Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў заклікае беларусаў вяртацца. Але толькі тых, «хто будзе ябацькамі яшчэ большымі, чым тыя, хто нас атачаюць»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

24 студзеня Лукашэнка праводзіў нараду па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі і зноў заклікаў беларусаў вяртацца.

Адна з тэмаў, якія разглядаюць на нарадзе, — што рабіць з тымі, хто зьехаў з краіны.

«Нам ня трэба ствараць дадатковыя пункты напружаньня ў нашым грамадзтве. Таму даручаў Адміністрацыі з удзелам грамадзкасьці гэтае пытаньне прапрацаваць і прапанаваць мэханізм магчымага рашэньня. Тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць для сваёй краіны, не павінны быць адкінутыя грамадзтвам. Гэта аксіёма. Гэта ня я прыдумаў. І калі мы людзі мудрыя і ўлада мае прыкметы мудрасьці, яна павінна ў такім ключы дзейнічаць. Нам трэба не закрывацца ад тых, хто спатыкнуўся, усьвядоміў гэта, а зрабіць крок насустрач», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

Аднак крокі насустрач улады зробяць толькі да тых, хто «будзе ябацькамі яшчэ большымі, чым тыя, хто нас атачае».

Ён падкрэсьліў неабходнасьць «індывідуальнага падыходу» да кожнага.

«Кожны, хто стаў на шлях выпраўленьня і хоча залагодзіць сваю віну, павінен мець шанец на разуменьне і ласку. Гэта датычыцца толькі тых, хто заслугоўвае гэтага прабачэньня. Ну а хто сьвядома пераступіў рысу закону, паставіў пад пагрозу чалавечыя жыцьці, пры падтрымцы заходніх спэцслужбаў працягвае дэструктыўную дзейнасьць супраць нашай краіны, будзе адказваць перад законам. Закон мы прывялі ў адпаведнасьць і дастаткова ўзмацнілі жорсткасьць.

Тым больш што асобныя з тых, хто туды пабег, узмацнілі жорсткасьць пазыцыі і зараз стаўку робяць на ўжываньне сілы і стварэньне незаконных ваенізаваных фармаваньняў. У такім выпадку зваротнай дарогі няма і ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што «трэба дакладна вызначыць, хто сапраўды перагледзеў свае погляды і хоча спакойна жыць, вучыцца і працаваць, а хто не». Пры гэтым Лукашэнка думае, што «некаторыя зь іх могуць скарыстацца нашымі крокамі насустрач, каб нанесьці пэўную шкоду».

Раней улады ўжо неаднаразова заклікалі беларусаў, якія пакінулі краіну праз палітычны перасьлед, вяртацца. 23 студзеня кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Анатоль Лапо паведаміў, што пры спробе ўезду ў Беларусь «выявілі 52 асобы, якія маюць прыкметы датычнасьці да экстрэмісцкай дзейнасьці». Гэта зазвычай беларусы, якія вярнуліся з-за мяжы, бо думалі, што на радзіме ім нічога ўжо не пагражае.

Пасьля праекту «Дарога дадому», які шырока рэклямавалі сілавікі ўзімку 2021 году, у сьнежні 2022 году праўладныя тэлеграм-каналы пачалі рэклямаваць «новы праект».

Яны заклікаюць хадзіць на сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі, фіксаваць іх на тэлефон, пазначаць геалякацыю і скідаць інфармацыю ў боты сілавікоў. Ці скарыстаўся хто гэтай прапановай, пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG