Практычна ніводзін зь ягоных сцэнароў, датычных падзеяў ва Ўкраіне, ня спраўдзіўся.
Калі перачытваеш перадваенныя публічныя выступы Лукашэнкі, узьнікае цьвёрдае перакананьне, што ўжо прынамсі з канца мінулага году ён ведаў пра тое, што неўзабаве адбудзецца ўварваньне ва Ўкраіну. Гэта тэма нязьменна гучала ў ягоных інтэрвію і камэнтарах, хоць і завуалявана: маўляў, Захад рыхтуе вайну супраць нас, а Ўкраіне трэба скарыцца, здацца Маскве, вярнуцца «ва ўлоньне нашага славянства».
Але адметна ня столькі гэта, колькі тое, якія прагнозы рабіў Лукашэнка пра меркаваную хаду падзеяў. На тое, каб паставіць Украіну на калені, ён адводзіў тры-чатыры дні (цытата ад 4 лютага 2022 году):
«Зразумела, Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць: гэта вайна прадоўжыцца тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць. Тыя, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэніруюцца.... І, як толькі крыху запахла, Валодзя Зяленскі адразу збаяўся».
Што ў Пуціна ў галаве — у Лукашэнкі на языку
Апошнім часам Лукашэнка гаварыў пра хуткую вайну прама, ня так, як Пуцін, намёкамі («Я пакажу вам, што такое сапраўдная дэкамунізацыя»). Што ў Пуціна было ў галаве — у Лукашэнкі на языку. Спраўна выдаваў ворагу ўсе патаемныя пляны, выслуханыя падчас шматгадзінных і шматдзённых фармальных і нефармальных размоў на яхтах, у лазьнях і на лядовых арэнах цягам апошніх гадоў.
Чаго вартая хаця б згадка пра далейшыя пляны, у выпадку, калі «за тры-чатыры дні» будзе заваяваная Украіна:
«У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша».
Альбо спроба аспрэчыць выкрытыя амэрыканскай выведкай зьвесткі пра ўжо сплянаванае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну (з інтэрвію прапагандысту Кісялёву 30 лістапада 2021):
«Яны на Захадзе прыдумалі сьлізкую ідэю: Расея хоча напасьці на Ўкраіну. Канцэнтруюць фэйк. Ну слухайце, гэта спэцапэрацыя. Сёньня гэта адзін з кірункаў гібрыднай вайны. Фатаграфуюць зусім іншыя тэрыторыі — там, дзе сканцэнтраваныя войскі нашай сумеснай групоўкі, — і выдаюць гэта як кулак браняваны супраць Украіны. Гэта ва ўсім сьвеце распаўсюдзілі, каб апраўдаць свае дзеяньні».
Чытаеш — і нават ня верыцца, што гэта было сказана амаль за тры месяцы да расейскай агрэсіі. Нават тэрмін «спэцапэрацыя» ўжо тады прагучаў.
Ці было гэта асабістае бачаньне Лукашэнкі ці падхалімскае паўтарэньне ідэй і прадбачаньняў Пуціна? У кожным разе і ў аднаго, і ў другога — гэта відавочнае і скандальнае няведаньне цяперашніх украінскіх рэалій, грамадзкіх настрояў і памкненьняў. Лукашэнка, як і Пуцін, застаўся ў мінулым.
У далёкай савецкай і ў першыя гады постсавецкай рэчаіснасьці ён сапраўды няблага ведаў грамадзтва, сярод якога жыў. Але калі тое было? Сьвет даўно зьмяніўся. Прыйшлі новыя пакаленьні, якія думаюць і жывуць зусім інакш, чым іхныя бацькі.
Калі чалавек дзесяцігодзьдзямі жыве за высокімі сьценамі палацаў і рэзыдэнцый, не карыстаецца інтэрнэтам, а інфармацыю атрымлівае з тэчак, паслужліва падабраных прыдворнымі лёкаямі, ды з уласнай прапаганды — якім можа быць тое бачаньне?
Ён і ўласнае грамадзтва, як паказалі падзеі 2020 году, зусім ня ведае. Што ўжо казаць пра ўкраінскае. Вось прыедзе зрэдзь часу які-небудзь адыёзны прарасейскі дэпутат Рады, лісьліва нашэпча пра тое, як ва Ўкраіне нібыта любяць Лукашэнку, тужаць па СССР і чакаюць Пуціна — адтуль і веды, і «прадбачаньне».
Два Валодзі — два стрыжні
Лукашэнка заўсёды звысоку і паблажліва пазіраў на асобу Зяленскага. У 2019 годзе ён зусім не сумняваўся ў ягонай паразе на прэзыдэнцкіх выбарах. І ахвотна агучваў гэтыя свае прагнозы. Зазначу, што, паводле негалоснага палітычнага этыкету, кіраўнікі краінаў звычайна пазьбягаюць падобных прагнозаў. Як ты пасьля будзеш выстройваць адносіны з новым прэзыдэнтам, калі твае «прадбачаньні» ня спраўдзяцца і пераможа той, на каго ты не рабіў стаўку? Але ў выпадку з Лукашэнкам гэтае правіла ўжо не спрацоўвае. Памятаеце, зь якой самаўпэўненасьцю і ганарлівасьцю, бяз ценю сумневу гаварыў ён 1 сакавіка 2019 года пра тое, якім будзе вынік прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне:
«Новым прэзыдэнтам будзе Парашэнка. Ён выйдзе ў другі тур. Можа быць, зь Зяленскім, можа, яшчэ з кімсьці. Ну пераважна зь Зяленскім».
Адметная таксама характарыстыка, якую даў Зяленскаму Лукашэнка за тры тыдні да пачатку вайны ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Салаўёву. У нейкі момант Салаўёў спытаў, чаму Лукашэнка расчараваўся ў Зяленскім і зразумеў, што «нешта ня так». У адказ Лукашэнка палічыў магчымым чарговы раз прынізіць кіраўніка суседняй дзяржавы. Зьвяртаючыся да Салаўёва, ён сказаў:
«Ведаеш, Валодзя, ты чалавек са стрыжнем, а ў яго такога стрыжня няма. Я б не сказаў, што ён такі чалавек, які ненавідзіць усю савецкую мінуўшчыну і тое, што было ў вайну, і Галакост як габрэй. Я б не сказаў. Ён проста аморфны чалавек, у яго няма стрыжня».
Міне ўсяго чатыры тыдні — і «аморфнаму чалавеку, у якога няма стрыжня» будуць стоячы аплядаваць Эўрапарлямэнт і парлямэнты галоўных эўрапейскіх дзяржаў. Ён застанецца ў аточаным ворагам Кіеве, будзе самааддана кіраваць абаронай сваёй краіны, і ўвесь сьвет будзе бачыць, што ён гатовы да апошняга імгненьня падзяліць лёс уласнага народу.
А «Валодзя са стрыжнем» ў гэты ж час будзе спрабаваць выратаваць дзьве свае вілы на італьянскім возеры Кома. Спробы былі беспасьпяховымі: Салаўёва ўключылі ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу як асобу, якая «падрывае тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны», а італьянскія вілы арыштавалі.
Прагноз, які збываецца
Але былі ў Лукашэнкі і прагнозы, якія маюць высокую верагоднасьць на ажыцьцяўленьне. Праўда, гэта прагнозы своеасаблівыя. 28 студзеня, выступаючы са сваім штогадовым пасланьнем, ён хваліўся:
«Калі б мы, як некаторыя постсавецкія дзяржавы, паддаліся ліхаманцы зьмяняльнасьці ўлады, дапусьцілі шараханьні ў палітыцы і ідэалёгіі, то некіраванага пікіраваньня было б ужо не спыніць. Нас чакалі б міграцыя, разьяднанасьць народу, дысфункцыя эканомікі, рост злачыннасьці, канец сацыяльнай дзяржавы. Жылі б паводле прынцыпу: хто можа — выжывайце».
Тое, чым так хваліўся 28 студзеня Лукашэнка, ад чаго ён нібыта захаваў Беларусь, не дапусьціўшы «ліхаманкі зьмяняльнасьці ўлады», хутчэй за ўсё, і чакае Беларусь ужо ў найбліжэйшыя месяцы: і шалёная міграцыя, і дысфункцыя эканомікі, і раскол у грамадзтве, і дэмантаж сацыяльнай дзяржавы. Усё згодна зь ягоным жа пералікам. Працэс запушчаны ім асабіста — і ўсталяваньнем татальнай дыктатуры ў 2020-м, і далучэньнем да расейскай агрэсіі ў 2022-м.
І яшчэ адзін, апошні прагноз ад Лукашэнкі. Калі на мінулым тыдні, 11 сакавіка, яго чарговы раз выклікалі ў Крэмль, то ён, абяцаючы Пуціну паказаць мапу з «плянамі нападу» Ўкраіны на Беларусь, адначасова спрагназаваў:
«Калі мы з вамі зарыентуемся, паверце, праз паўгода — да канца года людзі забудуць, што гэта здарылася». У гэты момант, здаецца, нават Пуцін паглядзеў на свайго суразмоўцу зь непрыхаваным зьдзіўленьнем і недаверам — як на чалавека, цалкам адарванага ад рэальнасьці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.