Ёсьць інфармацыя, што ён у стане сярэдняй цяжкасьці. Існуе вэрсія, што перад тым яго пабілі. У абарону Віктара Бабарыкі выступілі Сьвятлана Ціханоўская і афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу. А ўлады, як звычайна, усяляк утойваюць інфармацыю. Чаму?
Сьцісла:
- Сытуацыя, калі ў былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ў выніку знаходжаньня за кратамі жыцьцё апынулася пад пагрозай, яскрава адлюстроўвае палітычны стан краіны.
- Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць усім незваротнасьць таго курсу, які быў узяты пасьля 2020 году, немагчымасьць ніякай альтэрнатывы.
- Фігура Віктара Бабарыкі — гэта якраз сымбаль альтэрнатывы.
- Умовы працы Бабарыкі ў зьняволеньні можна прыраўнаваць да катаваньня. Трымаюць у закладніках ягонага сына Эдуарда.
- Расправа над галоўнымі палітычнымі праціўнікамі адбываецца сынхронна ў Беларусі і Расеі. У РФ Аляксею Навальнаму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Сытуацыя, калі ў былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ў выніку знаходжаньня за кратамі жыцьцё апынулася пад пагрозай, яскрава адлюстроўвае палітычны стан краіны.
Мы назіраем агульны трэнд на «зачыстку» грамадзтва ад усялякага іншадумства. Канвэер рэпрэсій ня толькі не спыняецца, а наадварот, набірае хаду. Штодня прыходзіць інфармацыя пра новыя арышты, суды, ператрусы. Узмацняюцца катаваньні палітвязьняў. Краіна крок за крокам, пасьлядоўна ператвараецца ў сучасны ГУЛАГ.
Многія экспэрты разважаюць, у чым палітычны сэнс такога маштабнага тэрору. Бо рэальнай пагрозы аднаўленьня пратэстаў сёньня няма. Таму гадаюць на тэму мэтазгоднасьці і практычнай неабходнасьці такіх дзеяньняў для самога рэжыму.
Даецца шмат правільных адказаў на гэтае пытаньне. Калі адсутнічае зваротная сувязь улады з грамадзтвам, то пагроза паўтарэньня пратэстаў перабольшваецца. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе пастаяннай мабілізацыі ў барацьбе з ворагамі. Нарэшце, працягваецца элемэнтарная помста за траўму 2020 году.
Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць усім — прыхільнікам і праціўнікам — незваротнасьць таго курсу, які быў узяты пасьля 2020 году, фатальную наканаванасьць існаваньня цяперашняга рэжыму, немагчымасьць ніякай альтэрнатывы. Зрабіць увесь дзяржаўны апарат (а найперш сілавыя структуры) запэцканымі рэпрэсіямі — важны сэнс цяперашняй кампаніі тэрору.
Сымбалем такой незваротнасьці стала кувалда, падораная Лукашэнкам Рыгору Азаронку. Кувалда і аўтазак зь дзяржаўным сьцягам — гэта сапраўдныя сымбалі лукашэнкаўскага рэжыму.
А фігура Віктара Бабарыкі — гэта якраз сымбаль альтэрнатывы. Усе, хто цікавіўся палітыкай у 2020 годзе, разумелі, што гэты чалавек — самы рэальны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта. Ягоная папулярнасьць цягам кароткага часу павялічвалася ў геамэтрычнай прагрэсіі. Невыпадкова Лукашэнка запанікаваў і арыштаваў яго яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў. І кінуў Бабарыку за краты на 14 гадоў.
Але ўсе разумеюць, што Бабарыка і дагэтуль самы папулярны палітык у краіне. Людзі, якія сядзелі ў наваполацкай калёніі, расказваюць, што гэта ўсьведамляюць нават ахоўнікі, супрацоўнікі гэтай пэнітэнцыярнай установы.
Лукашэнка адчувае, што ўсьведамленьне незваротнасьці ягонай улады і ў асяродзьдзі намэнклятуры, і ў грамадзтве знаходзіцца пад сумневам прынамсі да таго часу, пакуль сымбаль альтэрнатывы жывы-здаровы. Гэта як ружжо, якое вісіць на сьцяне, але ў любы момант можа стрэліць.
Мала таго, Бабарыка не зламаўся, паводзіць сябе годна, адмовіўся эміграваць, не прызнаў віны, ня каяўся на відэа, ня просіць памілаваньня.
І ўлады разумеюць, што з усім гэтым трэба нешта рабіць. Вось і робяць. Кувалдай!
Умовы ягонай працы можна прыраўнаваць да катаваньняў. Бабарыку спачатку прызначылі працаваць у хлебапякарні, дзе тэмпэратура нават з выключанымі печамі перавышае 30 градусаў, а памяшканьне практычна не вэнтылюецца. Потым перавялі на цяжкую працу па выпальваньні драўнянага вугалю, да якой у вязьня ёсьць мэдыцынскія супрацьпаказаньні.
У апошні час ён увесь час знаходзіўся ў ШЫЗА. Акрамя таго, Бабарыку фактычна пазбавілі адвакатаў.
Таксама варта нагадаць, што за кратамі знаходзіцца ягоны сын Эдуард Бабарыка. Прычым хутка міне тры гады, як той пазбаўлены волі без усялякага суду. То бок улады нават не спрабуюць імітаваць нейкую законнасьць, а дэманструюць, што Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў ролі закладніка. Гэта таксама спосаб моцнага ціску на Віктара Дзьмітрыевіча.
Вось здароўе вязьня і ня вытрымала.
Яшчэ варта адзначыць, што расправы над галоўнымі палітычнымі праціўнікамі двух дыктатараў адбываюцца сынхронна ў Беларусі і Расеі. У РФ Аляксея Навальнага абвінавачваюць у тэрарызьме, яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. Там таксама кувалда занесена над галавой самага небясьпечнага суперніка Пуціна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.