Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраваць амбасадай ЗША ў Кіеве прызначылі дыпляматку, якую раней прызначалі ў Беларусь, але ўлады не далі візы


Джулію Дэйвіс Фішэр. Вільня, 2022
Джулію Дэйвіс Фішэр. Вільня, 2022

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў дыпляматку Джулію Дэйвіс Фішэр часовым павераным у справах Злучаных Штатаў ва Ўкраіне.

Пра гэта паведаміла на брыфінгу 1 траўня прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнта Тэмі Брус, якую цытуе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Яна вітала падпісаньне пагадненьня аб эканамічным партнэрстве паміж дзьвюма краінамі, адзначыўшы, што, паводле Дональда Трампа, супрацоўніцтва паміж амэрыканскім і ўкраінскім народамі павінна прадэманстраваць «прыхільнасьць абодвух бакоў трываламу міру і дабрабыту ва Ўкраіне».

«Па гэтых прычынах прэзыдэнт Трамп і дзяржаўны сакратар Рубіё прызначылі амбасадарку Джулію Дэйвіс часовым павераным у справах у Кіеве ў гэты крытычны час, калі мы рухаемся да мірнага пагадненьня, каб спыніць кровапраліцьце», — сказала яна.

Брус дадала, што Джулія Дэвіс — дасьведчаная дыпляматка, яна займала ключавыя пасады апошнія 30 гадоў. Зь лютага 2023 года яна займала пасаду амбасадара ЗША на Кіпры.

«Гэты момант патрабуе найлепшых чыноўнікаў Дзяржаўнага дэпартамэнта, і амбасадар Дэйвіс — гэта выбар прэзыдэнта і дзяржаўнага сакратара», — дадала прэс-сакратарка.

У амбасадзе ЗША ў Кіеве ўдакладнілі, што Джулія Дэйвіс пачне выконваць свае абавязкі 5 траўня:

«На гэтай пасадзе яна будзе ўпарта працаваць над спыненьнем вайны і кровапраліцьця, умацоўваючы двухбаковыя адносіны і робячы Амэрыку і Ўкраіну больш бясьпечнымі, мацнейшымі і квітнеючымі».

Да свайго цяперашняга прызначэньня Джулія Дэйвіс Фішэр была амбасадаркай ЗША на Кіпры, а раней — амбасадарам і спэцыяльным пасланьнікам у Беларусі.

У сьнежні 2020 года Джулія Дэйвіс Фішэр прызначылі першым амбасадарам ЗША ў Беларусі за больш чым дзесяць гадоў. Аднак яна так і не прыехала ў Беларусь, улады якой не далі ёй візы і адклікалі агрэман з-за пазыцыі ЗША, што выступілі з жорсткай ацэнкай прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і масавых рэпрэсій.

У выніку дыпляматка стала спэцыяльным пасланьнікам і працавала ў Вільні. У чэрвені 2022 года яна пакінула гэтую пасаду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG