Сьцісла:
- Расея патрабуе ад Беларусі больш актыўнага ўдзелу ў сваёй агрэсіі.
- Апошнія заявы беларускіх афіцыйных асобаў вельмі нагадваюць Casus belli — фармальную падставу для абвяшчэньня вайны.
- Разгортваньне аб’яднанай рэгіянальнай групоўкі азначае, што беларускае войска можа быць адпраўлена на вайну бяз згоды палітычнага кіраўніцтва Беларусі.
- Лукашэнка робіць рашучы крок у кірунку ўцягваньня Беларусі ў вайну.
Як і можна было чакаць, Расея ў якасьці помсты за падрыў Крымскага моста стала інтэнсіўна абстрэльваць буйныя ўкраінскія гарады, уключна з Кіевам.
Якую ролю ў гэтым акце «адплаты» вызначылі Беларусі?
Калі супаставіць факты, то ўжо не выклікае сумневу, што Расея патрабуе ад Беларусі больш актыўнага ўдзелу ў сваёй агрэсіі, больш пасьлядоўнага выкананьня саюзніцкага абавязку. Пра гэта сьведчаць практычныя дзеяньні афіцыйнага Менску апошнім часам.
Пасьля перамоваў з Пуціным у Сочы Лукашэнкі тэрмінова наведаў Абхазію, а потым, па вяртаньні ў Менск, адразу 4 кастрычніка правеў нараду ў пытаньнях вайсковай бясьпекі ў Міністэрстве абароны. Пасьля чаго кіраўнікі сілавых структур правялі брыфінг для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ з выкладаньнем афіцыйнай пазыцыі. Мілітарысцкая ліхаманка ўзмацняецца, ва ўсякім разе, на ўзроўні рыторыкі.
А 7 кастрычніка на палях нефармальнага саміту СНД у Санкт-Пецярбургу з нагоды юбілею Пуціна адбылася восьмая сёлета сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі. Перамовы ішлі цягам гадзіны. Можна меркаваць, што гэта быў працяг іхнай нядаўняй няскончанай дыскусіі ў Сочы.
Важна заўважыць, што на наступны дзень, 8 кастрычніка, у МЗС Беларусі быў запрошаны амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім, якому ўручылі дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна нібыта плянуе напад на тэрыторыю Беларусі. Зьвяртае на сябе ўвагу тая тэрміновасьць, зь якой быў зроблены гэты дыпляматычны дэмарш. Амбасадар Украіны быў выкліканы ў МЗС увечары выходнага дня.
Назаўтра, у нядзелю 9 кастрычніка, на тэлеканале СТВ зьявілася заява старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоля Лапо, што нібыта ўкраінцы ўзарвалі практычна ўсе памежныя масты і замінавалі дарогі, «цэляцца ў нашых памежнікаў, часам страляюць у паветра».
Можна меркаваць, што гэта стала прамым наступствам перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Пад ціскам Масквы Менск ідзе на максымальнае абвастрэньне адносін з Украінай.
10 кастрычніка Лукашэнка праводзіць нараду ў пытаньнях бясьпекі, на якой таксама абвінавачвае Ўкраіну ў тым, што тая плянуе напад на Беларусь. Апошнія заявы беларускіх афіцыйных асобаў вельмі нагадваюць Casus belli — фармальную падставу для абвяшчэньня вайны.
Але галоўная інфармацыя, якую агучыў Лукашэнка, яшчэ больш злавесная. Высьвятляецца, што яны з Пуціным дамовіліся падчас перамоваў у Санкт-Пецярбургу аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Што гэта азначае на практыцы? Паводле двухбаковых дамоваў, такая групоўка разгортваецца ў пагражальны пэрыяд пад адзіным камандаваньнем. У Беларусь прыбываюць тысячы расейскіх вайскоўцаў. Зь якой мэтай яны прыбываюць? Як варыянт — дзеля атакі на Ўкраіну.
Хто будзе камандаваць гэтай аб’яднанай рэгіянальнай групоўкай? Расейскі ці беларускі генэрал? Калі расеец, то беларускае войска можа быць адпраўлена на вайну бяз згоды палітычнага кіраўніцтва Беларусі?
І ці гатовы Лукашэнка адмовіцца ад пасады галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Беларусі на карысьць расейскага генэрала?
Гэта ўсё пытаньні, на якія пакуль няма адказу. Але Лукашэнка робіць рашучы крок да ўцягваньня Беларусі ў вайну. Можа, і не па сваёй волі. Але што тады застаецца ад беларускага сувэрэнітэту?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.