Украінскія спэцслужбы валодаюць інфармацыяй, што ў расейскім войску ваююць сама меней 155 грамадзян Кітаю. Такую лічбу кітайскіх наймітаў у расейскім войску прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў на сустрэчы з журналістамі 9 красавіка, паведамляе Суспільне.
Грамадзяне Кітая, якія ваююць ва Ўкраіне, не зьяўляюцца нечым новым, але ў цяперашні час няма публічных доказаў таго, што два захопленыя ў палон кітайцы былі адпраўленыя Пэкінам. Мяркуецца, што некалькі сотняў грамадзян Кітая адправіліся ваяваць у Расею ў якасьці наймітаў на баку расейскага войска, і раней у Telegram ужо зьяўляліся паведамленьні ў расейскіх вайсковых групах пра загінулых кітайскіх грамадзян, якія змагаліся на баку расейскіх войскаў.
Паводле Зяленскага, расейскія ўлады вэрбуюць кітайцаў у тым ліку праз сацыяльныя сеткі —распаўсюджваюць рэклямныя ролікі з заклікамі заключыць кантракт.
«Мы зьбіраем інфармацыю, лічым, што іх больш, значна. Па гэтых 155-ці ёсьць пашпартныя зьвесткі, адкуль яны, іх дакумэнты, узрост, месцы службы.
Зразумелая схема, як іх вэрбуюць. Адна са схемаў — праз сацыяльныя сеткі, у прыватнасьці, TikTok і іншыя кітайскія сацсеткі. Афіцыйны Пэкін ведае пра гэта. У сацсетках распаўсюджваюцца рэклямныя ролікі аб вэрбаваньні. Не таемнае вэрбаваньне — гэта важна. Можа, ёсьць яшчэ й таемнае. Далей гэтыя людзі прыбываюць у Расею, у Маскву. Мэдыцынскае абсьледаваньне — трое-чацьвёра содняў. Адзін-два месяцы — навучальныя цэнтры. Ваююць яны на тэрыторыі Ўкраіны».
Украінскі прэзыдэнт таксама назваў імёны двух палонных кітайскіх грамадзян — Ванг Гуанцзюн 1991 году нараджэньня і Чанг Рэнба 1998 году нараджэньня.
Пра ўзяцьце ў палон двух грамадзян Кітаю, якія ваявалі на баку Расеі ў Данецкай вобласьці Ўкраіны, стала вядома 8 красавіка.
Зяленскі даручыў міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу неадкладна зьвязацца з Пэкінам і высьветліць, як Кітай мае намер на гэта рэагаваць. Міністэрства замежных спраў Украіны выклікала часовага паверанага ў справах Кітая, каб атрымаць тлумачэньні.
У МЗС Кітаю настойваюць, што не адпраўлялі сваіх вайскоўцаў на вайну супраць Украіны:
«Кітайскі бок правярае адпаведную інфармацыю з украінскім бокам. Я хачу падкрэсьліць, што ўрад Кітаю заўсёды прасіў сваіх грамадзян трымацца далей ад зонаў узброеных канфліктаў, і ў прыватнасьці пазьбягаць удзелу ў ваенных апэрацыях любога боку», — заявіў прадстаўнік МЗС Кітаю Лінь Цзян.
«Украінская праўда» з спасылкай на аддзел камунікацыяў апэратыўна-тактычнай групоўкі (АТГ) «Луганск» паведаміла пра сьведчаньні, якія дае ў палоне адзін з затрыманых у Данецкай вобласьці кітаец. Паводле вайскоўцаў, ён расказаў, што пайшоў на вайну дзеля расейскага грамадзянства, а падрыхтоўку праходзіў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці. Мужчына паведаміў, што заплаціў пасярэдніку ў Кітаі 300 тысяч рублёў.
Форум