Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея з розных відаў узбраеньня атакавала Кіеў, Купянск, Мікалаеў і Херсон. Ёсьць ахвяры і пацярпелыя

абноўлена

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 6 красавіка 2025 году
Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 6 красавіка 2025 году

Раніцай 6 красавіка расейскія войскі ўдарылі балістычнымі ракетамі па Кіеве, авіябомбамі — па Купянску, а позна ўвечары 5 красавіка атакавалі дронамі Мікалаеў. Ёсьць пашкоджаньні і пацярпелыя.

Расейскія войскі ў ноч на 6 красавіка нанесьлі камбінаваны ўдар па Ўкраіне ракетамі паветранага, наземнага, марскога базаваньня і ўдарнымі бесьпілётнікамі, паведамілі Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны. У прыватнасьці расейскія войскі запусьцілі па Ўкраіне 9 крылатых ракет Х-101/Х-55СМ, 8 крылатых ракет «Калібр», 6 балістычных ракет «Іскандэр-М», 109 ударных дронаў тыпу «Шахед» і дронаў-імітатараў іншых тыпаў. Паводле Паветраных сіл УСУ, у выніку расейскага нападу пацярпелі Кіеўская, Сумская, Харкаўская, Хмяльніцкая, Чаркаская і Мікалаеўская вобласьці.

На досьвітку 6 красавіка расейскія войскі нанесьлі ўдар балістычнымі ракетамі па Кіеве. Паводле папярэдніх зьвестак, адзін чалавек загінуў, яшчэ трое — параненыя, зь іх двух шпіталізавалі, паведаміла Кіеўская гарадзкая вайсковая адміністрацыя.

Ратавальнікі ліквідуюць наступствы ў Дарніцкім, Абалонскім і Саломенскім раёнах Кіева. У Абалонскім раёне адбылося частковае разбурэньне трох паверхаў 5-павярховага бізнэс-цэнтру (там, сярод іншага, разьмяшчаліся рэдакцыі каналаў дзяржаўнага прадпрыемства «Мультымэдыйная плятформа замежнага вяшчаньня Ўкраіны»), узьнік пажар у мэблевым цэху і на складзкім будынку. У Дарніцкім раёне ўзьнік пажар у нежылым будынку, іншы будынак разбураны, побач зь ім загарэліся тры аўтамабілі. У Саломенскім раёне загарэўся фасад складзкога будынка і ўзгараньне на адкрытай тэрыторыі, пажар ліквідавалі.

Мэр Кіева Віталь Клічко дадаў, што людзі пацярпелі ў Дарніцкім раёне.

Паветраную трывогу ў Кіеве на працягу ночы аб’яўлялі двойчы: каля 2-ой гадзіны ночы, калі з прычыны ракетнай небясьпекі трывога дзейнічала па ўсёй Украіне, і каля 5-ай гадзіны раніцы. Паветраныя сілы паведамлялі пра рух расейскіх ракет і дронаў на працягу ночы. У Кіеве раздаваліся выбухі, улады папярэджвалі аб працы СПА.

У Кіеўскай вобласьці ў выніку камбінаванага расейскага ўдару ў ноч на 6 красавіка наступствы зафіксавалі ў трох раёнах. У Броварскім раёне разбураныя два будынкі прадпрыемства па рамонце аўтамабіляў, пашкоджаныя аўтамыйка і СТА, вокны і фасад аўтазаправачнай станцыі, а таксама 10 аўтамабіляў. У Бучанскім раёне пашкоджаны дах і сьцяна дома. У Фастоўскім раёне пашкоджаны легкавы аўтамабіль, пацярпеў адзін чалавек.

У Херсоне раніцай 6 красавіка ў выніку расейскай атакі загінуў мужчына, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандар Пракудзін. Паводле яго, за мінулыя содні ў вобласьці ў выніку расейскіх удараў былі параненыя сем чалавек, пад абстрэламі апынуліся 29 населеных пунктаў вобласьці. Расейскія вайскоўцы білі па жылых кварталах, у тым ліку пашкодзілі шматпавярховік і шэсьць прыватных дамоў, сотавую вежу і прыватныя аўтамабілі.

Раніцай 6 красавіка расейская авіяцыя скінула авіябомбы на жылыя кварталы Купянску Харкаўскай вобласьці. Паводле пярэдніх зьвестак, пацярпелі 2 чалавекі: 67-гадовы мужчына і 78-гадовая жанчына, паведамілі ў ДСНС. У выніку трапляньня авіябомбы ў 9-павярховы жылы дом у Купянску загарэліся 6 бальконаў і 4 кватэры агульнай плошчай 100 кв.м. Па іншым адрасе гарэў жылы дом і дваровыя забудовы на плошчы 200 кв. м. Таксама пашкоджаныя прыватныя і шматпавярховыя жылыя дамы.

Увечары 5 красавіка расейскія вайскоўцы атакавалі дронамі «Шахед» Мікалаеў, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім. Паводле апошніх зьвестак, пацярпелі чатыры чалавекі: жанчыны 49, 67 і 72 гадоў і 57-гадовы мужчына.

У выніку падзеньня абломкаў і дзеяньня выбуховай хвалі, у Мікалаеве ўзьніклі пажары ў двух прыватных жылых дамах, іх ужо ліквідавалі. Таксама пашкоджаныя 13 прыватных дамоў і аўтамабіль. Акрамя гэтага, дроны атакавалі Мікалаеўскі раён, без пацярпелых.

Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы паведаміў, што на фронце за мінулыя содні зафіксавалі 178 баявых сутыкненьняў. Больш за ўсё баёў было на Пакроўскім напрамку ў Данецкай вобласьці, які застаецца адным з самых гарачых участкаў фронту: там зафіксавалі 75 баёў. Таксама расейскія войскі 26 разоў атакавалі на Ліманскім напрамку і 20 — на Тарэцкім. Баі працягваліся на Харкаўскім, Купянскім, Северскім, Краматорскім, Навапаўлаўскім, Гуляйпольскім, Арэхаўскім, Прыдняпроўскім кірунках і ў Курскай вобласьці Расеі.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня. Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
  • У ААН змаглі пацьвердзіць, што з пачатку году ва Ўкраіне загінулі 413 цывільных асобаў, а больш за 2000 параненыя. У першыя тры месяцы 2025 году колькасьць ахвяраў павялічылася на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG