Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Безь беларускіх пашпартоў яны пачнуць зьвярэць і паднімуць Ціханоўскую на вілы». Дзеля чаго Лукашэнка пазбаўляе «зьбеглых» грамадзянства


Фрыт’яф Нансэн, Аляксандар Лукашэнка, Мсьціслаў Растраповіч, Галіна Вішнеўская. Каляж
Фрыт’яф Нансэн, Аляксандар Лукашэнка, Мсьціслаў Растраповіч, Галіна Вішнеўская. Каляж

​​​​​​​У хуткім часе многія беларусы, якія пасьпелі ўцячы за мяжу ад палітычнага перасьледу на радзіме, могуць застацца без пашпартоў: Лукашэнка ажыцьцявіў сваю даўнюю пагрозу і на пачатку студзеня падпісаў адпаведны закон.

Рэжым зьбіраецца пазбаўляць беларусаў адзінага грамадзянства, атрыманага пры нараджэньні. Зроблена гэта ня толькі для таго, каб адпомсьціць ворагам і ўскладніць жыцьцё «беглым».

Як атрымалася, што ў краіне, дзе, паводле Канстытуцыі, «ніхто ня можа быць пазбаўлены грамадзянства», гэта грамадзянства цяпер можа быць адабранае толькі за тое, што чалавек удзельнічаў у мірных пратэстах і спрабаваў абараніць сваё права на справядлівыя выбары?

У сыстэме, выбудаванай Лукашэнкам у Беларусі, вырашальную ролю пры прыняцьці падобных рашэньняў адыгрываюць ягоныя асабістыя жаданьні і прыярытэты. Ведаючы нораў дыктатара і ягонае непрыхаванае і неўтаймоўнае жаданьне помсьціць за падзеі 2020 года, няцяжка здагадацца, якія спосабы помсты падказваюць паслужлівыя чыноўнікі, каб найбольш дагадзіць гаспадару. Пазбаўленьне грамадзянства — адзін з такіх радыкальных спосабаў паквітацца з палітычнымі ворагамі. Але ня толькі.

Ня толькі помста

Да адной толькі помсты задума з пазбаўленьнем «беглых» пашпартоў яўна ня зводзіцца. Няхітрая схема, якая выпрацоўвалася ў сілавых ведамствах у 2022–2023 гадах, потым абмяркоўвалася на сакрэтных нарадах і нарэшце ўвасобілася ва ўхваленых Лукашэнкам зьменах у закон «Аб грамадзянстве», абапіралася на наступную аргумэнтацыю (цытую нядаўнюю публікацыю ў прапагандысцкім рупары рэжыму «СБ. Беларусь сегодня», аўтар якой яўна ў курсе папярэдніх абмеркаваньняў гэтай праблемы):

«Як толькі зьявяцца першыя людзі бяз пашпарта, яны адчуюць на сабе ўсе „выгоды“ такога ганебнага статусу... Сьвет для такога суб’екта звужаецца да памераў той краіны, у якой ён захрас. Бяз пашпарта не купіць авіяквіток, не прайсьці мытны і памежны кантроль... Няма пашпарта — няма мэдычнай страхоўкі, немагчыма заключаць грамадзянскія дамовы, у тым ліку найму жытла... Чалавек бяз пашпарта спачатку ўпадае ў адчай, а потым пачынае зьвярэць. І менавіта гэты момант больш за ўсё напружвае „катлетныя“ штабы і мэдыйна раскручаных іхных жыхароў. Ім самы час задумвацца аб узмацненьні аховы сваіх няшчасных тушак».

Сапраўдная мэта, як бачым, ня зводзіцца толькі да банальнага жаданьня ўскладніць жыцьцё і стварыць мноства побытавых праблемаў. Лёгіка тут такая: спачатку праз пазбаўленьне пашпартоў выклікаць «паніку і гістэрыку» ў шырокіх масах «беглых» («Чалавек бяз пашпарта спачатку ўпадае ў адчай, а потым пачынае зьвярэць»); а пазьней гэтыя даведзеныя да адчаю людзі павінны ўзбаламуціць усё асяродзьдзе «беглых» і дэзарганізаваць «штабы» («справы аб пазбаўленьні грамадзянства могуць стаць той апошняй кропляй, пасьля якой у паствы „катлетных“ штабоў узьнікне стойкае жаданьне падняць сваіх учорашніх куміраў на вілы... І вось гэтага канчатковага падзелу кухаркі зь Вільнюса, алькадыпляматы з Варшавы ды іншы зброд баяцца як агню»).

