Пакістан рыхтуе падачу дакумэнтаў у міжнародныя суды ў сувязі з прыпыненьнем Індыяй дзеяньня ключавой дамовы аб разьмеркаваньні рачных водаў. Напружанасьць паміж дзяржавамі-суседкамі ўзмацнілася пасьля нападу на турыстаў у Кашміры, які знаходзіцца пад кіраваньнем Індыі. Былі забітыя 26 чалавек.
Акіл Малік, дзяржаўны міністар у пытаньнях правасудзьдзя і юстыцыі, паведаміў агенцтву Reuters, што Ісламабад працуе над трыма рознымі юрыдычнымі варыянтамі, у тым ліку зьбіраецца ўзьняць пытаньне ў Сусьветным банку, які быў пасярэднікам дамовы.
Ён таксама разглядае магчымасьць прыняцьця захадаў у Пастаяннай палаце арбітражу або ў Міжнародным судзе ў Гаазе, дзе можа сьцьвярджаць, што Індыя парушыла Венскую канвэнцыю аб праве міжнародных дамоваў 1969 году.
«Кансультацыі па прававой стратэгіі амаль завершаныя», — сказаў Малік, дадаўшы, што рашэньне аб тым, якія справы разглядаць, у Ісламабадзе прымуць «неўзабаве».
Чыноўнікі водных рэсурсаў Індыі не адразу адказалі на запыт аб камэнтары.
Індыя на мінулым тыдні прыпыніла дзеяньне Дамовы аб водах Інду 1960 году, падпісанага пры пасярэдніцтве Сусьветнага банку, пасьля нападу ў Кашміры, заявіўшы, што прыпыненьне будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль «Пакістан пераканаўча і незваротна не адмовіцца ад сваёй падтрымкі трансгранічнага тэрарызму».
Ісламабад адмаўляе любую датычнасць да нападу, у якім загінулі 26 чалавек.
Індыя заяўляе, што двое з трох нападнікаў, якіх яна ідэнтыфікавалі, былі з Пакістану. Ісламабад тады ж адказаў, што «любая спроба спыніць плынь вады, якая належыць Пакістану, будзе разглядацца як акт вайны».
Пакістан таксама прыпыніў увесь гандаль з Індыяй і закрыў сваю паветраную прастору для індыйскіх авіякампаній.
Дзьве з трох войнаў, якія ішлі паміж Індыяй і Пакістанам з моманту атрыманьня незалежнасці ў 1947 годзе, былі за Кашмір, якім яны абодва кіруюць часткова, але прэтэндуюць на яго цалкам. Дамова — гэта пагадненьне аб разьмеркаваньні і выкарыстаньні водаў з ракі Інд і яе прытокаў, якія забясьпечваюць 80% ірыгацыйных патрэбаў сельскай гаспадаркі і гідраэнэргетыкі Пакістану. Дамова дзейнічае да гэтага часу, нягледзячы на войны і іншыя пэрыядычныя ўспышкі варожасьці паміж дзьвюма краінамі.
Малік дадаў, што чацьвертым дыпляматычным варыянтам, які разглядае Ісламабад, зьяўляецца ўзьняцьце гэтага пытаньня ў Радзе Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
«Дзеяньне дамовы ня можа быць прыпынена ў аднабаковым парадку і ня можа быць адкладзена, у дамове няма такога пункту», — сказаў Малік.
Урадавыя чыноўнікі і экспэрты з абодвух бакоў кажуць, што Індыя ня можа неадкладна спыніць паток вады, бо дамова дазваляе ёй будаваць толькі гідраэлектрастанцыі бяз значных сховішчаў вады або грэбляў на трох рэках, адведзеных Пакістану.
Але сытуацыя можа пачаць мяняцца празь некалькі месяцаў, і фэрмэры, якія ўжо пацярпелі ад недахопу вады, зьвязанага зь зьмяненьнем клімату, выказалі занепакоенасьць.
Форум