Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Вугоршчыны прагаласаваў за выхад дзяржавы зь юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду


Парлямэнт Вугоршчыны
Парлямэнт Вугоршчыны

Як чакаецца, сам працэс выхаду зойме каля году.

Парлямэнт Вугоршчыны прагаласаваў за выхад краіны зь юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта.

Сіярта адзначыў, што суд страціў бесстароннасьць і давер.

У пачатку красавіка прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан на сумеснай з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу прэс-канфэрэнцыі ў Будапэшце заявіў, што Вугоршчына мае намер выйсьці зь юрысдыкцыі суду. Ён назваў гэта цьвёрдым і прынцыповым рашэньнем, абвінаваціўшы суд у палітызаванасьці. Нэтаньягу вугорскія ўлады арыштаваць адмовіліся.

У дачыненьні Нэтаньягу Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт па падазрэньні ў ваенных злачынствах у сэктары Газа. Вугоршчына, як краіна, якая ўдзельнічае ў працы суду, павінна была арыштаваць Нэтаньягу пасьля яго прыезду і перадаць яго ў Гаагу. Аднак Орбан яшчэ да візыту ізраільскага прэм’ера даў гарантыі, што гэтага не адбудзецца.

Вугоршчына стала першай краінай Эўразьвязу, якая спыняе ўдзел у Міжнародным крымінальным судзе. Раней адміністрацыя Дональда Трампа ўвяла ў дачыненьні суду санкцыі — якраз у сувязі зь перасьледам Нэтаньягу. Орбан тады ж заявіў, што Вугоршчыне неабходна перагледзець свае адносіны з прававым інстытутам, які знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі.

Рашэньне выдаць ордэр на арышт Нэтаньягу выклікала супярэчлівую рэакцыю і ў шэрагу іншых краін. У прыватнасьці, улады Нямеччыны далі зразумець, што не гатовы прытрымлівацца рашэньня суду, хоць і падкрэсьліваюць важнасьць яго працы. Крытыкі рашэньня суду ў дачыненьні Нэтаньягу ўказваюць на тое, што яно, на іх думку, падрывае легітымнасьць іншых рашэньняў суду, у прыватнасьці, аб ордэры на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, які падазраецца ў датычнасьці да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, што разглядаецца як ваеннае злачынства.

Першы прэцэдэнт, калі рашэньне Міжнароднага крымінальнага суду не выконвалася, адбылося летась у Манголіі. Гэтую краіну наведаў Пуцін, аднак улады краіны яго не арыштавалі.

Міжнародны крымінальны суд, створаны пад эгідай ААН, аб’ядноўвае больш за 120 краін сьвету. Шэраг буйных дзяржаў, у іх ліку ЗША, Расея і Кітай, не прызнаюць яго юрысдыкцыю. Ізраіль таксама яе не прызнае.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG