На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі вайсковы экспэрт Юры Фёдараў.
Сьцісла
- Разгортваньне рэгіянальнай групоўкі пакуль не азначае ўступленьня беларускага войска ў вайну.
- Паводле расейскіх экспэртаў, рэальна Беларусь можа выставіць для вайны 7–8 тысяч баяздольных вайскоўцаў.
- Лукашэнка разыгрывае спэктакль, дэманструючы гатоўнасьць прыкрываць сьпіну «саюзнай дзяржавы» ад ілюзорнага нападу NATO.
- На адкрыцьцё яшчэ аднаго фронту вайны з Украінай у Пуціна проста няма падрыхтаваных рэзэрваў.
- Украіне немэтазгодна наносіць удары па Беларусі, бо яна не зацікаўленая ў адкрыцьці яшчэ аднаго фронту вайны.
Фёдараў
- Мяркую, што стварэньне рэгіянальнай групоўкі пакуль не азначае ўступленьня беларускага войска ў вайну. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што гэтая групоўка будзе знаходзіцца хутчэй на заходняй, чым на паўднёвай мяжы Беларусі. Мяркуецца, што гэтая групоўка будзе супрацьстаяць мітычнай пагрозе з боку Захаду.
- Уступаць у вайну з Украінай ён не зьбіраецца. Рыторыка Лукашэнкі выглядае даволі гістэрычнай. Ён казаў, што нейкія сілы ва Ўкраіне рыхтуюцца да нападу на Беларусь, але лепш ім гэтага не рабіць, бо адказ будзе жахлівы.
- Украіна не зьбіраецца нападаць на Беларусь. Аднак, відаць, ускладніліся адносіны Лукашэнкі з Пуціным, які выкручвае яму рукі, прымушаючы ўступіць у вайну.
- Але Лукашэнка адказвае ў звыклым стылі: ён робіць гучныя заявы, за якімі нічога не стаіць, і гатовы прыкрываць сьпіну «саюзнай дзяржавы» ад ілюзорнага нападу NATO. Такі спэктакль разыгрываецца ня першы раз.
- Сэнс гэтага спэктакля — ня даць Пуціну магчымасьці спыніць эканамічную падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
- Нядаўна яму было абяцана 1,5 мільярда даляраў. Спэктакль разыгрываецца найперш для Пуціна.
- Паводле апытаньняў, толькі нязначная частка беларусаў падтрымлівае ўдзел Беларусі ў вайне. Гэтая ідэя ў краіне надзвычай непапулярная. Таму для беларускага грамадзтва такі спэктакль бессэнсоўны.
- Лукашэнка разумее, што падобныя яго заявы могуць выклікаць нэрвовую рэакцыю ў Кіеве. Але мяркую, што там рэалістычна ацэньваюць гэтае маханьне кулакамі.
- Калі размова ідзе пра Пуціна, трэба чакаць самага кепскага. Але калі кажуць пра імавернасьць новага нападу на Ўкраіну з поўначы, то адкуль ён возьме войскі для гэтага? Усё, што ў яго ёсьць, кінута на існыя франты ва Ўкраіне.
- Рэзэрваў у яго практычна няма, адсюль і гэтая хаатычная мабілізацыя, і сёньняшнія абстрэлы, і прызначэньне камандуючага апэрацыяй. Але знайсьці дадатковыя, скажам, 30 тысячаў, як гэта было ў лютым, проста няма адкуль.
- Адсутнасьць рэзэрваў у Расеі робіць уварваньне празь Беларусь маларэальным.
- Калі гаварыць пра ўдзел беларускіх войскаў у вайне, усе вайсковыя экспэрты кажуць, што для гэтага беларускія войскі павінны быць «праслоеныя» расейскімі войскамі, інакш іх здольнасьць ваяваць будзе вельмі абмежаваная.
- Магчыма, тыя некалькі тысячаў расейцаў, якія прыедуць у Беларусь, будуць там рыхтаваць, вучыць. На гэта патрабуецца пару месяцаў. Але за гэты час на фронце можа адбыцца шмат чаго.
- Правакацыю з уяўным нападам Украіны на Беларусь расейскія ўлады маглі б зладзіць. Але расейскія экспэрты казалі, што ў беларускіх сухапутных сілах ёсьць толькі 4 больш-менш баяздольныя брыгады. Зь іх максымум 2 можна вылучыць для вайны ва Ўкраіне. Гэта 7–8 тысячаў чалавек.
- Яны асуджаныя на паразу з прычыны суадносінаў сілаў на мяжы Беларусі і Ўкраіны і розьніцы баявога досьведу.
- Расейскія праўладныя экспэрты адзначалі, што баявы дух беларускіх войскаў будзе на гэтай вайне надзвычай нізкі. Гэта адзін з фактараў, якія стрымліваюць і Маскву, і Менск ад таго, каб кінуць беларускае войска ў вайну.
- Паказьнікам таго, што яшчэ адзін фронт вайны будзе адкрыты, стала б стварэньне аб’яднанага камандаваньня гэтай рэгіянальнай групоўкі.
- У Беларусі да апошняга часу супраціўляліся стварэньню абʼяднаных структураў кіраваньня войскамі.
- Яшчэ адным індыкатарам плянаў удару па Ўкраіне з поўначы будзе зьяўленьне баяздольных расейскіх вайскоўцаў у колькасьці ня менш за 10 тысячаў і ня менш як 150 танкаў.
- А пакуль мы бачым адваротны рух вайсковай тэхнікі — зь Беларусі ў Расею, на існыя франты.
- Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Ўкраіны выдатна разумее, што ўкраінскія ўдары па тэрыторыі Беларусі могуць выклікаць уступленьне Беларусі ў вайну. Удзел беларускіх сухапутных войскаў у вайне скончыцца іх паразай, але ў цяперашняй сытуацыі ва Ўкраіны таксама не бясконцыя падрыхтаваныя рэзэрвы. І сьвядома адкрываць другі фронт было б бессэнсоўным.
- Зразумела, гарачыя галовы ёсьць паўсюль. І можна зразумець украінцаў, якія абураныя ўдарамі з тэрыторыі Беларусі.
- І Зяленскі, і Залужны — ня тыя людзі, якія паддаюцца эмоцыям. Прынамсі, яны свае эмоцыі добра кантралююць.