Міністэрства абароны ЗША аб’явіла, што ў рамках дапамогі Ўкраіне яно вылучае яшчэ 300 мільёнаў даляраў на «падтрымку ў сфэры бясьпекі». Пакет дапамогі складаецца з ракетных сыстэмаў з лазэрнай сыстэмай навядзеньня, дронаў, боепрыпасаў, прыладаў начнога бачаньня, сыстэмаў сувязі, мэдычнага рыштунку і розных запчастак, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Гэтае рашэньне падкрэсьлівае непахісную прыхільнасьць Злучаных Штатаў захаваньню сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны і падтрымку яе гераічных намаганьняў для адбіцьця вайны, [пачатай] з выбару Расеі», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Пэнтагону Джона Кірбі.
У сярэдзіне сакавіка Кангрэс ЗША прыняў закон аб бюджэце, які ўключаў 13,6 млрд даляраў на гуманітарную і ваенную дапамогу Ўкраіне і ўсходнеэўрапейскім саюзьнікам ЗША ў NATO. Неўзабаве пасьля гэтага прэзыдэнт Байдэн абʼявіў пра выдзяленьне яшчэ мільярда даляраў на бясьпеку Ўкраіны.
Яшчэ 300 мільёнаў, выдаткаваныя Міністэрствам абароны ЗША, пойдуць на аплату ваеннага абсталяваньня і тэхнікі, замоўленых па кантрактах з абароннымі канцэрнамі.
Джон Кірбі дадаў, што «Злучаныя Штаты таксама працягваюць супрацоўнічаць з саюзьнікамі і партнэрамі, каб... забясьпечыць Украіну дадатковымі магчымасьцямі».
Адным з кампанэнтаў гэтай партыі паставак стануць тактычныя бесьпілётныя апараты маркі Switchblade, якім ужо далі мянушку «дроны-камікадзэ». Гэтыя апараты кіруюцца дыстанцыйна і фактычна ўяўляюць сабой лятаючую бомбу, якую можна скінуць на праціўніка ў самых нязручных і цяжкадаступных раёнах.