Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візытэр, які можа дорага каштаваць Лукашэнку. Сустрэча з Пушыліным мяняе стаўленьне Кіева да рэжыму ў Менску


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзянісам Пушыліным у Менску, Беларусь. 18 красавіка, 2023 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзянісам Пушыліным у Менску, Беларусь. 18 красавіка, 2023 году

Першым вынікам скандалу вакол візыту кіраўніка «ДНР» Пушыліна ў Менск і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам стала рашэньне МЗС Украіны адклікаць свайго амбасадара зь Беларусі Ігара Кізіма «для кансультацый».

Але ці абмяжуецца справа толькі гэтым дыпляматычным дэмаршам?

Сьцісла:

  • Пагадзіўшыся прыняць Пушыліна, Лукашэнка пацярпеў значныя іміджавыя страты.
  • Гаворка ідзе пра магчымасьць і верагоднасьць зьмены тактыкі афіцыйнага Кіева адносна Беларусі.
  • Цяпер Украіна можа лабіяваць санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі.
  • Зьявілася рэальная падстава для беспасярэдніх стасункаў афіцыйнага Кіева з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.

Тое, што візыт у Менск кіраўніка самаабвешчанай і нядаўна анэксаванай Расеяй «ДНР» Дзяніса Пушыліна будзе мець непрыемныя наступствы, можна было не сумнявацца. Найперш гэта іміджавыя страты. Усім вонкавым назіральнікам відаць, як неахвотна Лукашэнка ішоў на прызнаньне так званых «ЛНР», «ДНР», як доўга ён ухіляўся ад гэтага, выкручваўся. І вось цяпер, пасьля візыту Пушыліна, усім стала зразумела, што яму моцна выкруцілі рукі, ці, як любіць гаварыць ён сам, «нахілілі».

Што ягоная залежнасьць ад Расеі моцна ўзрасла. Зразумела, на Захадзе рэпутацыя Лукашэнкі ніжэйшая за плінтус, там яму ўжо няма чаго губляць. Але ж ёсьць яшчэ Ўсход, Поўдзень, постсавецкая прастора. Адносінамі з краінамі гэтага рэгіёну афіцыйны Менск даражыць. А там пытаньні іміджу і рэпутацыі ўважліва адсочваюць.

Але сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным будзе мець ня толькі іміджавыя, але і практычныя наступствы. Найперш у беларуска-ўкраінскіх адносінах. Хоць, здавалася, падаць ім ніжэй няма куды. Аднак высьвятляецца, што ёсьць.

Першым вынікам гэтага скандалу стала рашэньне МЗС Украіны адклікаць свайго амбасадара зь Беларусі Ігара Кізіма «для кансультацый». Гэта такі дыпляматычны дэмарш. Прычым у заяве МЗС Украіны падкрэсьліваецца, што Дзяніс Пушылін «хаваецца ад украінскага сьледзтва за ўчыненьне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі». Гэта значыць, з гледзішча афіцыйнага Кіева Лукашэнка прыняў злачынцу.

Можна меркаваць, што гэтым справа не абмяжуецца і Ўкраіна пойдзе далей. Гаворка ідзе пра магчымасьць і верагоднасьць зьмены тактыкі афіцыйнага Кіева адносна Беларусі. Дасюль украінскае кіраўніцтва праводзіла палітыку, якую коратка можна выказаць словамі: не дражніць Лукашэнку, не правакаваць, ня «троліць» яго. Бо ён можа раззлавацца і накіраваць свае войскі ва Ўкраіну.

Але цяпер Лукашэнка сам перайшоў Рубікон. Ці стане візыт Пушыліна ў Менск трыгерам, які прывядзе да зьмены тактыкі? Неўзабаве даведаемся.

Калі тактыка зьменіцца, то гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы для афіцыйнага Менску.

Колькі часу таму хадзілі чуткі, якія злыя языкі выдавалі за праўду, нібы Ўкраіна лабіявала ў структурах ЭЗ рашэньне не ўключаць Беларусь у новыя пакеты санкцый. Праўда гэта ці не, але факт ёсьць фактам: у апошніх трох санкцыйных пакетах Беларусь не фігуравала.

А вось цяпер Украіна можа лабіяваць зусім іншы, процілеглы кейс у адносінах да Беларусі. І тады новыя санкцыі не за гарамі.

І, нарэшце, зьявілася рэальная падстава ўстанавіць наўпроставыя стасункі афіцыйнага Кіева з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай. І на парадку дня можа паўстаць тэма сустрэчы Ўладзімера Зяленскага са Сьвятланай Ціханоўскай, афіцыйнага прызнаньня яе паўнамоцным прадстаўніком беларускага народу. Ва ўсялякім разе, шанцы на гэта моцна павялічыліся.

Прычым адказ Кіева ў такім разе быў бы якраз сымэтрычным. Лукашэнка прымае адыёзнага лідэра сэпаратыстаў, ворага кіеўскай улады. Дык і Зяленскі мог бы прыняць галоўную апанэнтку беларускага дыктатара. Люстэркавы адказ. Якія тут могуць быць прэтэнзіі з боку Менску?

Такім чынам, цёплая сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным можа адчыніць скрынку Пандоры ў беларуска-ўкраінскіх адносінах.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG