У Валгаградзе прайшло ўскладаньне кветак і вянкоў на Мамаевым кургане — помніку, прысьвечаным перамозе Савецкага Саюзу над нацысцкай Нямеччынай у 1945 годзе, героям Сталінградзкай бітвы. Сталінградам раней называўся Валгаград.
У цэнтры гораду зладзілі «сьвяточны калідор» для праезду картэжаў, а студэнтаў Валгаградзкага сацыяльна-пэдагагічнага ўнівэрсытэту вывелі на вуліцы з расейскімі сьцягамі. Што цікава, у Беларусі ў час прыезду Пуціна або 2 красавіка — на так званы «Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі» людзям раздаюць і расейскія сьцягі, а ў Валгаградзе чырвона-зялёныя сьцягі не роаздавалі, былі толькі расейскія, што можна бачыць і на здымках расейскіх СМІ зь месца падзей.
У калёне было каля 300 чалавек. Як піша «Новая газета-Европа», студэнты паведамілі рэдакцыі пра тры машыны, якім студэнтаў прымушалі махаць. Адна дзяўчына нахілілася на дарогу, і яе зьбілі на хуткасьці, сказала крыніца газеты. Пацярпелую адправілі ў лякарню.
У некаторых ВНУ у гэты дзень скасавалі пары або скарацілі іх — у горадзе пачалі «гасіць» інтэрнэт. Мясцовыя жыхары паведамілі праекту ASTRA, што не маглі датэлефанавацца па мабільнай сувязі і зайсьці ў сеціва.
Як піша V1.ru, у шматлікіх жыхароў Валгаграду таксама ўзьніклі праблемы з геалякацыяй.
На Кургане Лукашэнка гаварыў пра важнасьць помніць подзьвіг савецкага народу і пра тое, што Курган Славы ў Беларусі таксама захоўвае памяць пра тыя часы. Ён успомніў «справу аб генацыдзе беларускага народу», паводле якой у Беларусі сёньня судзяць даўно памерлых асоб, а падрабязнасьці судоў грамадзкасьці не раскрываюцца. Як і ў ранейшыя гады, Лукашэнка заявіў, што нікому не дазволіць «перапісваць гісторыю».
Адначасна ў Валгаградзе пачаўся форум так званай Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня». На ім Лукашэнка расказаў пра вайну, якая ўжо пачалася.
«Пачалася новая, чарговая вайна, паважаныя сябры. Яна пачалася, але не мы яе пачыналі. Наступны этап гэтай вайны — будзе вайна гарачая, сусьветная вайна з зброяй у руках. Мы гэтага ня хочам. Сёньня ідзе вайна ў сродках масавай інфармацыі».
Акрамя таго, Лукашэнка, як і ў ранейшыя гады, абвінаваціў у разьвязваньні вайны «нашчадкаў ІІІ Райху», якія зазналі паразы, а цяпер нібыта хочуць рэваншавацца. Палітык, якога ў Заходняй Эўропе адкрыта называюць «дыктатарам», асобна згадаў «латыскіх, літоўскіх і ўкраінскіх нацыстаў», якія нібыта праявілі найбольшую жорсткасьць у час вайны, якую беларускія прапагандысты на ўзор расейскіх называюць «Вялікай айчыннай».
Асабістая сустрэча Пуціна з Лукашэнкам пасьля афіцыйных цырымоній працягнулася за зачыненымі дзьвярыма.
Форум