«Амбасада Расеі ў Варшаве гатовая да любых рашэньняў Масквы пасьля захопу польскімі ўладамі будынку расейскай школы», — сказаў ТАСС пасол Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў.
Ён таксама адзначыў, што супрацоўнікі школы пры амбасадзе РФ у Польшчы цяпер займаюцца вывазам абсталяваньня з захопленага польскімі ўладамі будынку.
Па словах амбасадара, навучальны працэс адновіцца 10 траўня ў адным з дыпляматычных будынкаў.
Раніцай у суботу, 29 красавіка, прадстаўнікі мэрыі Варшавы і паліцыянты прыехалі да расейскай школы, каб правесьці вопіс маёмасьці. Яны загадалі супрацоўнікам пакінуць школу.
Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава назвала дзеяньні польскіх улад «захопам» школы і назвала іх парушэньнем Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах. Яна заявіла, што рушыць усьлед «жорсткая рэакцыя» Масквы. Намесьнік старшыні Савета бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў прапанаваў разарваць дыпляматычныя адносіны з Польшчай.
Па словах прадстаўніка МЗС Польшчы, будынак быў незаконна арандаваны расейскімі ўладамі. Яшчэ ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасьля расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Украіну, міністэрства замежных спраў Польшчы ініцыявала працэс адабраньня двух аб’ектаў нерухомасьці ў Варшаве, якія знаходзяцца ў валоданьні Расеі, якія не выкарыстоўваліся ў дыпляматычных і консульскіх мэтах. Размова ў тым ліку ішла і аб будынку школы пры пасольстве.