць усім палітзьняволеным «правільную» мадэль паводзінаў. Палітвязень (калі шырэй — любы апанэнт рэжыму) павінен ня проста пакаяцца, прызнаць свае «памылкі», пайсьці на супрацоўніцтва са сьледзтвам, але і перайсьці на супрацьлеглы бок барыкад, усяляк лаяць апазыцыю, Захад і хваліць Лукашэнку. Як тое чарговы раз зрабіў Пратасевіч, падзякаваўшы «асабіста прэзыдэнту Аляксандру Рыгоравічу». Такім чынам, вязень павінен пагадзіцца на поўную палітычную і маральную капітуляцыю, а таксама на тое, каб самому стаць часткай прапагандысцкай кампаніі ўладаў. Толькі ў такім выпадку ён можа разьлічваць на памілаваньне ці амністыю.
Такія правілы гульні прапануе ўлада. У тым ліку і для тых, хто пасьпеў эміграваць, але хоча вярнуцца. Дзеля чаго і створаная адпаведная камісія на чале з генпракурорам Андрэем Шведам.
А для астатніх — стварэньне невыноснага рэжыму зьняволеньня на мяжы жыцьця і сьмерці. Такі выбар дыктуюць улады беларусам.
Варта нагадаць, што два гады таму, калі здарылася гісторыя з прымусовай пасадкай у Менску самалёта кампаніі Ryanair, у заявах урадаў і міжнародных арганізацый з гэтай нагоды, акрамя асуджэньня беларускіх уладаў, гучалі патрабаваньні неадкладнага вызваленьня Пратасевіча і Сапегі. Вось праз два гады вызваленьне нібыта адбылося, але на ўмовах беларускага рэжыму.
Дарэчы, пакуль не да канца зразумела, у якім статусе знаходзіцца Пратасевіч. Ён цяпер зусім вольны? Можа выехаць за мяжу? Ці застаецца пад хатнім арыштам? Ці прапанавалі яму ролю пад умоўнай назвай «Васкрасенскі-2»? Можна меркаваць, мы яшчэ ня раз пабачым гэтага пэрсанажа ў афіцыйных прапагандысцкіх сюжэтах.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.