Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доказ таго, што ў сьвеце існуе зло». Рэакцыі беларусаў з Бучы на бойню ў горадзе


Буча, 3 красавіка 2022 году
Буча, 3 красавіка 2022 году

Украінскія войскі на пачатку красавіка вярнулі кантроль на гарадамі Кіеўскай вобласьці. Сьвет шакавалі жорсткія здымкі з Бучы і суседніх паселішчаў, на якіх бачныя забітыя і закатаваныя людзі, брацкія магілы, сьляды марадэрства.

Так атрымалася, што ў гэтай аглямэрацыі пад Кіевам да вайны жыло і шмат беларусаў. Як яны адрэагавалі на падзеі ў Бучы і ці думаюць вяртацца дамоў?

«Я меркаваў, што пасьля першых зьверстваў знойдзецца варыянт суіснаваньня»

Палітоляг Ігар Тышкевіч жыў на мяжы Ворзэля і Бучы апошнія шэсьць гадоў. На пачатку вайны яму давялося пражыць некалькі дзён пад расейскай акупацыяй, пакуль не зьявілася магчымасьць сысьці па «зялёным калідоры» ў Кіеў. Ва ўкраінскай сталіцы ён застаецца і цяпер, але мае цьвёрды намер вярнуцца дадому.

«Я дапускаў, што нешта падобнае можа быць, але маштаб мяне шакаваў. Я адсочваў мясцовыя паблікі, таму бачыў відэа, як мясцовыя валянтэры, якія зьбіралі целы забітых, 10 сакавіка капалі брацкую магілу на тэрыторыі царквы. Тым ня менш, шчыра кажучы, я думаў, што пасьля першай хвалі эмацыйных зьверстваў знойдзецца нейкі варыянт суіснаваньня. Але тое, што ўсё гэта працягвалася, стала для мяне нечаканасьцю».

Тышкевіч мяркуе, што цяпер задача расейскай прапаганды — стварыць «белы шум» вакол сытуацыі ў Бучы, высоўваючы як мага больш самых кансьпіралягічных вэрсій, каб праўда згубілася сярод іх.

«Калі я быў у Ворзэлі, то інфармацыю пра колькасьць забітых хаця б у маім доме выкладаў значна раней, чым горад быў вызвалены. Але пошук праўды ня ёсьць мэтай прапаганды: мэта — прыдумаць як мага больш вэрсій, нават самых непраўдападобных. Расейская прапаганда, здаецца, сама ня ведае маштабаў. Бо першая іх рэакцыя была па здымках мёртвых людзей, якія ляжаць уздоўж дарог, але чым болей часу — тым больш сьведчаньняў знаходзіцца».

Асабіста для сябе Тышкевіч ня можа знайсьці тлумачэньня дзеяньням расейскіх салдатаў на акупаванай тэрыторыі.

«Вельмі шмат у чым іх паводзіны былі нелягічнымі з гледзішча здаровага чалавека. Навошта спраўляць натуральныя патрэбы на рэчы гаспадароў, калі ёсьць прыбіральня? Навошта выцягваць жаночую бялізну? Навошта здымаць унітазы? У іх што, у Расеі ўнітазы не прадаюцца? Магчыма, чалавек зь нізкай цывілізацыйнай плянкай, з дэпрэсіўнага рэгіёну, у яго штосьці не атрымліваецца ў жыцьці, то ён так зрывае сваю злосьць і зайздрасьць».

Па-ранейшаму палітоляг ня ведае пра лёс усіх сваіх знаёмых, якія заставаліся ў Бучы і Ворзэлі. Да пераезду ў новы жыльлёвы комплекс Тышкевіч жыў на вуліцы Яблунскай, якая стала адным з асяродкаў жахаў.

«У майго сына на Яблунскай усе сябры і таварышы. Ён ходзіць ад майго дому датуль пешшу — гэта досыць блізка. Але гэта толькі самая вяршыня, самае абуральнае, а такіх месцаў, падвалаў нашмат болей, дзе катавалі і забівалі. Буча, Ірпень, Гастомель, Ворзэль — гэта ў любым разе знакавае месца, бо там спыніўся наступ расейцаў. У Ірпяні ня лепей усё, чым мы ўбачылі ў Бучы, у Барадзянцы — яшчэ горш, там было яшчэ большае пекла. Гэта будзе месцам памяці. Але ня трэба забывацца пра іншыя гарады. У кожным населеным пункце Ўкраіны ёсьць свая трагедыя», — кажа Ігар Тышкевіч.

«Адчуў нянавісьць, боль і жаданьне справядлівасьці»

Для паэта Сяргея Прылуцкага Буча была домам на працягу апошніх амаль што 12 гадоў. З гораду Сяргей сышоў у першай палове сакавіка, цяпер ён у Цярнопалі. Кажа, што абавязкова некалі вернецца назад у Бучу, але дапускае, што можа быць і другая фаза атакі на Кіеў па гэтым кірунку.

«Калі я яшчэ быў у Бучы, то трупаў на вуліцах ня бачыў. Мы жылі ў кватэры знаёмых у жыльлёвым комплексе, туды расейская пяхота не заходзіла, яны езьдзілі побач па трасе. Але мы ведалі пра тое, што адбываецца. Жонка пастаянна перапісвалася зь сябрамі, які жылі ў раёне Яблунскай, дзе і была самая жэсьць, дзе стаялі кадыраўцы. Там і па сёньня працягваюць знаходзіць у дварах і падвалах целы забітых».

Сяргей Прылуцкі кажа, што пра забойствы ў Бучы мірных грамадзянаў ведаў ад пачатку сакавіка.

«Сусед выйшаў выгуляць сабачку, яго забілі. І цела ніхто ня мог забраць, бо ўсе баяліся, што заб’юць і іх. Гэта ўсё было вядома і раней, але толькі цяпер да Захаду дайшло, калі зьявіліся здымкі. Ніякага абгрунтаваньня такім дзеяньням у мяне няма. Але ўсе ведаюць гісторыю, то можна было прадбачыць, што такое можа здарыцца. Калі Расея зайшла ва Ўкраіну, то ўжо многія разумелі, што будуць і забойствы, і згвалтаваньні, і катаваньні. Проста некаторыя спадзяваліся да апошняга, што вайна будзе як у кніжках, калі вайскоўцы забіваюць толькі вайскоўцаў.

Мы маем шмат прыкладаў з гісторыі: дзеяньні расейскіх войскаў у Беларусі, Украіне, Фінляндыі, Вугоршчыне, Чэхіі. Плюс усе гэтыя высылкі ў лягеры, ГУЛАГі. Вядомыя выпадкі, як расейцы гвалтавалі жанчын у 1945 годзе ў Бэрліне. Нічога новага мы не даведаліся».

Суразмоўца кажа, што адчуў нянавісьць, боль і жаданьне справядлівасьці, калі ўбачыў кадры з гораду, дзе жыў шмат гадоў.

«Мне хочацца, каб ва Ўкраіне стварыўся нейкі аналяг Масаду, і гэтых людзей, адказных за злачынствы, шукалі ня толькі ў Расеі, але і па ўсім сьвеце».

Дом, дзе жыла сям’я Прылуцкага, амаль што цэлы, але ўсе кватэры ўскрытыя. Што там унутры, ніхто яшчэ ня ведае.

«Гэта прыгожы горад, там ёсьць усё для аматараў гарадзкога жыцьця, але побач і азёры, і лес з грыбамі, парк шыкоўны. Праўда, цяпер яшчэ доўга ніхто ня будзе хадзіць у гэты лес, бо шмат яшчэ не разьмінавалі».

«Мае рэчы не паехалі ў Саратаў»

Андрэй жыў у Бучы апошні год, зь Беларусі ён зьехаў пасьля падзей 2020-га.

«Для беларусаў, якія прыехалі сюды, гэта другі раз, калі мы згубілі свой дом. Магчыма, менавіта таму беларусы настолькі празорліва глядзелі ў будучыню. Варта зірнуць на мапе, дзе знаходзіцца Буча, скласьці 2+2, каб зразумець, што там будзе пекла. Калі ведаць пра ранейшыя расейскія кампаніі, мець беларускі досьвед, то ўсё, што адбылося, сталася шокам, але ня сталася нечаканасьцю. Бо мы ўжо не наіўныя беларусы».

Сам Андрэй кажа, што пакаваў рэчы яшчэ ад сьнежня, большасьць зь іх перакінуў праз «Новую пошту» ў Львоў, а там ужо аддаў мясцовым валянтэрам.

«Мы аддалі 100 кіляграмаў рэчаў, так што „ў Саратаў“ нашы рэчы не паехалі. Мы да ўсяго сьвядома падрыхтаваліся».

На думку Андрэя, на прыкладзе Бучы чалавецтва ўбачыла доказ, што ў сьвеце існуе зло і выліваецца ў такія праявы.

«Нармальны чалавек заўсёды зыходзіць з таго, што ўсе астатнія людзі таксама адэкватныя, і такім жахам няма месца ў сьвеце. Я выдатна ведаю ня толькі Бучу, але і ўсе паселішчы навокал, у тым ліку маленькія вёсачкі — гэта адзін такі вялікі жывы арганізм. Калі ты едзеш з Ірпяня, то не заўважаеш, як праяжджаеш Бучу, потым — праз Гастомель, далей — Бліскавіца. Сюррэалістычна бачыць гэтыя кадры з Бучы, калі ты памятаў горад настолькі прыемным, прыгожым».

Андрэй расказвае, што Буча — не такі клясычны горад-спадарожнік у разуменьні Лукашэнкі.

«Там людзі не атрымлівалі льготныя кватэры ў панэльках, а будавалі за свае кроўныя грошы — бізнэсоўцаў шмат, сярэдняга клясу. Забудоўшчыкі між сабой канкуравалі, хто прыгажэй і зручней зробіць. Гэта выглядала месцамі нашмат больш прагрэсіўна, чым у Беларусі, таму балюча глядзець, як гэта ўсё зьнішчаецца».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG