У Чачэрску траіх маладых людзей асудзілі да зьняволеньня за налепленыя стыкеры
У судзе Чачэрскага раёну быў вынесены прысуд па справе Вадзіма Дзенісенкі, палітзьняволенай Рыты Зотавай і Мікіты Хількевіча. Судзьдзя Павел Цыганок прысудзіў Вадзіму 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму, Рыце і Мікіце — па 2 гады калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Маладых людзей асудзілі за некалькі стыкераў, якія тыя наляпілі на тэрыторыі мясцовай школы па дарозе зь вечарыны — Рыце прысудзілі два гады калёніі за адзін налеплены стыкер. Міліцыю на іх выклікала дырэктарка школы Вольга Цалко.
Дзенісенка распавёў, што падчас запісу «пакальнага відэа» яго прымусілі сказаць на камэру «ГУБАЗіК вас усіх знойдзе». Супрацоўнік сказаў яму, што знойдзе палку і стукне яго, калі ён не прамовіць гэту фразу.
За камэнтар пра Лукашэнку жанчыну з Рагачова пакаралі годам калёніі
Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага разьбіральніцтва па справе Сьвятланы Астравінскай, якую абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368). Судовае пасяджэньне ўзначальвала судзьдзя Ірына Прадун, паведамляе «Вясна».
Згодна з матэрыяламі справы, 54-гадовая жанчына ў лістападзе мінулага году ў «Одноклассниках» напісала камэнтар пра Лукашэнку і зрабіла яго даступным для ўсіх карыстальнікаў сацсеткі. Пра які менавіта камэнтар ідзе гаворка — невядома.
Падчас судовага пасяджэньня абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну. У выніку ёй прысудзілі адзін год калёніі агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон, зь якога жанчына напісала той самы камэнтар, суд пастанавіў канфіскаваць на карысьць дзяржавы як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.
Гамельчуку прысудзілі год калёніі за сарваны са сьцяны дзяржаўны сьцяг
У Цэнтральным судзе Гомля 23 сакавіка вынесьлі прысуд па крымінальнай справе Віктара Рысінскага, якога абвінавацілі ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Мужчыне прысудзілі 1 год калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Паводле матэрыялаў сьледзтва, Рысінскі напрыканцы 2021 году, «маючы імкненьне публічна прадэманстраваць сваё непаважлівае стаўленьне да дзяржаўнага сымбалю, дэманстратыўна, выяўляючы паказную сьмеласьць і дзёрзкія паводзіны», сарваў сьцяг разам з мацаваньнем з фасаду будынка ў Гомлі па вуліцы Сялянская, 14.
У судзе мужчына патлумачыў, што разам з кампаніяй знаёмых хацеў проста зьняць сьцяг са сьцяны, каб усім разам сфатаграфавацца зь ім. Прыладзіць яно на месца не ўдалося і ён пакінуў яго каля сьцяны будынка.
МУС стварыла новы сьпіс асуджаных па «экстрэмісцкіх» справах; іх фінансавыя апэрацыі паставяць «пад асаблівы кантроль»
Міністэрства ўнутраных спраў склала «пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У ім цяпер 140 чалавек, асуджаных па «экстрэмісцкіх справах». Сярод іншых у сьпісе палітвязьні Паваел Севярынец, Арцём Баярскі, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, хворая на анкалёгію пэнсіянэрка Людміла Хлусевіч.
На працягу 5 гадоў пасьля пагашэньня судзімасьці ім забараняецца займацца «дзейнасьцю зьвязанай з абаротам наркотыкаў, зброі, выбуховых рэчываў, пэдагагічнай дзейнасьцю, выдавецкай дзейнасьцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць ваенную службу».
Акрамя таго, будуць кантраляваць фінансавыя апэрацыі людзей са «сьпісу экстрэмістаў». Як тлумачаць у ведамстве, гэта робяць з мэтай «прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці».
Іншаземцам са сьпісу могуць адмовіць ва ўезьдзе ў Беларусь або ў выдачы візы для ўезду.
У МУС павінны былі сфармаваць такі сьпіс згодна з законам «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», падпісаным у траўні 2021 году.
Берасцейцу, які прынёс кветкі да помніка Шаўчэнку, прысудзілі 15 дзён арышту
23 сакавіка судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Дзьмітры Куроўскі прысудзіў Алегу Вялаву 15 дзён арышту за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (24.23 КаАП).
Алег Вялаў — вядомы ў Берасьці актывіст, які пратэставаў супраць акумулятарнага заводу. 8 сакавіка берасьцейскія сілавікі не пусьцілі людзей да бюста Тараса Шаўчэнкі, а Вялава, які нёс кветкі, затрымалі на падыходах. Трое сутак ён правёў у ІЧУ. Пазьней суд некалькі разоў пераносілі праз памылкі ў пратаколе.
