Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літоўскія чыгункі» ў студзені-лютым адхілілі 9% заявак на грузы зь Беларусі праз падазрэньні ў абыходзе санкцыяў


Ілюстрацыйнае фота. Вагоны з калійнымі ўгнаеньнямі «Беларуськалію»
Ілюстрацыйнае фота. Вагоны з калійнымі ўгнаеньнямі «Беларуськалію»

Грузавая кампанія групы «Літоўскіх чыгунак» LTG Cargo у студзені-лютым адхіліла 9% з 3,7 тысячы заявак ад беларускіх прадпрыемстваў на перавозку грузаў.

Паводле кіраўніцы кампаніі Эгле Шыме, сёлета ў Літву не пусьцілі паўтары тысячы вагонаў пасьля падазрэньняў у магчымым абыходзе санкцый, паведамляе BNS.

«Адносна гэтага году, за першыя два месяцы мы атрымалі 3700 заявак на перавозку грузаў зь Беларусі. З гэтай колькасьці 9% адхілілі праз падазрэньні ва ўхіленьні ад санкцый», — сказала Шыме.

Агулам за першыя два месяцы на тэрыторыю Літвы не пусьцілі 453 вагоны. Часьцей за ўсё санкцыі спрабуюць абысьці пры перавозках драўніны, мэталяпрадукцыі, угнаеньняў і вугалю.

Дырэктар LTG resilience Эдвінас Керза паведаміў, што «Латвійская чыгунка» таксама была праінфармаваная аб спробах абысьці санкцыі. Паводле яго, праз Латвію ў Літву таксама вязуць угнаеньні, аднак у суседняй краіне выпадкаў абыходу санкцый не выяўлена, а апошні правераны груз быў з угнаеньнямі з Узбэкістану.

Першага сакавіка LTG Cargo паведаміла, што яшчэ больш узмацняе кантроль над грузамі, якія дастаўляюцца як зь Беларусі, а таксама зь іншых краінаў. Цяпер усе кліенты LTG Cargo, якія ажыцьцяўляюць шырокакалейныя чыгуначныя грузаперавозкі, павінны будуць даць дадатковыя дакумэнты і падрабязную інфармацыю аб грузах, а таксама паўторна падаць заяўкі на грузаперавозкі з трэціх краін.

Паводле «LTG Cargo», гэта дапаможа кампаніі «прадухіліць магчымыя спробы абыходу санкцыяў».

У лютым Літва затрымала вагоны з кантрабанднымі беларускімі азотнымі ўгнаеньнямі, якія мусілі трапіць зь Беларусі ў Дубай зь перавалкай у порце Клайпэды. Усяго затрымалі больш за 3000 тон карбаміду на суму звыш 2 мільёнаў эўра.

Падчас сьледчых дзеяньняў правялі ператрусы ў трох гарадах, затрымалі дваіх падазраваных. Згодна з расьсьледаваньнем, для транспартаваньня ўгнаеньняў выкарыстоўвалася кампанія прыкрыцьця «Тэхнаспэцтрэйдынг». Яна была зарэгістраваная ў Беларусі і не падпала пад санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG