Дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» апублікавала падрыхтаваныя «Менскпраектам» рэндэры магчымага выгляду пасьля рэканструкцыі турэмнага Пішчалаўскага замку ў Менску, вядомага беларусам як «Валадарка», дзе да нядаўняга часу месьціўся сьледчы ізалятар № 1.
Плянуецца, што пасьля рэканструкцыі Пішчалаўскі замак стане часткай экскурсійнага маршруту па гістарычным цэнтры Менску, піша агенцтва. На тэрыторыі пасьля рэканструкцыі зьявіцца шматфункцыянальны комплекс. Паводле канцэпцыі, захаваюць 5 пабудоваў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: сам замак, аднапавярховы будынак за ім і аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, сёньня схаваныя за агароджай. Пазьнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць. Дзякуючы гэтаму тэрыторыя стане адкрытай.
На тэрыторыі плянуюць зрабіць пляц для масавых імпрэзаў — канцэртаў, гістарычных рэканструкцыяў. Зьявяцца зона для шпацыру і паркінг, таксама прадугледзелі месца для мабільнай сцэны.
У будынках разьмесьцяцца абʼекты харчаваньня і адміністрацыйныя памяшканьні. Апэратарамі выступяць «Белкаапсаюз», бізнэс-цэнтар «Сталіца», ГЦ «Сталіца», кандытарская фабрыка «Камунарка», сеткі гатэляў «Мінатэль» і «Аква-Мінск».
Як рэканструююць замак і што ў ім разьмесьцяць пасьля
Падчас рэканструкцыі замку плянуюць цалкам абнавіць разбураную сьцяну і адну з нарожных вежаў. Высьветлілася, што падчас Другой усясьветнай вайны многія вокны і дзьверы замку часткова або ці цалкам замуравалі, а таксама прабілі новыя, таму падчас рэканструкцыі ўсё вернуць у аўтэнтычны стан. Плянуюць максымальна захаваць скляпеньні ў калідорах і памяшканьнях, адрэстаўраваць цэнтральныя мэталічныя сходы, захаваць і цяперашнія сьпіральныя сходы на адной зь вежаў, адкуль можна ўбачыць горад.
Асноўнае ўнутранае расплянаваньне замку крыху зьменіцца. Аналіз паказаў, што шмат якія перагародкі зьявіліся ў савецкі пэрыяд, а спачатку памяшканьні замку былі значна большыя. Позьнія перагародкі плянуюць разабраць, максымальна захаваўшы сьцены XIX стагодзьдзя.
На цокальным і першым паверхах замку будуць абʼекты грамадзкага харчаваньня з асобнымі ўваходамі. На другім і трэцім плянуюць адміністрацыйныя памяшканьні. Паводле аўтараў канцэпцыі, магчыма, там зьявяцца каворкінг, выстаўная галерэя, турыстычнае бюро ці іншыя офісы, арыентаваныя на абслугоўваньне кліентаў. Для працаўнікоў адміністрацыйнай зоны адкрыюць кавярню.
Уваходная зона і аднапавярховы корпус
Цяпер у комплексе ўздоўж вуліцы Валадарскага разьмяшчаюцца некалькі 2-павярховых будынкаў. Некаторыя зь іх раней былі аднапавярховымі, ім вернуць гістарычны маштаб.
Паводле галоўнага архітэктара праектаў УП «Менскпраект» Алега Сяргеева, забудова звонку нагадвае сьцяну замку, але з унутранага боку будуць памяшканьні. Дзьве аркі-ўваходы — не зусім гістарычна дакладнае рашэньне, але іх пакінуць для зручнасьці наведнікаў. Ва ўваходнай зоне плянуюць разьмясьціць абʼекты харчаваньня на 54 і 46 месцаў, адміністрацыю комплексу і некалькі офісаў, а таксама грамадзкую прыбіральню.
Аднапавярховы будынак у далейшай частцы тэрыторыі захаваецца, але яго зьменшаць да гістарычных габарытаў. Там разьмесьцяць рэстарацыю на 80 месцаў з магчымасьцю замаўляць банкеты.
Паводле канцэпцыі зроблены праект. Ня выключана, што падрыхтоўчыя будаўнічыя работы ў комплексе пачнуцца ўжо сёлета.
Пішчалаўскі замак (больш вядомы як «Валадарка») сёлета адзначае 200-годзьдзе. Летась усіх вязьняў адтуль перавялі ў новы сьледчы ізалятар у Калядзічах пад Менскам. Пішчалаўскі замак ад самага пачатку будаваўся як турма і заўсёды эксплюатаваўся як турма. За апошняе стагодзьдзе ў замку не было ніводнага рамонту. У 2008 годзе абвалілася адна з чатырох вежаў замку.
Гісторыя замку
У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову абшарніка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталя, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.
Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрогу з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.
Як адзначаў аўтар кнігі «Менскі турэмны замак» Зьміцер Дрозд, у сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала перамог у публічным тэндэры на гэты будынак, а сама турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (11 лютага) 1825 году.
Знакамітыя вязьні: ад Дунін-Марцінкевіча і Коласа да Пілсудзкага і Дзяржынскага
У вязьніцы трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.
У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціча Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі. Цюндзявіцкі быў пахаваны на месцы пакараньня, яго магіла хутка стала месцам паломніцтва і малітваў менчукоў, якія спачувалі паўстаньню. Таму яго неўзабаве перапахавалі.
На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.
Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў нефармальную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.
Да пачатку 2024 году тут быў СІЗА № 1.
З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.
Форум