На горадзенскага хірурга паскардзіліся з «хіміі» — яго аштрафавалі
Лекара-хірурга з Горадні Сяргея Батаева 18 сакавіка выклікаў участковы. Аказалася, на яго старонцы знайшлі падпіскі на каналы, прызнаныя «экстрэмісцкім», і паскардзіліся ў міліцыю. На Сяргея паступіў «сыгнал» з папраўчай установы адкрытага тыпу № 24, падпісаны часовым выканаўцам абавязкаў начальніка, паведамляе Hrodna.Life.
Справа дайшла да суда. Судзьдзю зацікавіў пост Сяргея супраць вайны ва Ўкраіне. «Там былі словы „Слава Украіне“, „Жыве Беларусь“ і „акупанты гоу хоум“. Я сказаў, што нічога дрэннага не ўгледзеў у словах з гімна суседняй брацкай краіны, радкі зь верша Купалы. А пра акупантаў — гэтае маё асабістае меркаваньне на тое, што адбываецца, і Канстытуцыя не забараняе» — распавёў мэдык.
У выніку Сяргею прысудзілі 725 рублёў штрафу за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Ператрус у Дашкевічаў
У Зьмітра і Насты Дашкевічаў адбыўся ператрус, паведаміла Тацяна Шапуцька ў фэйсбуку.
Вядома, што з кватэры забралі ўсю тэхніку. Наста на свабодзе, але сувязі зь ёй няма. Зьмітра забралі «людзі ў чорным».
У Менску затрымалі сябра Каардынацыйнай рады Тацяну Вадалажскую
Сябра Каардынацыйнай рады Тацяна Вадалажская была затрыманая 23 сакавіка падчас візыту на допыт у Сьледчы камітэт, паведамляе Каардынацыйная рада.
Упершыню Тацяну Вадалажскую затрымалі 4 жніўня 2021 году, яна правяла 10 сутак на Акрэсьціна, пасьля чаго яе адпусьцілі ў статусе падазраванай па арт.342 ч.1 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). На працягу ўсяго гэтага часу Тацяну Вадалажскую некалькі разоў выклікалі на допыты ў СК, ад сьледзтва яна не хавалася, на допыты зьяўлялася.
На мінулым тыдні яна падала хадайніцтва ў Сьледчы камітэт з просьбай аб дазволе выехаць у Літву на лячэньне. Сёньня Тацяна пайшла за адказам на сваё хадайніцтва ў СК, але там ёй прад'явілі пастанову аб заключэньні пад варту.
Цяпер Тацяна Вадалажская знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Яе адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні, таму больш ніякіх падрабязнасьцяў невядома.
Затрыманьні ў Мазыры
У Мазыры сёньня затрымалі актывістаў Фёдара і Крысьціну Чаранковых, а таксама іх сяброў: Аляксандра Дзеравеньку, Альберта Зубарава і ягоную дзяўчыну Карыну, паведамляе «Белсат».
Паведамляецца, што ў іх адбыліся ператрусы. Цяпер яны ўсе знаходзяцца ў СІЗА.
Блогеру Савіну запатрабавалі 8 гадоў калёніі
У судзе Заводзкага раёну Менску чатыры месяцы разглядаецца крымінальная справа супраць 43-гадовага прадусара і блогера Ўладзіслава Савіна. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: махлярства ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК) і арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 342 КК), піша «Вясна».
Уладзіславу ставяць у віну махлярства ў 2015-2016 гг.: паабяцаўшы больш як 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, ён ня выканаў гэтага. Таксама Савіна абвінавачваюць ва ўдзеле ў трох маршах у 2020 годзе і арганізацыю пратэстаў праз сваю старонку Instagram. Пад вартай мужчыну ўтрымліваюць амаль год.
«Навязваў падпісчыкам Instagram сваю скажоную і аднабокую думку», — гаворыцца ў адной з фармулёвак сьледзтва.
Пракурорка запатрабавала для блогера пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 8 гадоў.
Жыхароў Баранавічаў выклікаюць на «прафілактычныя гутаркі» да Дня Волі
Як паведаміў праваабаронцам«Вясны» жыхар Баранавічаў, які раней адбываў «палітычныя суткі», ён атрымаў позву зьявіцца ў мясцовы РАУС 25 сакавіка ў якасьці сьведкі па невядомай крымінальнай справе. Ён знайшоў позву ў паштовай скрыні.
Мужчына распавядае, што такія позвы атрымалі многія ў горадзе, каго раней перасьледавалі па «палітычных артыкулах». Жыхароў Баранавічаў выклікаюць у міліцыю на 23-25 сакавіка.