Затрымалі за камэнтары ў інтэрнэце
У Менску за камэнтары ў інтэрнэце затрымалі Віталя Енаровіча, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Зь ім ужо зьявілася відэа на праўладных тэлеграм-каналах. Паведамляецца, што затрыманы нібыта ўдзельнічаў у пасьлявыбарных пратэстах, пакідаў абразьлівыя камэнтары пра міліцыянтаў, а таксама беларускіх і расейскіх вайскоўцаў.
Варта адзначыць, што словы на відэа, якія запісваюць сілавікі, у прававой дзяржаве ня могуць лічыцца доказамі віны чалавека.
Затрымалі за фатаздымкі вайсковай тэхнікі
У дачыненьні да 33-гадовага пінчука завялі крымінальную справу па ч.1 арт.361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Паводле Сьледчага камітэту, 33-гадовы мужчына «выйшаў на сувязь з адміністратарамі тэлеграм-канала, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармаваньня, якім перадаў матэрыялы для наступнага апублікаваньня».
«Падазроны фатаграфаваў на камэру мабільнага тэлефона ваенную тэхніку, ажыцьцяўляў здымкі перамяшчэньняў ваеннага транспарту і ў далейшым перадаў гэтыя зьвесткі адміністратарам тэлеграм-каналаў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Затрымалі за рэгістрацыю ў пляне «Перамога»
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што з 34-гадовым Юрыем Сяменьнікам зьявілася «пакаяннае відэа» на праўладных тэлеграм-каналах. У ім гаворыцца, што мужчына нібыта зарэгістраваўся ў пляне «Перамога».
Як сьцьвярджаюць сілавікі, яму пагражае арт. 361-1 КК РБ «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».