Галоўнае на гэты момант
- Увечары 13 сакавіка стала вядома, што пад Кіевам загінуў беларускі вайсковец Тур, які стаяў ля вытокаў беларускага добраахвотніцкага руху, што стаў на абарону Ўкраіны ад расейскай агрэсіі. Ён служыў ва Ўзброеных сілах Украіны.
- Гуманітарны калідор да Марыюпалю сарваўся праз абстрэлы, калёна засталася ў Бярдзянску.
- На Чарнобыльскай АЭС аднавілі электразабесьпячэньне.
- Пад Львовам расейцы зьдзейсьнілі ракетны ўдар па Міжнародным цэнтры міратворчасьці і бясьпекі (Явараўскі палігон), гэта за 20 км ад польскай мяжы. Па папярэдніх зьвестках, было выпушчана 30 ракет. Пры абстрэле Явараўскага палігону загінулі 35 чалавек, 135 параненыя. Самалёты вылецелі з расейскага Саратава на Чорнае мора. Менавіта адтуль і пачаліся абстрэлы.
- Расейскія войскі застрэлілі пад Кіевам амэрыканскага журналіста, яшчэ аднаго рэпартэра паранілі.
- Эвакуацыйны цягнік Краматорск — Львоў атрымаў пашкоджаньне пры авіяналёце каля паўночы 13 сакавіка. Адна правадніца загінула, яшчэ адна параненая, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка.
- Звыш 800 чалавек затрымалі на антываенных акцыях пратэсту ў Расеі.
- Перамовы паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі, якія раней праходзілі ў Беларусі, працягваюцца праз відэасувязь. «Створаны спэцыяльныя рабочыя падгрупы. Пазыцыі Ўкраіны вызначаны жорсткімі папярэднімі дырэктывамі», — заявіў дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
- За час блякады Марыюпалю загінулі 2187 мірных жыхароў.
- Тэрыторыя Херсонскай вобласьці захопленая расейцамі, штодня ў акупаваных гарадах людзі выходзяць на мітынгі за Ўкраіну. Акупацыйныя войскі спрабуюць вызначаць свае парадкі і агітуюць за далучэньне да Расеі або стварэньне так званай «Херсонскай народнай рэспублікі».
- Акупанты выкралі мэра Мелітопаля Івана Фёдарава, які адмовіўся ім падпарадкавацца. Расейскія вайскоўцы забралі зь мітынгу ў Мелітопалі каардынатара штодзённых акцый пратэсту ў акупаваным горадзе Вольгу Гайсумаву.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 13 сакавіка
Загінуў беларускі добраахвотнік Тур
Чалавек, які стаяў ля вытокаў беларускага добраахвотніцкага руху з пазыўным Тур быў забіты ў баях пад Кіевам. Тур быў замкамандзірам групы, калі яго атрад патрапіў у засаду.
Гуманітарны калідор да Марыюпалю сарваўся праз абстрэлы
Дастаўка гуманітарных грузаў да гораду, абложанага расейскімі войскамі, плянавалася на другую палову дня 13 сакавіка. Аднак давезьці дапамогу не ўдалося — расейцы пачалі абстрэл гуманітарнага калідора з паветра, піша «Українська правда». Выданьне паведамляе, што ёсьць шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, але дакладная лічба невядомая.
Аднавілася электразабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС
Пра гэта заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.
«Я яшчэ раз зьвяртаюся да нашых міжнародных партнэраў, Эўракамісіі, МАГАТЭ, ААН, АБСЭ: дапамажыце нам абараніць ядзерныя аб’екты! Цяпер неабходна прымусіць праціўніка пакінуць АЭС і стварыць 30-кілямэтровую дэмілітарызаваную зону вакол ядзерных аб’ектаў Украіны», — адзначыў Галушчанка ў сваёй заяве.
Разбомбленая школа на Мікалаеўшчыне
Пасьля чарговага налёту на Мікалаеўскую вобласьць у горадзе Зеленагайск была зьнішчаная школа.
СБУ паведаміла пра затрыманьне інфарматараў, якія працавалі на Расею
Затрыманьні адбыліся 12 сакавіка. У Харкаўскай вобласьці Служба бясьпекі Ўкраіны выкрыла чалавека, які зьбіраў дадзеныя аб разьмяшчэньні і маршрутах руху Ўзброеных сіл, а таксама каардынаты аб’ектаў інфраструктуры, каб акупанты маглі нанесьці па іх ракетна-бомбавыя ўдары. Таксама спэцслужбы затрымалі пару, якая супрацоўнічала з расейскімі спэцслужбамі: мужчына дапамагаў выпраўляць абстрэл, а жанчына прасоўвала ідэю «русского мира» ў сацыяльных сетках.
У Адэсе СБУ затрымала агента, які зьбіраў інфармацыю аб абарончых збудаваньнях, створаных сіламі самаабароны ў рэгіёне. У Луганскай вобласьці выкрыта мясцовая жыхарка, якая дапамагала расейскім войскам бамбаваць Севераданецк.
Удар па інтэрнаце на Кіеўшчыне
Расейскія вайскоўцы нанесьлі артылерыйскі ўдар па псыханэўралягічным інтэрнаце ў Пушчы-Вадзіцы, паведаміла Кіеўская гарадская дзяржадміністрацыя. Па дадзеных ведамства, пэрсанал і падапечных пасьпелі эвакуаваць загадзя. Па словах чыноўнікаў, адзін снарад трапіў у памяшканьне кацельні, другі — у памяшканьне моргу, таксама часткова разбурылі жылы корпус установы.
Расейскія войскі застрэлілі былога карэспандэнта New York Times, яшчэ аднаго журналіста паранілі
У Ірпяні Кіеўскай вобласьці расейскія войскі застрэлілі былога журналіста выданьня New York Times, грамадзяніна ЗША Брэнта Рэнаўда.
Як паведаміла паліцыя Кіеўскай вобласьці, ён разам са сваім калегам рыхтавалі матэрыял аб эвакуацыі мірных жыхароў з Ірпяня ў раёне падарванага Раманаўскага моста. Калега паранены, ён у шпіталі.
Расейскія войскі стралялі на мітынгу ў Херсоне
У Херсоне, калі ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць акупацыі Расеяй ішлі калёнай па горадзе і праходзілі паўз расейскую тэхніку, некалькі расейцаў адкрылі папераджальны агонь.
Але гэта не спыніла херсонцаў. Яны ішлі, трымаючы ўкраінскія сьцягі, і працягвалі скандаваць «Расейскі салдат — фашысцкі акупант», «Фашысты», «Свабодная Ўкраіна адна адзіная», «Украіна перадусім!».
Расейцы сарвалі эвакуацыю на Луганшчыне
Кіраўнік Луганскай вайсковай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў аб канцэнтраваным абстрэле расейцамі пяці паселішчаў, зь якіх 13 сакавіка плянавалі эвакуацыю мірных грамадзян. Пад абстрэлам апынуліся Крэмінная, Рубежнае, Севераданецк, Папасная і Горскае.
Кіеў рыхтуецца да атакі і блякады
Намесьнік кіраўніка Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Валянцін Мандрыеўскі заявіў аб інтэнсіўнай падрыхтоўцы сталіцы на выпадак блякады расейскім войскам.
«Мы сфармавалі неабходныя патрэбы і ўжо падрыхтаваліся да магчымых дзеяньняў на выпадак блякады. Тыя 2 мільёны кіеўлян, якія не пакінулі сваіх дамоў, не застануцца адны пры пагаршэньні сытуацыі», — заявіў Мандрыеўскі.
Цяпер у сталіцы Ўкраіны працуе камунальны транспарт, банкі, запраўкі і аўтасэрвісы.
Авіяўдар па Свята-Ўсьпенскай Сьвятагорскай лаўры
Авіяцыйная бомба выбухнула за 50 мэтраў ад моста, які злучае правы і левы берагі ракі Северскі Данец, што знаходзіцца ля ўезду ў Сьвятагорскую лаўру. Амаль усе шыбы былі выбітыя, будынкі разбураныя ў рознай ступені. Некалькіх параненых даставілі ў лякарню ў Сьвятагорск, астатнія атрымалі дапамогу ў манастыры. Нікога не забілі. У ноч з 12 на 13 сакавіка ўсіх уцекачоў і братоў эвакуавалі ў манастырскія сутарэньні.
Цяпер у Сьвятагорскай лаўры знаходзіцца 520 уцекачоў, у тым ліку 200 дзяцей. У горадзе Сьвятагорску каля 10 тысяч уцекачоў і мясцовых жыхароў. Кіраўніцтва лаўры паведамляе, што на тэрыторыі манастыра і гораду вайсковых фармаваньняў не было.
Расейскія вайскоўцы захапілі яшчэ аднаго мэра гораду
У горадзе Дніпраруднэ Запароскай вобласьці, разьмешчаным побач з Энэргадарам, расейскія вайскоўцы захапілі мэра горада Яўгена Мацьвеева. Пра гэта паведамляе мясцовы інтэрнэт-партал «Новини ДніпроРудного».
Вядома, што горад Дніпраруднэ не знаходзіўся пад кантролем расейскіх войскаў. На подступах да гораду, аточагнага расейскімі сіламі з усіх бакоў, дзяжурыла мясцовая самаабарона і валянтэры зь ліку гараджан.
Раней расейцы захапілі і павезьлі ў невядомым накірунку мэра Мелітопаля Івана Фёдарава. Цяпер ягонае месцазнаходжаньне невядомае.
Што адбываецца ў шпіталях і моргах Гомля і Мазыра
Зь першага дня вайны беларускія шпіталі ў Гомлі, Мазыры і Нароўлі пачалі прымаць параненых расейцаў, а моргі — забітых.
Ад крыніц Свабоды з 3 сакавіка паступае інфармацыя, што моргі ў Мазыры і Гомлі перапоўненыя трупамі расейцаў. У Мазыры зь мінулага тыдня іх адразу грузілі ў цягнікі расейскай чыгункі.
«Трупаў было нерэальна шмат! Людзі, якія былі на станцыі Мазыр якраз, выпадкова, былі проста ў шокавым стане ад колькасьці трупаў, якія загружалі ў цягнік», — кажа жыхар Мазыра.
Жыхары Гомля таксама расказваюць, што аўтобусы і ПАЗ (з параненымі расейцамі) і грузавікі «Ўрал» (з забітымі) — частае відовішча ў абласным цэнтры.
Вайскоўцы РФ пачалі затрымліваць актывістаў, журналістаў і былых сілавікоў у Херсоне
У акупаваным расейскім войскам Херсоне сілавікі РФ перасьледуюць і затрымліваюць украінскіх актывістаў, журналістаў, былых вайскоўцаў і ўсіх, хто не хавае праўкраінскай пазыцыі.
Пра гэта ўкраінскай службе Радыё Свабода расказаў журналіст з Херсона Канстанцін Рыжэнка, якога таксама шукаюць.
Паводле яго, у расейцаў ёсьць сьпісы актывістаў, якія выступаюць супраць вайны і акупацыі ці проста выказвалі сваю праўкраінскую пазыцыю. Таксама шукаюць тых, хто фатаграфуе перамяшчэньне расейскай тэхнікі і перадае інфармацыю ўкраінскім сілавікам.
У Мелітопалі расейскія вайскоўцы прызначылі новага кіраўніка гораду
Ім стала дэпутатка гарадзкога саавету Галіна Данільчанка, якая прадстаўляла так званы «Опоблок». Пра гэта пішуць мясцовыя СМІ і гаворыцца ў звароце Данільчанкі. Дэпутатка заклікала мясцовых жыхароў «падстроіць усе мэханізмы пад новую рэчаіснасьць, каб як мага хутчэй пачаць жыць па-новаму».
Раней жыхары Мелітопаля выйшлі на мітынг, патрабуючы вярнуць скрадзенага мэра Івана Фёдарава.
Атакі Кіева спыніліся, расейскія войскі перагрупоўваюцца
«Праціўнік прыпыніў наступ на Кіеў, але не адмовіўся ад намераў атачыць сталіцу. Вораг дэмаралізаваны і ня мае дастаткова сіл і сродкаў для наступу. Абарона Кіева актыўная і прымушае праціўніка пастаянна несьці страты і перагрупоўвацца. Замест гэтага ад бездапаможнасьці і злосьці ён працягвае варварскія бамбардзіроўкі нашых гарадоў», — сказаў кіраўнік кіеўскай вайсковай адміністрацыі Жырноў.
Апошнія некалькі дзён узмацніліся баявыя дзеяньні ў так званым «залатым поясе» Кіева — пад Бучай, Барадзянкай, Кухарамі, Андрэеўкай, Матыжыным і Гарэнічамі.
Адначасова расейскія войскі спрабуюць прарвацца на Кіеў па чарнігаўскім і сумскім напрамках, пэрыядычна праводзячы, як сьцьвярджае Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, наступальныя апэрацыі, а на асобных участках нават часткова пасьпяхова.
Расейскія войскі таксама бамбавалі Мікалаеў і аточаны Марыюпаль.
Акцыі пратэсту супраць вайны праходзяць у Расеі
Генштаб Украіны паведаміў, што расейскія войскі нясуць сур’ёзныя страты ў баях. У некаторых населеных пунктах расейцы рабуюць насельніцтва і бяруць людзей у закладнікі.
Уцекачы ад вайны
Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах уцекачоў, з Украіны зьехалі 2 504 893 грамадзяніны. Найбольш — 1 524 903 асобы — знайшлі прытулак у Польшчы. 225 046 грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 176 092 — у Славаччыну, 104 929 — у Малдову, 105 897 — у Расею (пераважна з так званых «народных рэспублік»), 84 671 — у Румынію, 858 — у Беларусь.
Небясьпека на акупаванай расейцамі ЧАЭС
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра намер Расеі справакаваць новую тэхнагенную катастрофу на захопленай расейскімі войскамі Чарнобыльскай АЭС і ўскласьці адказнасьць за гэта на ўкраінскую ўладу.
Увечары стала вядома, што энэргазабесьпячэньне ЧАЭС аднавілася.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
13 сакавіка жыхары Лунінца Берасьцейскай вобласьці зьнялі чарговы вылет ракет на ўкраінскую тэрыторыю.
Тым часам ва Ўкраіне фармуецца беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага, які зьбіраецца ваяваць супраць расейскіх акупантаў. Цяпер байцы праводзяць трэніроўкі.
Пасьля інцыдэнту на беларуска-ўкраінскай мяжы, калі расейскі самалёт страляў па незаселенай тэрыторыі з украінскага боку, і ў Менску, і ў Кіеве выступілі з заявамі, якія маюць на мэце заспакоіць грамадзтвы наконт магчымага далучэньня беларускіх салдат да расейскай вайны з Украінай.
11 сакавіка Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Маскве.
«Украіна атакавала б Беларусь, калі б не прэвэнтыўны ўдар з боку Расеі», — заявіў Лукашэнка, яго цытуе агенцтва ТАСС. Ніякіх доказаў гэтым словам Лукашэнка не прывёў, сказаўшы толькі, што прывёз з сабой зь Менску нейкую мапу. Ён лічыць, што апраўдвацца за налёты на Ўкраіну ня варта, бо Ўкраіна нібыта за шэсьць гадзін да расейскага нападу сама рыхтавала атаку на Беларусь, у першую чаргу на расейскія і беларускія войскі, якія знаходзіліся на вучэньнях.
Палітвязень Мікола Статкевіч праз жонку Марыну Адамовіч, якая была ў яго на спатканьні, папрасіў прабачэньня ва ўкраінцаў і сказаў, што адчувае сваю адказнасьць за напад Расеі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Па словах Марыны Адамовіч, Статкевіч думае, што Ўкраіна ня можа не перамагчы ў гэтай вайне. Палітвязень таксама папрасіў перадаць свае прабачэньні ўкраінскаму народу.
«За тое, што вайна пачалася ў тым ліку з нашай зямлі, — расказала Марына Адамовіч. — З нашай акупаванай на сёньняшні дзень зямлі. Мікалай гатовы прызнаць сваю адказнасьць за гэта і прыняць сваю долю адказнасьці за гэта. Як і кожны з нас».
Як рэагуе сьвет
Краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія ўвялі санкцыі супраць Расеі і Беларусі як саўдзельніцы ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Сотні замежных кампаній заявілі пра вывад свайго з бізнэсу з Расеі і Беларусі.
У Італіі арыштавалі яхту расейскага мільярдэра Андрэя Мельнічэнкі (ён нарадзіўся ў Гомлі), піша La Repubblica. Яхта «А» — найбуйнейшая ў сьвеце ветразевая яхта, яе кошт ацэньваюць у € 530 млн. 9 сакавіка Мельнічэнка трапіў у санкцыйныя сьісы ЭЗ з прычыны вайны ва Ўкраіне.
Вядомы фінансіст і філянтроп Джордж Сорас мяркуе, што лідэр КНР Сі Цзіньпін даў Пуціну карт-блянш на ўварваньне ва Ўкраіну і што гэта «стала пачаткам трэцяй сусьветнай вайны, якая патэнцыйна можа зьнішчыць нашую цывілізацыю».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.