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021 году
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021 году

Увогуле, такое ўражаньне, што ставілася пэўная мэта: максымальна падвысіць градус канфрантацыі і супрацьстаяньня, расьціснуць «беглых», дэмаралізаваць іх, выклікаць унутраны разлад, сваркі, канфлікты, а ў канчатковым выніку — прымусіць каяцца прыніжацца і ўрэшце дасягнуць жаданай, агучанай Лукашэнкам у 2022 годзе, мэты: «Дамоў, паўзком, на каленях — і каяцца».

Уяўныя перавагі дыктатуры

Разьлік тут, як і ў многіх іншых рэпрэсіўных мерах супраць іншадумцаў, на тое, што дэмакратыя зь яе непарушным вяршэнствам права і грувасткімі бюракратычнымі працэдурамі бясьсільная перад поўнай расьперазанасьцю і бескантрольнасьцю дыктатуры. Рэжым кшталту лукашэнкаўскага за лічаныя дні можа ўвасобіць у законы і ўказы любыя людаедзкія фантазіі дыктатара: і грамадзянства ў іншадумца адабраць, і кватэру канфіскаваць, і дзяцей у прытулак накіраваць. Дэкаратыўны «парлямэнт» паслухмяна і без усялякага абмеркаваньня аднагалосна ўхваліць любое рашэньне тырана.

Лукашэнка доўга ішоў да гэтай ідэальнай для сябе формы дзяржаўнага ўладкаваньня. Памятаю, як у 2002 годзе, калі яшчэ толькі фармаваліся абрысы будучай дыктатуры, ён у адказ на рэпліку аднаго замежнага журналіста «Паводле Канстытуцыі, вы ня можаце балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін....» перапыніў яго фразай: «Хто вам сказаў, што я чагосьці не магу?»

Мітынг супраць рэфэрэндуму, які даваў Лукашэнку прабава балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Менск, 19 кастрычніка 1996 года
Мітынг супраць рэфэрэндуму, які даваў Лукашэнку прабава балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Менск, 19 кастрычніка 1996 года

І ён такі ажыцьцявіў усё задуманае: Канстытуцыя неаднаразова перапісвалася пад усе ягоныя амбіцыі і пажаданьні. Ні парлямэнт, ні суд, ні СМІ ў пабудаванай ім сыстэме не выконваюць ніякай істотнай самастойнай ролі.

Але разьлік на тое, што беларуская дыктатура можа рабіць што заўгодна, а заходнія дэмакратыі нічога ня здольныя супрацьпаставіць гэтаму, глыбока памылковы. Так, сур’ёзныя рашэньні на Захадзе рэдка прымаюцца хутка, прыняцьце любога закону займае значны час, а бюракратычныя працэдуры патрабуюць нямала высілкаў і цярпеньня. Але гэта толькі на першы погляд выглядае заганай, на тле якой дыктатура зь яе імгненнымі рашэньнямі здаецца непераможнай.

Насамрэч непарушнасьць закону, улік усіх меркаваньняў, працяглыя дыскусіі і адпрацаваныя працэдуры вядуць урэшце да таго, што рашэньні, якія прымае ўлада ў дэмакратычнай краіне, справядлівыя і гуманныя. Незалежна ад таго, чаго гэтыя рашэньні датычаць. Тое, што Лукашэнка ў адно імгненьне пазбавіць грамадзянства палітычных ворагаў і яны застануцца сам-насам са сваімі праблемамі, безабароннымі і кінутымі на волю лёсу, — глыбокая памылка дыктатара. А чым скончыцца для Лукашэнкі ўся гэта авантура, падказвае не такая ўжо далёкая гісторыя.

Фрыт’яф Нансэн адказвае расейскім бальшавікам

Масава пазбаўляць грамадзянства сваіх палітычных супернікаў першым дадумаўся не Лукашэнка, а ягоныя ідэйныя папярэднікі, расейскія бальшавікі. 15 сьнежня 1921 года бальшавіцкі ўрад прыняў адпаведны дэкрэт, падпісаны Леніным: аб пазбаўленьні права на атрыманьне савецкага грамадзянства асобаў, якія эмігравалі за мяжу. Прынцып быў просты. Выехаў з Расеі без дазволу савецкай улады пасьля 7 лістапада 1917 года? Пражыў за мяжой больш за пяць гадоў і не зьвярнуўся за гэты час па савецкі пашпарт? Служыў на баку «белых» альбо быў у шэрагах «контрарэвалюцыйных арганізацый»? Значыць, пазбаўляесься права мець «малаткасты, сярпасты» дакумэнт з чырвонай вокладкай. І такім чынам застаесься ўвогуле без пашпарта, паколькі той краіны, грамадзянамі якой дагэтуль лічыліся расейскія эмігранты — Расейскай імпэрыі — больш не існавала.

Фрыт’яф Нансэн з жонкай Эвай
Фрыт’яф Нансэн з жонкай Эвай

«Белая» эміграцыя на той момант складала ўжо амаль 2 мільёны чалавек. Амаль усе яны ў выніку рашэньня бальшавікоў станавіліся асобамі без грамадзянства. Якімі былі мэты Леніна і ягоных аднадумцаў, якія дадумаліся да такога? Ды прыблізна такімі ж, як і ў Лукашэнкі: адпомсьціць ненавісным ворагам, у тым ліку максымальна ўскладніць ім жыцьцё на Захадзе; ачысьціць пралетарскае грамадзтва ад клясава варожых элемэнтаў; прысабечыць іхную ўласнасьць (адрозна ад сёньняшніх беларускіх палітуцекачоў, «белая эміграцыя» пачатку 1920-х была надзвычай заможнай, ёй было што губляць).

Без пашпартоў ворагі бальшавіцкага рэжыму заставаліся нядоўга. Яшчэ ў сярэдзіне 1921 года Ліга нацый стварыла інстытут Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў. Камісарам быў прызначаны вядомы нарвэскі навуковец, падарожнік і грамадзкі дзяяч Фрыт’яф Нансэн (той самы, які ў маладосьці кіраваў экспэдыцыямі да Паўночнага полюсу, потым змагаўся за незалежнасьць сваёй роднай Нарвэгіі, а ў сталыя гады стаў барацьбітом за правы ўцекачоў).

Пашпарт уцекача і партрэт Нансэна
Пашпарт уцекача і партрэт Нансэна

Нансэн прапанаваў ідэю так званага «нансэнаўскага пашпарта» — дакумэнта, які б замяніў агульнаграмадзянскі пашпарт для тых асобаў, якія з розных прычынаў былі пазбаўлены грамадзянства. Задуманае было хутка ажыцьцёўлена. Дакумэнт выконваў фактычна ўсе функцыі звычайнага пашпарта. Першымі яго атрымалі якраз тыя дзясяткі тысяч расейскіх эмігрантаў, якіх бальшавікі пазбавілі права на грамадзянства. А ўсяго «нансэнаўскіх пашпартоў» было выдадзена каля 450 000 штук. Пашпарт прызнавалі больш за 50 краін сьвету — фактычна ўсе ўдзельнікі Лігі нацый.

Сярод уладальнікаў «нансэнаўскага пашпарта» былі былыя падданыя Расейскай імпэрыі — сусьветна вядомыя асобы, імёны якіх маглі б стаць гонарам для любой нацыі: Марк Шагал, Ігар Стравінскі, Анна Паўлава, Іван Бунін, Уладзімір Набокаў, Сяргей Рахманінаў, Ільля Рэпін, Зінаіда Серабракова, Уладзімір Жабацінскі...

Помнік Нансэну ў Саратаўскай вобласьці, ён дапамагаў тут ахвярам голаду пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году
Помнік Нансэну ў Саратаўскай вобласьці, ён дапамагаў тут ахвярам голаду пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году

Што сталася потым з уладальнікамі «нансэнаўскіх пашпартоў»? Праз год-другі яны сталі паўнапраўнымі грамадзянамі сваіх новых краін — пераважна Францыі, але таксама Турэччыны, Югаславіі, Латвіі, Чэхаславакіі, Баўгарыі, Грэцыі, атрымалі грамадзянства і новыя пашпарты... Для гэтых краін сотні тысяч адукаваных, энэргічных, творчых эмігрантаў сталі несумненным здабыткам: яны хутка і без усялякіх праблемаў асыміляваліся на новай радзіме і сталі працаваць дзеля яе дабрабыту.

Ураджэнец Віцебска Марк Шагал меў пашпарт Нансэна
Ураджэнец Віцебска Марк Шагал меў пашпарт Нансэна

Фрыт’яф Нансэн за сваю гуманістычную дзейнасьць, накіраваную на дапамогу ўцекачам, быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру за 1922 год.

Да сёньняшніх дзён «нансэнаўскі пашпарт» не дажыў, але ён стаў правобразам так званага «жэнэўскага пашпарта» (які яшчэ называюць за колер вокладкі «сінім» ці «блакітным») — Праязнога дакумэнту ўцекача, ратыфікаванага Канвэнцыяй ААН 1951 году. Уладальнік гэтага пашпарта можа свабодна, бязь візаў падарожнічаць па ўсіх краінах, якія падпісалі канвэнцыю, а гэта больш як100 дзяржаў сьвету (Рэспубліцы Беларусь да гэтай лічбы далёка). Менавіта на такі пашпарт (і яшчэ на «пашпарт іншаземца») могуць разьлічваць усе тыя беларусы, якіх рэжым Лукашэнкі пазбавіць грамадзянства.

«Зганьбілі высокае званьне грамадзяніна СССР»

Колькі каштавала страта інтэлектуальнай эліты для маладой савецкай рэспублікі? У першыя дзесяцігодзьдзі бальшавіцкай дыктатуры пра гэта, выглядае, ня надта задумваліся (асабліва на тле наступных масавых палітычных рэпрэсій 30-х гадоў). А вось у позьнім брэжнеўскім СССР высновы з папярэдняга досьведу зрабілі. І хоць норма пра магчымасьць пазбаўленьня савецкага грамадзянства ў законе 1978 года засталася, але што гэта была за норма? Ні пра якое масавае пазбаўленьне грамадзянства размовы ўжо не было. Адабраць у чалавека савецкі пашпарт магчыма было толькі «ў выключным выпадку па рашэньні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, калі асоба зьдзейсьніла дзеяньні, якія ганьбяць высокае званьне грамадзяніна СССР і наносяць шкоду прэстыжу ці дзяржаўнай бясьпецы СССР».

Амаль кожны такі выпадак разглядаўся на самым высокім узроўні, кіраўніцтвам КДБ, а часта і на Палітбюро ЦК КПСС з удзелам «асабіста таварыша Брэжнева».

Уладзімір Войнавіч, пазбаўлены грамадзянства СССР, і Сяргей Даўлатаў
Уладзімір Войнавіч, пазбаўлены грамадзянства СССР, і Сяргей Даўлатаў

Савецкае грамадзянства ў 70-я гады адабралі ў сусьветна вядомых пісьменьнікаў Аляксандра Салжаніцына (1974), Васілія Аксёнава (1980) і Ўладзіміра Войнавіча (1981); філёзафа і пісьменьніка Аляксандра Зіноўева (1978), опэрнай сьпявачкі Галіны Вішнеўскай і яе мужа, віялянчэліста Мсьціслава Растраповіча (1978), шахматыста Віктара Карчнога (1978), актора і рэжысэра Юрыя Любімава (1984)...

Газэта «Известия» ў нумары за 16 сакавіка 1978 года, расказваючы аб прычынах пазбаўленьня савецкага грамадзянства Растраповіча і Вішнеўскай, пісала:

«У замежных паездках М.Л. Растраповіч і Г.П. Вішнеўская вялі антыпатрыятычную дзейнасьць, ганьбілі савецкі грамадзкі лад, званьне грамадзяніна СССР. Яны сыстэматычна аказвалі дапамогу варожым СССР замежным арганізацыям. Так, у 1976–1977 гады яны далі некалькі канцэртаў, грашовыя зборы ад якіх пайшлі на карысьць белаэмігранцкіх арганізацый».

...У канцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў фактычна ўсім гэтым асобам ня толькі вярнулі савецкае (пазьней — расейскае) грамадзянства, але і папрасілі прабачэньня, прызналі памылкі, узнагародзілі найвышэйшымі расейскімі ордэнамі і званьнямі, вярнулі адабраную ўласнасьць, уладкавалі на прэстыжныя пасады, многіх на самым высокім афіцыйным узроўні назвалі гонарам і сумленьнем нацыі і паставілі помнікі ... Што адметна: Вішнеўская і Растраповіч адмовіліся атрымліваць савецкія пашпарты, заявіўшы, што не прасілі ні адбіраць, ні вяртаць грамадзянства. Так да канца жыцьця і пражылі са швайцарскімі пашпартамі. Неяк перабіліся... Адмовіўся ад вернутага грамадзянства і сусьветна вядомы шахматыст Віктар Карчной, хаця і стаў рэгулярна наведвацца на радзіму.

Віктар Карчной з жонкай Петрай і Кларай Каспаравай, 1994
Віктар Карчной з жонкай Петрай і Кларай Каспаравай, 1994

Нават дзіўна, што Лукашэнка распачынае кампанію пазбаўленьня грамадзянства сваіх палітычных супернікаў, ведаючы ўсе гэтыя гісторыі, якія адбываліся ў гады ягонай маладосьці, фактычна ў яго на вачах. Зрэшты, кожны дыктатар разьлічвае на тое, што ён хітрэйшы, мудрэйшы, вынаходлівейшы за папярэднікаў. Але фінал у такіх рэжымаў і такіх кампаній чамусьці заўсёды вельмі падобны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG