Прэмію ад імя Марыі атрымала яе сястра Тацяна Хоміч, паведамляе штаб палітыка Віктара Бабарыкі.
Цырымонія ўручэньня прэміі прайшла 23 чэрвеня ў Вене.
Прэмія Бруна Крайскага заснаваная ў 1976 годзе да 65-годзьдзя з дня нараджэння шостага фэдэральнага канцлера Аўстрыі Бруна Крайскага, яна прысуджаецца кожныя два гады асобным асобам, групам, установам або праектам за іх дасягненьні ў галіне правоў чалавека. Так, у 1981 годзе прэмію атрымаў Нэльсан Мандэла.
Кіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала на дробныя шматкі свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі.
Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.