Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьмянілі парадак здаваньня іспыту на ​​правы кіроўцы. Што мяняецца


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла зьмены ў Інструкцыю аб парадку прыёму кваліфікацыйных іспытаў на права кіраваньня транспартнымі сродкамі, зацьверджаную пастановай № 67 у лютым 2011 году. Зьмены тычацца парадку арганізацыі іспытаў, умоваў іх правядзеньня і патрабаваньняў да тых, хто хоча здае на працы.

Дакумэнт ужо набыў сілу. Адна з асноўных зьменаў у ім — спрашчэньне практычнага іспыту ў горадзе. Калі раней у ім было восем абавязковых пунктаў ацэнкі, цяпер іх стала тры:

  • Праезд па дарозе, якая мае дзьве і больш паласы для руху ў адным напрамку (пры іх наяўнасьці) з максымальна дазволенай хуткасьцю, а таксама захаваньнем бясьпечнай дыстанцыі і інтэрвалаў;
  • Выкананьне прынамсі аднаго развароту на нерэгуляваным скрыжаваньні;
  • Выкананьне прынамсі аднаго левага павароту на скрыжаваньні.


Са сьпісу зьніклі пункты «праезд скрыжаваньня па дарозе, якая перасякаецца галоўнай дарогай», «праезд рэгуляваных і нерэгуляваных скрыжаваньняў», «праезд пешаходных пераходаў і прыпыначных пунктаў маршрутных транспартных сродкаў», «уменьне правільна ацэньваць дарожную абстаноўку». Левых паваротаў на скрыжаваньні раней падчас іспыту трэба было выканаць ня менш за два — цяпер прынамсі адзін.

Іспыт на катэгорыю «B» будуць праводзіць на аўтадроме і ў рэальных умовах дарожнага руху. Катэгорыя «C» таксама ўключае абодва этапы, але пры наяўнасьці катэгорыі «B» — толькі ва ўмовах рэальнага дарожнага руху (у горадзе). Пры здачы на катэгорыю «D» іспыт будуць праводзіць выключна ва ўмовах рэальнага дарожнага руху. Пры выпрабаваньнях на катэгорыі «BE», «CE» і «DE» іспыт прымаюць толькі на аўтадроме.

Парадак здачы паўторнага іспыту пасьля пазбаўленьня правоў залежыць ад наяўнасьці катэгорыі ў папярэднім пасьведчаньні. Яго праводзяць ва ўмовах рэальнага дарожнага руху на адпаведным транспарце.

У сьпісе зьменаў зьявіўся пункт, у якім удакладняецца, што экзамэнатар павінен аб’явіць вынік практычнага іспыту на аўтадроме («здаў» або «ня здаў») і праставіць яго ў АІС ДАІ не пазьней за пяць хвілін пасьля выкананьня кіроўцам, які здае іспыт, усіх элемэнтаў мотадрому.

Іспыт будзе лічыцца здадзеным, калі дапушчана ня больш за дзьве памылкі.

Навучальныя арганізацыі абавязаны загадзя накіроўваць у рэгістрацыйна-экзамэнацыйныя падразьдзяленьні (РЭП) сьпісы навучэнцаў з указаньнем усіх неабходных зьвестак. Дату і месца правядзеньня іспыту вызначаюць РЭП не пазьней за 10 працоўных дзён пасьля атрыманьня сьпісаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG