Дональд Трамп заявіў журналістам у Белым доме, што перамовы вядуцца «на вельмі высокім, амаль найвышэйшым узроўні», і падкрэсьліў, што ніякіх пасярэднікаў не было.
«У нас вельмі высокая сустрэча, і мы паглядзім, што можа адбыцца. Я думаю, усе згодныя з тым, што заключыць угоду было б лепей», — сказаў Трамп на прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу.
«Калі перамовы з Іранам ня будуць пасьпяховымі, я думаю, што Іран апынецца ў вялікай небясьпецы», — сказаў Трамп, які настойвае на тым, што Ірану нельга дазволіць распрацоўваць ядзерную зброю.
Тым часам міністар замежных справаў Ірану пацьвердзіў, што сустрэча павінна адбыцца 12 красавіка, але перамовы ня будуць беспасярэднімі:
«Іран і Злучаныя Штаты сустрэнуцца ў суботу ў Амане для пасярэдніцкіх перамоваў на высокім узроўні», — заявіў міністар замежных справаў Ірану Абас Арагчы ў эфіры X 7 красавіка, неўзабаве пасьля таго, як Трамп пракамэнтаваў перамовы:
«Гэта як магчымасьць, так і выпрабаваньне. Мяч на баку Амэрыкі».
Іран настойваў на пасярэдніцкіх перамовах, заяўляючы, што ня будзе размаўляць наўпрост, пакуль дзейнічае Трампава кампанія «максымальнага ціску» на Тэгеран. Іран сьцьвярджае, што яго ядзерная праграма мае цывільныя мэты. Прэзыдэнт Ірану 5 красавіка заявіў, што Тэгеран гатовы весьці дыялёг на «роўных».
Як заявіў Трамп, Іран не павінен валодаць ядзернай зброяй. Паводле прэзыдэнта ЗША, ён аддае перавагу заключэньню «ўгоды» з Іранам, а не сілавому супрацьстаяньню. Раней іранскія ўлады заяўлялі, што ня пойдуць на простыя перамовы з ЗША, але гатовыя дамаўляцца праз пасярэднікаў. Трамп не раскрыў падрабязнасьцяў перамоваў, якія ён згадаў.
Форум