У выніку з трох аб’ектаў удалося прадаць толькі адзін — у Магілёве, піша гандлёвая пляцоўка «БелЮрЗабесьпячэньне».
На аўкцыёне ў Магілёве прадалі ізаляванае памяшканьне па адрасе: пр-т Міру, 6-8, плошчай 388,8 кв. м. Стартавая цана там была — 734 тыс. рублёў. У выніку памяшканьне пайшло з малатка даражэй за стартавую цану — за 770,7 тыс.
Месца, дзе была клініка, разьмешчана побач з гандлёвым цэнтрам на скрыжаваньні пр-ту Міру і вул. Касманаўтаў. Там аддзяленьні банкаў, вялікая крама «Скрыжаваньне», шмат іншых гандлёвых пунктаў і кавярня.
Вядома таксама, што на аўкцыён выстаўлялі аўтамабілі, што належалі клініцы.
Што да двух іншых памяшканьняў — у Горадні і Гомлі, то па іх таргі не адбыліся. У Горадні быў толькі адзін удзельнік, а ў Гомлі іх не было ўвогуле, ды і кошт у гэтым горадзе быў даволі высокім — 1,14 млн рублёў.
Міністэрства аховы здароўя пазбавіла клініку «Новы зрок» ліцэнзіі ў 2023 годзе. Нагодай сталі парушэньні заканадаўства аб ліцэнзаваньні. А яе ўладальнік — прадпрымальнік Алег Каўрыгін — даўно выехаў зь Беларусі. Восеньню 2024-га яго завочна прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Форум