Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера падкасту «Красаўцы». Як сілавікоў рыхтавалі да вайны з народам


Падкаст «Красаўцы»
Падкаст «Красаўцы»

Першая частка падкасту «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае пра беспрэцэдэнтную выбарчую кампанію, падчас якой у беларусаў упершыню ўзьнікла вера ў перамогу над аўтарытарызмам, а таксама пра тое, як сілавікі спрабавалі стрымаць народны ўздым.

УВАГА! У падкасьце ёсьць нецэнзурная лексыка.

Анатоль Котаў (былы супрацоўнік Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта):

«Ціханоўскую зарэгістравалі дзеля сьмеху. Інакш гэта патлумачыць проста немагчыма. Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі, і трэба было знайсьці некага для біцьця, каб атрымаць вельмі лёгкую перамогу. Насамрэч, калі б не аб’яднаньне трох штабоў, калі б не было адзінства, якое ў выніку стала сымбалем пратэсту, і пратэставага галасаваньня, нічога б не атрымалася».

Сьвятлана Алексіевіч (пісьменьніца):

«Перад 9 жніўня я была за горадам, пісала новую кнігу пра каханьне, знаходзілася абсалютна ў іншай прасторы. І раптам прыяжджаю на рынак, на Камароўку — і не магу зразумець, што адбываецца, нібы ня мой горад. Падыходжу да людзей, пытаюся.... Адказваюць: я гадзіну ехала на электрычцы паставіць подпіс. І я прайшла гэтую чаргу да канца, да мэблевай крамы, далей. Гэта былі незнаёмыя мне людзі. Раней у мяне было адчуваньне, што ў нас нічога ня зьменіцца, што гэта нейкая кома, у якой мы будзе доўга знаходзіцца. А тут я гавару і не пазнаю людзей. Яны кажуць, што трэба мяняць, трэба нешта рабіць, хто заўгодна, толькі ня ён».

Сьвятлана Ціханоўская (былая кандыдатка ў прэзыдэнты):

«Увесь гэты час у мяне было пачуцьцё страху — ты ня ведаеш, як дзейнічаць, што рабіць, ты апынуўся тут зусім выпадкова, першы крок быў дзеля мужа. Але потым, калі я ўбачыла тыя шматтысячныя чэргі — ты разумееш, што нешта пачало адбывацца. І ўсе астатнія крокі, якія я рабіла, калі я не змагла пасьля пагроз адысьці, бо я не магла ня быць побач зь беларусамі ў той момант».

Андрэй Астаповіч (былы сьледчы Сьледчага камітэту):

«Да выбараў я не адсочваў навіны палітыкі, увогуле нуль. Калі нешта і адбывалася канкрэтна, то я гэта асабліва не заўважыў прыблізна да моманту затрыманьня Ціханоўскага, а пасьля Бабарыкі. Калі іх пачалі затрымліваць, тады я пачаў нешта праглядаць на ютубе, ролікі „Честных людей“, паглядзеў выступы кандыдатаў. Трошкі зацікавіўся, і літаральна адразу пайшлі „вагнэраўцы“, гэта датычыла супрацоўнікаў майго аддзелу, да якіх я быў камандзіраваны. Падымалі па трывозе».

Аляксандар Азараў (былы супрацоўнік ГУБАЗіК і выкладчык Акадэміі МУС):

«Мы ведаем, што ГУБАЗіК займаўся Ціханоўскім, 3-е ўпраўленьне, Бабарыкам — 1-е ўпраўленьне. Раней ГУБАЗіК так актыўна не займаўся, ён толькі працаваў у апошні дзень, калі былі выбары. Да гэтага ўсе мерапрыемствы праводзіў КДБ. Тут мы бачым, што ўсё кардынальна памянялася. Улады чакалі нечага, відаць, разумелі, што ў альтэрнатыўных кандыдатаў вялікая падтрымка».

Толькі аўдыё:

Падкаст «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Новыя часткі шасьцісэрыйнага падкаст-сэрыялу зьяўляюцца кожны аўторак.

Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»

Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.

Падкаст... Што гэта?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

У падкасьце выкарыстаныя запісы тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства, якія рабілі спэцслужбы Беларусі. Гэтыя файлы зьявіліся ў сеціве дзякуючы групоўцы «Кібэрпартызаны» і ініцыятыве «Байпол». Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыёзапісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG