Кітайскі кіраўнік сфармуляваў задачы сусьветнага лідэрства Кітая, які знаходзіцца пад узьдзеяньнем усё больш неспрыяльных вонкавых і ўнутраных фактараў:
- мірнае ўзьяднаньне з Тайванем становіцца ўсё менш рэальным, змушаючы Пэкін рыхтавацца да вайны;
- становішча ў сьвеце атручваюць «злосныя сілы»;
- кампартыю разьядае «ракавая пухліна» карупцыі.
Узброеныя сілы
«Мы будзем працаваць хутчэй, каб мадэрнізаваць ваенную тэорыю, падрыхтоўку вайскоўцаў і ўзбраеньня. Мы павялічым стратэгічны вайскковы патэнцыял», – прыводзіць словы старшыні Кампартыі Associated Press.
Незалежнасьць Тайваня
Самыя гучныя аплядысмэнты прагучалі, калі Сі Цзіньпін зноў заявіў аб нязгодзе зь незалежнасьцю Тайваня. «Мы працягнем дамагацца мірнага ўзьяднаньня з Тайванем. Але мы ніколі ня будзем абяцаць адмаўляцца ад выкарыстаньня сілы. І мы пакідаем за сабой права ўжыць усе неабходныя меры», — сказаў старшыня.
Эканоміка
Сі Цзіньпін назваў сваім прыярытэтам ператварэньне КНР у магутную тэхналягічную і індустрыяльную дзяржаву. Ён паабяцаў, што Кітай даб'ецца тэхналягічнай «самадастатковасьці і моцы» за кошт разьвіцьця адукацыйнай сыстэмы і запрашэньня замежных экспэртаў.
Карупцыя ў кампартыі
«Карупцыя — гэта самая вялікая ракавая пухліна, якая ставіць пад пагрозу жыцьцяздольнасьць і баяздольнасьць партыі», — папярэдзіў Сі Цзіньпін, назваўшы найбольш эфэктыўным сродкам «самарэфармаваньня партыі» барацьбу з хабарніцтвам.
- Каля 2300 дэлегатаў з усёй краіны сабраліся ў Вялікай залі народных сходаў на плошчы Цяньаньмэнь ва ўмовах узмоцненай бясьпекі.
- Чакаецца, што на зьезьдзе Сі Цзіньпіня перавыберуць на трэці тэрмін. 69-гадовы Сі Цзіньпін знаходзіцца ва ўладзе дзесяць гадоў. Раней з Канстытуцыі краіны прыбралі абмежаваньне на два тэрміны для старшыні Кітая — традыцыйна гэтую пасаду займае генэральны сакратар ЦК КПК.
- Пасьля ўражлівага росту апошніх дзесяцігодзьдзяў кітайская эканоміка перажывае няпростыя часы. Было зафіксавана агульнае запаволеньне тэмпу росту ВУП. У першым квартале сёлета ён склаў 4,8%, а па выніках першага паўгодзьдзя абваліўся да 2,5% (у другім квартале ВУП КНР паказаў надзвычай нізкія тэмпы росту — усяго 0,4%). Хоць меркаваны паказчык тэмпаў эканамічнага росту Кітая на 2022 год складае каля 5,5%, МВФ у сваім кастрычніцкім дакладзе панізіў прагноз росту ВУП Кітая па выніках гэтага году да 3,2%.