Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 сакавіка: затрыманьні ў Менску і на Гомельшчыне; суды ў Баранавічах; у Беларусі 10 новых палітвязьняў

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Каля ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Каля ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян за выказваньне ўласнай думкі і пратэсты, у тым ліку супраць вайны Расеі з Украінай і ўдзелу ў ёй беларускага боку.

У Беларусі 10 новых палітвязьняў, агулам іх ужо 1101

22 сакавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 10 чалавек:

  1. Валер Ларчык, асуджаны па арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі да 2 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  2. Раман Скапцоў, асуджаны па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  3. Мікалай Сасноўскі, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  4. Аляксандар Сафонаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  5. Віталь Маскалёў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады і арт.364 за пагрозу прадстаўніку ўлады гвалтам (у камэнтары ў сацсетцы выказаў меркаваньне, якое не зьмяшчала прамых пагрозаў) да 3 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  6. Натальля Сьцепанцова, асуджаная па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  7. Аляксандар Лобан, узяты пад варту па абвінавачваньні па арт. 130 КК за «распальваньне варожасьці» — за камэнтар у сацсетцы па «справе Зельцара»;
  8. Віталь Марухленка, узяты пад варту па абвінавачваньні па арт. 130 КК за «распальваньне варожасьці» — за камэнтар у сацсетцы па «справе Зельцара».
  9. Андрэй Акушка, узяты пад варту па абвінавачваньні па арт.368 і 369 за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады;
  10. Дзьмітры Качаноўскі, асуджаны па арт. 370 КК за здзек зь дзяржаўнай сымболікі і па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 3 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Агулам на 22 сакавіка ў Беларусі прызнаны палітычнымі вязьнямі ўжо 1101 чалавек.

Затрыманьні за ўдзел у пратэстах у Менску

Стала вядома пра затрыманьне студэнта БДУІР Яўгена Маляўкі, які вучыцца на факультэце ФІТУ, на спэцыяльнасьці «штучны інтэлект». Папярэдне, Яўген затрыманы па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе @peaceful_bsuir.

Таксама ў Менску затрымалі 34-гадовую Юлію Макась. Праўладныя каналы паведамляюць, што ГУБАЗіК прыйшоў да яе зь ператрусам, бо жанчына «аднабока распаўсюджвала свае прафашысцкія ідэі ў падтрымку ўкраінскіх радыкальных нацыяналістаў». Папярэдне, пасьля ператрусу жанчыну затрымалі, на яе завялі крымінальную справу па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), піша «Вясна».

Таксама ў Менску затрымалі 35-гадовага Дзьмітрыя Іванчанку — паводле папярэдняй інфармацыі, за камэнтары ў інтэрнэце, піша «Вясна».

У Менску міліцыянты папярэджваюць людзей у чэргах па апастыль пра адказнасьць за несанкцыянаваны сход

У Менску пасьля 11-дзённай паўзы Генэральнае консульскае ўпраўленьне МЗС ад учора аднавіла прыём дакумэнтаў на апастыль. Цану на яго паднялі ў 10 разоў — з 16 да 160 рублёў. Сёньня і ўчора людзі стаяць у вялікіх чэргах. Каб трапіць на падачу дакумэнтаў (з 8 да 10:30), людзі займаюць чэргі з ночы: «А 5 раніцы ў чарзе было 55 чалавек». Забраць апастыль можна з 15:00 да 16:00 — таму чэргі зьбіраюцца і днём.

Як паведамляе «Вясна», сёньня днём да чаргі прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і папярэдзілі прысутных пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Апастыль — гэта штамп з парадкавым нумарам дзяржаўнай рэгістрацыі, ён патрэбны для пацьвярджэньня афіцыйных папер за мяжой.

Мазыранку асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» за абразьлівы камэнтар на адрас судзьдзі

Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага пасяджэньня па справе Любові Арбузавай, якую абвінавачвалі ў «абразе судзьдзі або народнага засядальніка» (арт. 391 КК РБ). Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Стрэльчанка, піша «Вясна».

Інфармацыі з залі суду ў праваабаронцаў амаль няма, бо суд праходзіў у закрытым фармаце. Вядома толькі, што абвінавачваньне па арт. 391 КК РБ Любові прад'явілі праз тое, што ў адной з сацсетак яна пакінула абразьлівы камэнтар на адрас судзьдзі «ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім правасудзьдзя».

ГУБАЗіК затрымаў менчука, які зьбіраўся ехаць ваяваць ва Ўкраіну

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяннае відэа» зь менчуком Іванам Кавалеўскім. На відэа мужчына (верагодна, зьбіты перад гэтым) «прызнаецца», што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і зьбіраўся ехаць ваяваць ва Ўкраіну супраць расейскіх войскаў. Паведамляецца, што Кавалеўскі праходзіць па арт. 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу).

Жыхароў Баранавічаў масава судзяць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Больш за тыдзень у Баранавічах адбываюцца рэпрэсіі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Да мясцовых жыхароў урываюцца зь ператрусамі, іх затрымліваюць, а потым кідаюць на «суткі». Таксама ім «прапануюць» здаць «біяматэрыял». Па словах тых, хто хадзіў, — там іх пагражалі зрабіць падазраванымі па любой крымінальнай справе ці пасадзіць на суткі за супраціў. Папярэдне, ператрусы праводзяць супрацоўнікі КДБ.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 21 сакавіка ў судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы разгледзелі сама меней 7 спраў па арт. 19.11 КаАП — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але, як адзначаюць затрыманыя, судоў было значна больш. Судзяць усіх за рэпосты з «экстрэмісцкіх каналаў», за камэнтары, а таксама за фота, якія яны дасылалі пасьля рэфэрэндуму на плятформу «Голас».

Вядомыя вынікі толькі трох судовых пасяджэньняў: двух чалавек арыштавалі на 5 і 9 сутак, а жанчыну пакаралі штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (525 рублёў). Акрамя гэтага, у іх канфіскоўваюць тэлефоны. Рашэньні па адміністрацыйных справах выносяць судзьдзі Іна Паўлоўская, Мікалай Кміта і Сяргей Данільчык.

Масавыя затрыманьні «камэнтатараў» на Гомельшчыне

Цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня Гомля ўтрымліваюць 21-гадовага Яўгена Рагуцкага, які мае захворваньне зь дзяцінства — рэўматоідны артрыт. Вядома, што хлопца затрымалі за пост у Тэлеграме, паведамляе «Вясна».

Таксама ў ІЧУ Гомля ўтрымліваюць 41-гадовага Сяргея Захарэнку. Супраць яго завялі крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэксу за тое, што назваў у камэнтарах у сацсетках экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева «осетинским ч...м».

Паведамляецца, што апошнім часам у Гомлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа масава затрымліваюць «камэнтатараў» — як мужчын, так і жанчын, піша «Вясна». «У ІЧУ звозяць дзясяткамі», — кажуць крыніцы праваабаронцам.

Для «палітычных» у гомельскім ІЧУ ствараюць «асаблівыя» ўмовы ўтрыманьня, расказалі праваабаронцам:

«Матрацаў, коўдраў, падушак не выдаюць. На дзень адбіраюць курткі. У камэрах холад сабачы. Днём нельга ляжаць — сядзець ці стаяць. Чатыры разы на дзень праходзіць асабісты „шмон“ і агляд камэры: у кайданках усіх выводзяць на калідор, ставяць да сьцяны галавой, ногі шырока, рукі ўверх назад. Ноччу два разы будзяць, арыштант мусіць устаць і назваць прозьвішча. Перадачы для палітычных ці наогул не бяруць, ці міліцыянты зьядаюць вялікую частку самі».

У Жлобіне зноў арыштавалі Натальлю Дубарэнку

27 лютага Натальля Дубарэнка сядзела на лавачцы плошчы Вызваліцеляў, калі міліцыянт падышоў да яе і стаў распытваць. Натальля папрасіла «праваахоўніка» прадставіцца і не парушаць Закон аб міліцыі міліцыянт затрымаў яе, а судзьдзя Андрэева прысудзіла ёй 15 дзён арышту за «несанкцыянаваную акцыю», паведамляе «Гомельская Вясна». Раней Натальля Дубарэнка атрымала 15 сутак адміністрацыйнага арышту за падпіску на тэлеграм-каналы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG