Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цела вернутай Украіне журналісткі расейцы вярнулі бяз часткі органаў. Яе катавалі


Вікторыя Рошчына, архіўнае фота
Вікторыя Рошчына, архіўнае фота

Расея вярнула Ўкраіне цела журналісткі Вікторыі Рошчынай са сьлядамі катаваньняў і безь некаторых органаў, гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні «Ўкраїнскої правди», «Важных историй», францускага кансорцыюму журналістаў Forbidden Stories і яшчэ больш як дзесяці СМІ.

Вікторыя Рошчына асьвятляла поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. У жніўні 2023 году яна зьнікла ў час паездкі ў акупаваны Марыюпаль, і толькі ў траўні 2024 году Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што журналістку затрымалі і яна знаходзіцца ў Расеі. У кастрычніку таго ж году бацькі атрымалі апавяшчэньне аб яе сьмерці.

Паводле расейскіх уладаў, яна памерла ў час этапу з Таганрогу ў Маскву. Яе сукамэрніца ў СІЗА-2 Таганрогу расказала, што Рошчына, калі яна яе там бачыла, важыла ўсяго 30 кіляграмаў, яе катавалі токам, а на яе целе былі рубцы ад нажавых раненьняў.

Цела Вікторыі Рошчынай перадалі Кіеву ў лютым 2025 году. Журналісты даведаліся, што яе цела даставілі ў морг Віньніцы ў пакеце з надпісам «НМ СПАС 757» (НМ — неапазнаны мужчына, СПАС — сумарнае паражэньне артэрый сэрца). Калі пакет раскрылі, у ім было цела жанчыны «ў стане глыбокай замарозкі і з прыкметамі кахексіі» (глыбокага зьнясіленьня); на галёнцы была бірка — «7390 Рощина В. В.»

Прадстаўнік офісу генэральнага пракурора Ўкраіны Юрый Белавусаў расказаў, што па выніках судова-мэдыцынскай экспэртызы былі выяўлены «шматлікія прыкметы катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, у прыватнасьці ранкі і кровападцёкі на розных частках цела, зламанае рабро, пашкоджаньне шыі і магчымыя сьляды ад прымяненьня электратоку на ступнях».

Таксама выявілася, што пад’язычная костка Рошчынай была зламаная, а ў яе целе, якое Расея перадала Ўкраіне, адсутнічалі некаторыя органы — вачніцы, мозг і частка гартані, паведаміла блізкая да расьсьледаваньня гібелі журналісткі крыніца.

Судмэдэкспэрт, які папрасіў не называць яго імя, выказаў меркаваньне, што выдаленьне некаторых органаў можа быць спробай расейскіх уладаў схаваць тое, што журналістку задушылі.

«Выдаляць гартань у час ускрыцьця — нестандартная практыка. Гартань можа быць добрым доказам удушэньня. Калі чалавека душаць, у яго часьцей за ўсё ламаецца пад’язычная косьць. Пры ўдушэньні ў бялках вачэй можна выявіць крывацёк, а ў мозгу — недахоп кіслароду», — адзначыў ён.

Расея часам вяртае целы палонных украінцаў без унутраных органаў. Гэта, паводле слоў яшчэ аднаго суразмоўцы журналістаў, «можа быць спосабам схаваць сьляды гвалту».

У Расеі канфіскацыю органаў тлумачаць пратаколам абыходжаньня зь целамі загінулых.

З-за стану цела, паведаміў Юрый Белавусаў, украінскім экспэртам пакуль не ўдалося ўстанавіць дакладную прычыну сьмерці Вікторыі Рошчынай. Прычына сьмерці таксама не пазначаная і ў лісьце Міністэрства абароны Расеі, які атрымаў бацька журналісткі.

Расьсьледнікі ўказваюць, што там няма ні пасьведчаньня аб сьмерці, ні іншых дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць яе гібель. Бацька Вікторыі Ўладзімір Рошчын некалькі разоў пісаў звароты ў расейскія ведамствы, спрабуючы даведацца, што здарылася зь ягонай дачкой, але ні на адно зь іх не атрымаў зьмястоўнага адказу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG