У судзе над ім і яго паплечнікамі цяпер перапынак.
Пра галадоўку Аўтуховіча напісала сёньня ў сваім Інстаграме дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская:
«Мікалай Аўтуховіч — чалавек зь велізарнай сілай волі. Ён трымае сухую галадоўку і абыходзіцца бязь ежы і вады ўжо 12 дзён. Учора стан яго здароўя пагоршыўся, ён вельмі моцна абязводжаны. Мікалай абвясьціў галадоўку, таму што яго пазбавілі лістоў — нават ад маці. Спыніць яго галадоўку вельмі лёгка — вярнуць яму ўсе лісты. Сам Мікалай Аўтуховіч яе ня спыніць, таму што ў адрозьненьне ад сілавікоў ён ведае, што такое гонар і годнасьць і як іх абараніць».
Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае зьняволеньне.