Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія і азіяцкія біржавыя індэксы ўзьляцелі пасьля рашэньня Трампа адтэрмінаваць увядзеньне ўвазных мытаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Трэйдары на Нью-Ёркскай фондавай біржы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Трэйдары на Нью-Ёркскай фондавай біржы

Пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў адтэрмінаваць увядзеньне ўвазных мытаў у дачыненьні да большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў, кошты на акцыі амэрыканскіх і азіяцкіх кампаній рэзка пайшлі ўверх, піша «Настоящее время».

Індэкс S&P, самы рэпрэзэнтатыўны біржавы індэкс, які адлюстроўвае кошт акцыяў 500 кампаній, вырас больш чым на 9% — гэта найлепшы дзённы паказчык з часу фінансавага крызісу 2008 году.

Індэкс Dow Jones падрос на 7,8%, а індэкс акцыяў высокатэхналягічных кампаній Nasdaq узьляцеў больш як на 12%.

Адыгралі падзеньне і азіяцкія біржы. Японскі індэкс Nikkei 225 праз паўтары гадзіны таргоў вырас на 7,6%, паўднёвакарэйскі Kospi — на 5%, тайваньскі Taiex — на 9,25%, аўстралійскі ASX 200 — на 4,6%.

Расьлі і кітайскія біржы нягледзячы на тое, што Трамп павысіў для Кітая ўвазныя мыты да 125%. Індэкс Шанхайскай біржы SSE Shanghai Composite на адкрыцьці вырас на 1,3%, індэкс ганконгскай біржы Hang Seng — на 3%.

Днём раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра прыпыненьне на 90 дзён дзеяньня імпартных мытаў у дачыненьні да большасьці гандлёвых партнэраў ЗША: для іх будзе дзейнічаць мыта ў 10%, плюс раней уведзеныя 25-працэнтныя мыты на імпартныя аўтамабілі, сталь і алюміній. Адначасова мыты на кітайскі імпарт у ЗША павялічылі з 104 да 125%.

Паводле Трампа, такім чынам ён адрэагаваў на «змрочныя настроі», на страхі на фінансавых рынках. Некалькімі днямі раней прэзыдэнт Трамп і яго найбліжэйшыя эканамічныя дарадцы настойвалі на тым, што імпартныя мыты ўводзяць надоўга, яны важны інструмэнт эканамічнай палітыкі Дональда Трампа.

Падзеньне курсаў акцыяў на Уол-стрыт, якое пачалося ў канцы лютага ў адказ на пагрозу ўвядзеньня мытаў супраць асноўных гандлёвых партнэраў ЗША, зьмянілася абвалам, калі Белы дом пацьвердзіў намер увесьці самыя высокія за 90 гадоў імпартныя мыты на тавары з амаль 60 краін. За пяць дзён асноўныя біржавыя індэксы зьнізіліся на 10%. Некаторыя вядучыя фінансавыя аналітыкі зьмянілі пазытыўны эканамічны прагноз на гэты год для ЗША на нэгатыўны, папярэдзіўшы пра магчымасьць рэцэсіі.

  • 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%. Імпарт з краін Эўразьвязу ЗША абклалі 20-працэнтным мытам, для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў. Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
  • Кітайскія ўлады ў адказ заявілі, што тарыфы, устаноўленыя ЗША, «на аснове субʼектыўных і аднабаковых адзнак», не адпавядаюць правілам гандлю, наносяць сурʼёзны ўрон законным правам і інтарэсам адпаведных бакоў і «зьяўляюцца тыповай практыкай аднабаковага запалохваньня». 4 красавіка Кітай абʼявіў пра ўвядзеньне мытаў у памеры 34% на ўсе амэрыканскія тавары.
  • 8 красавіка прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт паведаміла, што прэзыдэнт ЗША прыняў рашэньне ўвесьці дадатковыя мыты ў 84% на ўвесь кітайскі імпарт, што павялічыць агульны памер мытаў да 104%. Новыя мыты на імпарт з Кітаю пачалі дзейнічаць 9 красавіка.
  • Кітай заявіў, што ў адказ на гэтыя меры павысіць мыты на амэрыканскія тавары да 84% з 10 красавіка.
  • 9 красавіка таксама стала вядома, што краіны Эўразьвязу прагаласавалі за прапанову Эўракамісіі аб увядзеньні гандлёвых контрмераў супраць ЗША, імі будуць абкладаць некаторыя віды тавараў, паведамляецца на сайце Эўракамісіі. Новыя мыты пачнуць спаганяць з 15 красавіка.
  • 9 красавіка Дональд Трамп заявіў «неадкладнае» павышэньне мытаў на імпарт тавараў з Кітаю да 125%. Разам з тым Трамп аб'явіў 90-дзённую паўзу з паніжаным мытам у 10% для краін, якія не ўжылі мераў у адказ супраць ЗША.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG