Суд у М’янме 12 кастрычніка прысудзіў зрынутай лідэрцы Аўн Сан Су Чы яшчэ 3 гады пазбаўленьня волі праз абвінавачаньні ў атрыманьні хабару, паведаміла крыніца, знаёмая з сытуацыяй, піша Reuters.
77-гадовай ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі, ключавой постаці ў апазыцыі вайсковаму кіраўніцтву, пагражаюць абвінавачаньні мінімум у 18 правапарушэньнях, пачынаючы ад хабарніцтва і заканчваючы выбарчымі парушэньнямі, з агульным максымальным тэрмінам пазбаўленьня волі амаль на 190 гадоў.
Аўн Сан Су Чы назвала абвінавачаньні ў свой адрас абсурднымі і не прызнала сваю віну. Яе ўтрымліваюць у адзіночнай камэры ў сталіцы краіны Нэйп’ідо, якая стала галоўным горадам М’янмы ў 2005-м пасьля пераносу сталіцы зь Янгону. Суды над апазыцыянэркай праходзяць у закрытым рэжыме.
Апошнія абвінавачаньні былі зьвязаныя з атрыманьнем хабару ад бізнэсоўца. Палітыку прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі паводле двух артыкулах. Апанэнты вайсковай хунты сьцьвярджаюць, што абвінавачаньні супраць Аўн Сан Су Чы накіраваныя на тое, каб ня даць ёй больш ніколі ўдзельнічаць у палітыцы або кідаць выклік вайсковым уладам пасьля леташняга перавароту.
Прэс-сакратар хунты не адказваў на тэлефанаваньні журналістаў з просьбай даць камэнтар. Цяперашнія ўлады М’янмы настойваюць на тым, што суды ў дзяржаве зьяўляюцца незалежнымі і арыштаваныя атрымліваюць належную прававую працэдуру.
У пачатку сьнежня 2021 году Аўн Сан Су Чы, якая кіруе Нацыянальнай лігай за дэмакратыю, была асуджана на 4 гады зьняволеньня. Пазьней дзяржаўная тэлевізія краіны паведаміла, што пасьля частковага памілаваньня кіраўніком прызначанага вайскоўцамі ўраду ёй скарацілі тэрмін пакараньня з чатырох гадоў да двух.
Тады Аўн Сан Су Чы абвінавацілі ў парушэньні дзяржаўнай тайны, нелегальным увозе партатыўнай прыёмаперадавальнай тэхнікі, выкарыстаньні гэтай апаратуры безь дзяржаўнай рэгістрацыі, парушэньні рэжыму надзвычайнага становішча і атрыманьні хабару. Яе арыштавалі 1 лютага проста ў кабінэце, з таго моманту да суду яе ніхто ня бачыў.
Аднак прысуд, паводле прадстаўніка цяперашняй улады, вынесьлі ў выніку за распаўсюд іншадумства супраць вайскоўцаў і парушэньне каранавірусных абмежаваньняў.
У студзені 2022 апазыцыйнаму палітыку прысудзілі яшчэ 4 гады зьняволеньня. Агулам яна правяла больш за 15 гадоў пад хатнім арыштам з 1989 па 2010 гг. за сваю прадэмакратычную дзейнасьць і ў красавіку 2016 году пасьля выбараў заняла пасаду дзяржаўнага дарадцы Мʼянмы. У 1991 годзе ёй была прысуджана Нобэлеўская прэмія міру, а годам раней — прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава.
У лютым 2021 годзе вайскоўцы зрабілі пераварот, які скончыўся іхным посьпехам і зрынаньнем Аўн Сан Су Чы, якая з 2011 году займала розныя пасады ў краіне (была міністаркай замежных спраў, кіраўніцай канцылярыі прэзыдэнта і прэм’ер-міністаркай). Дзеяньні хунты падтрымалі Расея і Кітай.