Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея на перамовах пагадзілася на рэфэрэндум ва Ўкраіне, — сябра ўкраінскай дэлегацыі


Уладзімір Мядзінскі і Давід Арахамія ў Стамбуле
Уладзімір Мядзінскі і Давід Арахамія ў Стамбуле

Расейскі бок на перамовах з Украінай зьняў пярэчаньні супраць правядзеньня ва Ўкраіне рэфэрэндуму аб нэўтралітэце краіны, а таксама па іншых пытаньнях, акрамя пытаньня аб Крыме.

Пра гэта заявіў увечары ў нядзелю ў эфіры нацыянальнага тэлебачаньня кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах Давід Арахамія.

Паводле ягоных словаў, расейскі бок данёс сваю пазыцыю на раундзе перамоў, які адбыўся ў пятніцу ў рэжыме он-лайн. Пры гэтым размова пакуль ня ідзе пра пісьмовы афіцыйны адказ.

Паводле слоў Арахаміі, праекты дамоўленасьцяў пра мір зараз ужо ў той стадыі гатоўнасьці, што іх маглі б абмеркаваць прэзыдэнты дзьвюх краінаў на асабістай сустрэчы.

Ён выказаў упэўненасьць, што такая сустрэча адбудзецца ў Турэччыне, аднак дата і месца пакуль ня вызначаныя.

Па словах Арахаміі, у выпадку, калі на рэфэрэндуме ня будзе падтрыманы нэўтральны статус, гэта значыць украінцы выступяць за курс на ўступленьне краіны ў NATO, магчымыя будуць новыя перамовы — альбо аднаўленьне баявых дзеяньняў.

Расейскі бок словы ўкраінскага прадстаўніка пакуль не камэнтаваў.

У прапанаваным украінскай дэлегацыяй на нядаўніх перамовах у Стамбуле прынцыпах пагадненьняў гаворыцца, у прыватнасьці, аб тым, што Ўкраіна згодная на нэўтральны статус і абмежаваньне свайго ваеннага супрацоўніцтва зь іншымі краінамі ў абмен на дакладныя гарантыі бясьпекі. Аб гэтым, аднак, павінен прайсьці рэфэрэндум, а ён магчымы толькі пасьля вываду расійскіх войскаў на пазыцыі перад уварваньнем 24 лютага. Акрамя таго, прапануецца «замарозіць» статус анэксаванага Крыму на 15 гадоў і на працягу гэтага тэрміна весьці пра яго ім перамовы.

У прапановах нічога не гаворыцца аб так званай дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі, а таксама аб статусе Данбасу. Вырашэньне гэтых пытаньняў раней называлася прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным мэтай так званай спэцаперацыі ва Украіне.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у эфіры расейскага тэлебачаньня ў нядзелю заявіў, што ў Маскве спадзяюцца, што па выніках «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне забароняць «праявы нацыяналістычных ідэяў», а расейская мова «адновіць свае пазыцыі». У праекце дамоўленасьцей, якія абмяркоўваюцца на перамовах, пра гэта нічога не гаворыцца.

Калі пройдзе новы раунд перамоваў — не вядома. Перамовы ідуць на фоне баявых дзеяньняў, якія працягваюцца. Пасьля апошняга раунду расейскія войскі адступілі з Кіеўскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG