Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны ацанілі, як Расея можа выкарыстаць Беларусь для вайны супраць Украіны


Украінскі сьцяг на захопленым расейскім танку
Украінскі сьцяг на захопленым расейскім танку

ISW: Крэмль можа выкарыстаць дадатковыя расейскія сілы ў Беларусі, каб затрымаць украінскае войска ля Кіева.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зрабілі высновы з расейскіх масавых абстрэлаў украінскай тэрыторыі 10 кастрычніка і паспрабавалі прадказаць, як расейцы будуць выкарыстоўваць цяпер тэрыторыю Беларусі.

Расейскі складнік Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ), пра разгортваньне якой заявіў Лукашэнка напярэдадні, складаецца з частак 1-й гвардзейскай танкавай арміі, 20-й агульнавайсковай арміі і паветрана-дэсантных частак — злучэньняў, якія панесьлі цяжкія баявыя страты ва Ўкраіне і маюць моцна зьніжаную баяздольнасьць, заяўляюць у ISW.

Раней Інстытут ацаніў, што ўкраінскія паведамленьні, што Беларусь рыхтуецца прыняць 20 000 мабілізаваных расейскіх мужчын, сьведчаць пра тое, што Расея спадзяецца выкарыстаць беларускія вайсковыя аб’екты і інфраструктуру для ўтрыманьня і патэнцыйнай падрыхтоўкі новых мабілізаваных расейскіх сілаў. Але застаецца вельмі малаімаверным, што гэта вядзе да непазьбежнага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны ад імя Расеі.

Крэмль можа паспрабаваць выкарыстаць дадатковыя расейскія сілы ў Беларусі, каб затрымаць украінскія сілы каля Кіева і прадухіліць іх перадысьлякацыю ў іншае месца для ўдзелу ў контранаступе. ISW раней ацэньвала, што Лукашэнка ня можа дазволіць сабе ўнутраныя наступствы беларускага ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне. ISW таксама ацэньвае, што Расея ня мае магчымасьці хутка сфармаваць наземныя ўдарныя сілы з нуля або з існых у Беларусі частак. Украінскі Генштаб паведаміў, што не назірае прыкмет фармаваньня наступальных груповак расейскіх сіл у Беларусі і прама заявіў, што «пагрозы нападу з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па стане на 10 кастрычніка няма».

10 кастрычніка расейскія войскі нанесьлі масіраваны ракетны ўдар па больш чым 20 гарадах, уключаючы Кіеў. Украінскі Генштаб паведаміў, што расейскія войскі выпусьцілі больш за 84 крылатыя ракеты і правялі 24 атакі бесьпілётнікамі, 13 зь якіх былі нанесены з дронаў іранскай вытворчасьці Shahed- 136. Украінская супрацьпаветраная абарона зьбіла 43 крылатыя ракеты, 10 іранскіх бесьпілётнікаў і 3 бесьпілётнікі неўстаноўленых марак.

Расейскія войскі нанесьлі ракетныя пускі з 10 стратэгічных бамбавікоў, якія дзейнічалі ў Касьпійскім моры і зь Ніжняга Ноўгараду, балістычных ракетных комплексаў малой далёкасьці «Іскандэр» і 6 ракетаносцаў у Чорным моры. Расейскія войскі запускалі бесьпілётнікі «Шахед-136» з тэрыторыі Крыма і Беларусі. Украінскія СМІ паведамляюць, што расейскія ракетныя ўдары прыпалі па 70 аб’ектах, у тым ліку 29 аб’ектах крытычнай інфраструктуры, 4 шматпавярховых дамах, 35 жылых дамах і школе.

У Галоўным упраўленьні вайсковай выведкі Ўкраіны (ГУР) паведамілі, што Пуцін плянаваў гэтую атаку яшчэ да выбуху на Керчанскім мосьце, і калі гэта праўда, то можа азначаць, што Пуцін плянаваў гэтую атаку для супрацьдзеяньня контранаступу ўкраінскіх войскаў па маршруце Харкаў — Ізюм — Ліман.

Расейскія атакі 10 кастрычніка выкарысталі частку расейскай высокадакладнай зброі, запасы якой скарачаюцца, супраць цывільных аб’ектаў, а ня супраць важных з вайсковага пункту гледжаньня аб’ектаў. Пры гэтым Міністэрства абароны Расеі заявіла, што войскі пасьпяхова выканалі задачу па нанясеньні ўдараў па ўкраінскіх вайсковых камандных цэнтрах, інфраструктуры сыгналізацыі і энэргетычных сыстэмах ва Ўкраіне. Аднак фатаздымкі, што зьявіліся ў сацсетках, паказваюць, што расейцы нанесьлі ўдары па дзіцячай пляцоўцы, парку, нямецкім консульстве і бізнэс-цэнтры сярод іншых невайсковых аб’ектаў.

Расейскія атакі на ўкраінскую энэргасыстэму наўрад ці зломяць волю Ўкраіны змагацца, затое выкарыстаньне Расеяй сваіх абмежаваных паставак высокадакладнай зброі ў гэтай ролі можа пазбавіць Пуціна магчымасьці сарваць бягучыя ўкраінскія контранаступальныя дзеяньні ў Херсонскай і Луганскай абласьцях, лічаць экспэрты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG