Трагедыя адбылася сёлета 9 студзеня на праспэкце Чарняхоўскага ў Віцебску. 43-гадовы мужчына ехаў на чужым Mercedes-Benz Sprinter з хуткасьцю 94 кілямэтраў у гадзіну — на 34 км/г больш, чым дазволена ў гэтым месцы. Пры пад’езьдзе да рэгуляванага пешаходнага пераходу ён ня толькі ня запаволіў хуткасьць, але й не зрэагаваў на чырвонае сьвятло. Тым часам 9-гадовы хлопчык пераходзіў дарогу на зялёнае сьвятло. Пасьля аварыі дзіця адвезьлі ў шпіталь, але хлопчык ня выжыў.
Суд прызнаў кіроўцу вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасьці сьмерць чалавека, і на падставе ч. 2 ст. 317 Крымінальнага кодэксу прызначыў 4 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму з пазбаўленьнем на 5 гадоў права кіраваньня аўтамабілем, паведамляе прэс-служба суда.
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну і раскаяўся, акрамя таго, «добраахвотна» часткова кампэнсаваў маральную шкоду бацькам хлопчыка — у памеры 770 рублёў кожнаму.
З уладальніка машыны на карысьць маці і бацькі загінулага хлопчыка спагналі 99 230 рублёў кожнаму «з улікам частковага добраахвотнага кампэнсаваньня маральнай шкоды з боку абвінавачанага».
Прысуд не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.
У судзе агучылі, што раней мужчыну прыцягвалі да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў дарожнага руху. У тым ліку яго тройчы пазбаўлялі правоў.
Форум