Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скумбрыя па 27 рублёў, пэрсікі па 14». Як беларусы жывуць з санкцыямі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Беларуская эканоміка пачынае паступова адчуваць на сабе ўплыў санкцый. Ці заўважылі яго беларусы? Пра гэта Свабода пагутарыла з пакупнікамі і эканамістам.

Маторная аліва падаражэла ў два разы, вырасьлі цэны на звыклыя прадукты — як для людзей, так і для хатніх гадаванцаў. Што зьмянілася ў жыцьці беларусаў пасьля ўвядзеньня санкцый — пра гэта Свабода пагутарыла зь беларусамі.


«У спажывецкім пляне мы ня надта пацярпелі»

Раман (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працуе ў Беларусі ў IT-індустрыі. Кажа, што яго сям’я ў спажывецкім пляне ня надта пацярпела.

«Я ня п’ю алькаголь, ня ем мяса, таму нават імавернае зьнікненьне італьянскага віна ці францускіх сыроў для мяне не праблема. Я лічу, што беларускія сыры добрыя. Тое ж тычыцца тэхнікі і брэндаў з выразнай санкцыйнай пазыцыяй — проста на вачах расьце шэры рынак, які часткова закрывае попыт. Трэба прызнаць, што на спажывецкім рынку ўплыў санкцый мінімальны. Хто ня меў — яму ўсё роўна, хто меў і яму важна — ужо зьехаў. Мы, хто тут, перажывём», — кажа Раман.

Ён кажа, што санкцыі значна паўплывалі на бізнэс.

«Асабліва паступовае згортваньне Microsoft на нашым рынку ўсьлед за расейскім — гэта адназначнае адкіданьне ўсёй культуры карпаратыўных вылічэньняў у каменны век. Для законапаслухмяных нас — гэта бяда», — дадаў Раман.

Як ён не ўжывае мяса, то раней спажываў прадукты з соі. Але тыя ў асноўным і да вайны і санкцый былі расейскай вытворчасьці.

«Цяпер проста адмовіўся ад іх. Прадукты, пазначаныя расейскім сьцягам, мы не бяром цяпер», — дадаў суразмоўца.

«Мяне хвалюе нізкі курс даляра — бо я жыву на ашчадкі»

Марына (імя зьмененае. — РС) нядаўна страціла працу, цяпер жыве на ашчадкі. Грошы «на чорны дзень» яна захоўвала ў далярах і эўра.

«Так заўсёды рабіла. І калі кошты расьлі, я ў прынцыпе не цярпела, на мне гэта не адбівалася, бо і курс жа рос. Цяпер курс валют нізкі, і мяне гэта найбольш хвалюе. Бо цэны вырасьлі ў два разы, а даляр — не», — кажа беларуска.

Яе моцна зьдзівілі цэны на некаторыя тавары. Напрыклад, вэнджаная скумбрыя «ўзьляцела» ў цане з 17 да 27 рублёў. Фарба для вонкавых прац (імпартнай вытворчасьці) — з 20 да 30 рублёў. «Прычым няма выбару. Набывала фарбу ў прыватнай краме, і было толькі 3–5 колераў на выбар. Казалі, што гэта праз санкцыі», — заўважыла Марына.

Яна зьдзіўленая, што ў краме «Сьвятлафор» (расейскай) значна зьнізіўся асартымэнт тавараў. «Не разумею чаму. Крама ж расейская, там у асноўным іхныя і беларускія тавары, але кідаецца ў вочы, што асартымэнт зьбяднеў», — кажа Марына.

У сувязі зь няпростай грашовай сытуацыяй яна набывала адзеньне ў крамах second-hand. Кажа, што хоць там цэны ня вырасьлі.

«Ня ведаю, як цяпер, але два месяцы таму мне трэба было набыць маторную аліву для аўтамабіля. І яна каштавала 200 рублёў! Гэта замест 100 — як было раней. Я яе не ўзяла, па гаражы па каністрах шукала астаткі, каб замяніць», — дадала беларуска.

Падаражэў нават беларускі корм для сабак.

«Але пры чым тут санкцыі? Я набывала сабаку беларускі корм, танны, ваўкавыскі. Ён каштаваў 2,8 рубля, цяпер — 5 рублёў за кіляграм. Там жа проста кавалкі мяса, закручаныя ў плёнку, і на ім этыкетка. Адкуль такое падаражэньне?» — дзівіцца яна.

Сёлета ў адпачынак Марына не паедзе. Яшчэ летась была з сынам у Эгіпце. За 12 начэй «усё ўключана» ў 4-зоркавым гатэлі аддала 1200 даляраў. А сёлета такі тур, паводле беларускі, каштуе 2200 даляраў.

«Мне як „дармаеду“ прапануюць працу з заробкам 400 рублёў!»

Аляксей працуе за мяжой, у Беларусь прыяжджае на некалькі месяцаў і змагаецца тут з чыноўнікамі, якія то ўключаюць яго ў сьпісы «дармаедаў», то выключаюць.

«Узімку за студзень налічылі 11 рублёў за ацяпленьне — гэта я ня быў яшчэ „дармаедам“. У лютым — 110 рублёў было ўжо за ацяпленьне! Я зь імі змагаўся, трохі ўдалося адбіць. Як толькі прыяжджаю дахаты — пачынаю ваяваць супраць „дармаедзтва“, іх не цікавіць, што я працую за мяжой. Яны мусяць мяне ўладкаваць на працу, прапаноўваюць рознае — і настаўнікам, і кандуктарам. Але ўсе абсалютна прапановы — на 400 рублёў заробку. У нашым райцэнтры такі заробак многа ў каго. І ў настаўніка бяз стажу працы, і ў дворніка. Я за мяжой столькі ў дзень атрымліваю, дарэчы», — кажа Аляксей.

Па выніку ён вырашыў зарэгістравацца рамесьнікам, сплаціць падатак і не лічыцца дармаедам.

«Партнэры з Украіны перарвалі са мной супрацоўніцтва»

Міхаіл працуе онлайн, стварае кантэнт. Раней ён працаваў для ўкраінскіх партнэраў. Цяпер некаторыя зь іх зьехалі з Украіны, іншыя — ня хочуць супрацоўнічаць зь беларусам.

«Але ў спажывецкім пляне наша сям’я не пацярпела. Мы і раней не набывалі экзатычную садавіну. Мы прыхільнікі беларускай прадукцыі. Вядома, цэны вырасьлі. Надта ўразіла, што пэрсікі на рынку я браў за 14 рублёў. Лічу, што гэта дорага, улічваючы нашы прыбыткі», — заўважыў беларус.

Нядаўна сям’я завяла ката.

«Быў ажыятаж на корм, людзі баяліся, што яго ня будзе, імпартнага. Таму мы свайго ката адразу прывучалі да расейскага корму. Узялі вялізную ўпакоўку», — кажа Міхаіл.

«Санкцыі — справа не аднаго моманту, яны расьцягнутыя ў часе»

Эканаміст Аляксей Харкевіч кажа, што эўрапейскія санкцыі працуюць, і яны паўплываюць цяпер нэгатыўна на беларускія сфэры дрэваапрацоўкі, мэталюргіі і лягістыкі.

«Гэтыя сфэры або лягуць, або пераарыентуюцца на расейскі рынак, бо многія рабілі на эўрапейскі рынак. Але на гэта трэба час, як і на выпрацоўку розных шэрых схем. Важная сфэра ў нас была IT. Там быў прырост. Цяпер яго няма, бо многія кампаніі працягваюць пераезд супрацоўнікаў за мяжу», — кажа эканаміст.

Ён нагадвае, што любая тэхналягічная сфэра «завязаная» на эўрапейскія ці амэрыканскія тэхналёгіі, і з гэтым праз санкцыі будуць праблемы.

«Той жа тэтрапак. Швэцыя далучылася да санкцый — і нашы малочныя заводы ня могуць цяпер разьліваць прадукцыю ў тэтрапак. Мы, як бы там ні было, былі ўцягнутыя ў сусьветныя ланцужкі. Цяпер некаторыя зьвёны выпалі — і ўсё разбураецца. Санкцыі — справа не аднаго моманту, паступовая. Бо пакуль ёсьць запасы, можна нешта пераарыентаваць. Не хапае запчастак, скажам, — аднекуль перакінуць, запас недзе яшчэ ёсьць. Але калі запасы скончацца? Поўнага „капца“ ня будзе, голаду ня будзе, але якасьць жыцьця істотна пагоршае, гэта дакладна», — лічыць эканаміст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG