Рашэньне набыло сілу абразу пасьля галасаваньня на пазачарговым пасяджэньні Бюро Эўрапейскай фэдэрацыі водных відаў спорту 24 красавіка, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
Гэта рашэньне, якое таксама распаўсюджваецца на ўдзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Эўрапейскім юнацкім алімпійскім фэстывалі (EYOF), што пройдзе ў Скоп’е з 20 па 26 ліпеня 2025 году, падпарадкоўваецца наступным крытэрам:
- Спартоўцы могуць падаць заяўку на індывідуальныя спаборніцтвы, але іх не дапусьцяць да ўдзелу ў эстафэтах па плаваньні і спаборніцтвах на адкрытай вадзе, а таксама да камандных спаборніцтваў па артыстычным плаваньні і скачках у ваду.
- Удзельнікі будуць лічыцца нэўтральнымі спартоўцамі ў заявачных і выніковых пратаколах.
- Дэлегацыі зь Беларусі і Расеі ня змогуць выкарыстоўваць нацыянальныя назвы, сьцягі або адметныя колеры на любым адзеньні для спаборніцтваў, трэніровак або адпачынку.
- Падчас цырымоніяў узнагароджаньня ня будуць гучаць нацыянальныя гімны Беларусі ці Расеі і не павінна быць сьцягоў гэтых краін.
«Рашэньне прынятае ў інтарэсах маладых спартоўцаў, якія не нясуць адказнасьці за палітычныя дзеяньні», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай фэдэрацыі водных відаў спорту.
- 28 лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю прынялі да выкананьня неадкладна і масава, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя для Беларусі і РФ за вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь яго пашпарт».
- 28 сакавіка 2023 году МАК рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям відаў спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе, калі яны не зьвязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не падтрымлівалі вайну супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя фэдэрацыі.
- З аналягічнымі ўмовамі МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нэўтральным статусе. У лыжных відах спорту і біятлёне расейцаў і беларусаў да спаборніцтваў не дапусьцілі.
- На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.
Форум