Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 сьнежня: у Менску судзяць маці і дачку за «зьліў» дадзеных сілавікоў

абноўлена

Іна і Валерыя Глінскія
Іна і Валерыя Глінскія

Сілавікі ў Беларусі амаль штодня затрымліваюць людзей за праявы салідарнасьці з Украінай і асуджэньне расейскай ваеннай агрэсіі.

У Менску судзяць маці і дачку за «зьліў» дадзеных сілавікоў

У Менскім гарадзкім судзе 26 сьнежня распачаўся працэс над палітзьняволенымі супрацоўніцамі МТБанку Інай і Валерыяй Глінскімі. Маці і дачку судзяць за перадачу ў 2020 годзе дадзеных сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі».

Ім інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці);
  • ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных);
  • арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй).

Справу разглядае судзьдзя Тацяна Фалькоўская. Маці і дачку амаль год утрымліваюць у СІЗА-1. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Падсудныя заявілі, што ў іх не было мэты «распальваць варожасьць».

У справе праходзяць пяцёра пацярпелых — супрацоўнікі міліцыі і судзьдзя. Адна з іх — супрацоўніца Партызанскага РУУС Менску Ліліяна Жылянкова, якая асабіста з маці прыйшла на суд. У адной з прыватных мэдыцынскіх установаў, у якой раней абслугоўвалася супрацоўніца Партызанскага РУУС, нібыта сказалі, што цяпер міліцыянтцы ў мэдыцынскіх паслугах адмаўляюць.

Прызнаная пацярпелай у справе Ліліяна Жылянкова — удзельніца катаваньняў пратэстоўцаў у Фрунзэнскім РУУС 12 жніўня 2020 году. Яна трапіла на відэа, зьнятае ў спартовай залі, на якое трапілі зьдзекі сілавікоў зь людзей. У прыватнасьці, яна пагражала аднаму з пратэстоўцаў, што ягоныя дзеці вырастуць бяз бацькі і няхутка наогул пабачаць яго.

Лідзкаму тэрапэўту Андрэю Красьніку прысудзілі 3,5 гады калёніі па шэрагу «пратэставых» артыкулаў

Папярэдне было вядома, што 55-гадовага тэрапэўта прыёмнага пакою Лідзкай гарадзкой бальніцы Андрэя Красьніка затрымалі за камэнтары і «лайкі», якія ён пакідаў у сацыяльных сетках яшчэ ў 2020 годзе. Аднак пазьней яму выставілі абвінавачаньне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 366 — гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы;
  • ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • ч. 1 арт. 368 — абраза Лукашэнкі;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, мужчына разьмясьціў публікацыі з абразьлівымі выказваньнямі і пагрозай прымяненьня гвалту ў дачыненьні да Лукашэнкі, а таксама прынізіў паўнамоцтвы прадстаўніка ўлады — вайсковага камісара Гомельскай вобласьці.

Акрамя таго, ён нібыта «публікаваў на сваёй старонцы экстрэмісцкія паведамленьні, накіраваныя на арганізацыю парушэньня працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў і арганізацый».

Судзьдзя Аляксандар Мішуроў прызнаў Красьніка вінаватым і пастанавіў пакараць яго 3 гадамі і 6 месяцамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Затрымалі стыліста

ГУБАЗіК затрымаў стыліста Ігара Кароліка за відэа ў падтрымку Ўкраіны — яго прымусілі прасіць прабачэньня ў «братоў-славянаў», пішуць праваабаронцы «Вясны».

Відэа зь ім зьявілася на старонцы Ігара ў TikTok. На ім Кароліка прымусілі сказаць, што ён нібыта «падтрымліваў фашысцкую ідэалёгію».

Рэжым Лукашэнкі адкрыта выступае на баку Расеі ў захопніцкай вайне з Украінай. Ёсьць нямала сьведчаньняў, што ў кабінэтах і калідорах ГУБАЗіКу ёсьць плякаты ў падтрымку Расеі і вайны.

Тры гады ў калёніі за пост у сацсетках пра Лукашэнку

У Горадзенскім раённым судзе асудзілі Руслана Красава паводле ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі).

Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Дзьмітры Грышын пакараў Руслана 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Сьледзтва заявіла, што Руслан Красаў зь лютага 2017 па лістапад 2020 году разьмясьціў на сваёй старонцы ў «Аднаклясьніках» публікацыі з абразьлівымі выказваньнямі ў адрас Лукашэнкі, у тым ліку з абвінавачаньнямі ў забойстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG