Грузавая кампанія групы «Літоўскіх чыгунак» «LTG Cargo» яшчэ больш узмацняе кантроль над грузамі, якія дастаўляюцца як зь Беларусі, так і зь іншых краінаў, паведамляе Delfi.lt са спасылкай на прэс-рэліз кампаніі.
З 1 сакавіка ўсе кліенты «Літоўскіх чыгунак», якія ажыцьцяўляюць шырокакалейныя чыгуначныя грузаперавозкі, павінны будуць даць дадатковыя дакумэнты і падрабязную інфармацыю аб грузах, а таксама паўторна падаць заяўкі на грузаперавозкі з трэціх краін. Паводле «LTG Cargo», гэта дапаможа кампаніі «прадухіліць магчымыя спробы абыходу санкцыяў», гаворыцца ў прэс-рэлізе.
«Выяўленыя выпадкі мабілізавалі ўвесь калектыў кампаніі — мы супрацоўнічаем зь іншымі інстытутамі, адказнымі за санкцыйны кантроль, мы напагатове і гатовыя рэагаваць. Зробім усё, што ад нас залежыць, каб па чыгунцы ў Літву не траплялі грузы, якія прыносяць карысьць краінам-агрэсарам», — заявіў старшыня праўленьня «LTG Cargo» Арнольдас Укенекас.
У выпадку ўзьнікненьня падазрэньня ў спробе абысьці санкцыі ці ў выпадку адмовы кліента даць які-небудзь з запрошаных дадатковых дакумэнтаў, кампанія будзе спыняць такія грузаперавозкі.
У лютым Літва затрымала вагоны з кантрабанднымі беларускімі азотнымі ўгнаеньнямі, якія мусілі трапіць зь Беларусі ў Дубай зь перавалкай у порце Клайпэды. Агулам затрымана больш за 3000 тон карбаміду на суму звыш 2 мільёнаў эўра.
Падчас сьледчых дзеяньняў правялі ператрусы ў трох гарадах, затрымалі дваіх падазраваных. Згодна з расьсьледаваньнем, для транспартаваньня ўгнаеньняў выкарыстоўвалася кампанія прыкрыцьця «Тэхнаспэцтрэйдынг». Яна была зарэгістраваная ў Беларусі і не падпала пад санкцыі.