Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Nord Stream 2 адкрыў нямецкі філіял, каб атрымаць дазвол нарматыўных органаў краіны на працу


Мапа газаправодаў Nord Stream
Мапа газаправодаў Nord Stream

Апэратар спрэчнага газаправоду «Паўночны паток – 2», які ідзе з Расеі ў Нямеччыну, стварыў даччыную кампанію, каб прывесьці праект у адпаведнасьць зь нямецкім заканадаўствам.

Nord Stream 2 AG у заяве ад 26 студзеня інфармуе, што даччыная кампанія, Gas for Europe GmbH, стане ўладальніцай і апэратарам 54-кілямэтровага ўчастку падводнага газаправоду ў нямецкіх тэрытарыяльных водах і часткі, што выходзіць на бераг Балтыйскага мора ў Нямеччыне.

Энэргетычны рэгулятар Фэдэральнага сеткавага агенцтва Нямеччыны абвясьціў у лістападзе 2021-га, што прыпыніў працэс сэртыфікацыі газаправоду коштам 12 мільярдаў даляраў, заявіўшы, што швайцарская кампанія Nord Stream 2 AG павінна спачатку стварыць юрыдычную асобу ў Нямеччыне. Nord Stream 2 AG напалову належыць расейскаму дзяржаўнаму «Газпрому» ў кансорцыюме з эўрапейскімі энэргетычнымі кампаніямі.

Рэгулятар паведаміў агенцтву AFP, што працэс па-ранейшаму прыпынены да таго часу, пакуль капітальныя актывы і чалавечыя рэсурсы ня будуць перададзены даччынай кампаніі і ня будуць прагледжаны ўсе дакумэнты.

«На гэты момант мы ня можам прадказаць, калі працэс пачнецца зноў», — сказаў прадстаўнік рэгулятара.

Газаправод, які падвоіць пастаўкі прыроднага газу ў Нямеччыну і дапаможа палегчыць энэргетычны крызіс у Эўропе, завяршылі ў верасьні пасьля шматгадовых спрэчак. Крытыкі кажуць, што праект павялічыць залежнасьць Эўропы ад расейскага газу і можа быць выкарыстаны для аказаньня палітычнага ціску. Украіна занепакоеная тым, што страціць плату за транзыт газу з існых трубаправодаў.

Нарошчваньне расейскіх вайскоўцаў каля межаў Украіны зноў засяродзіла ўвагу на «Паўночным патоку – 2». Нямецкія палітыкі заяўляюць, што газаправод можа не пачаць працу ў выпадку расейскага нападу на Ўкраіну. Раней Нямеччына, яшчэ падчас працы канцлерам Ангелы Мэркель, праводзіла перамовы са Злучанымі Штатамі, каб прадаставіць Кіеву гарантыі па газе і працягнуць пабудову «Паўночнага патоку – 2».

Акрамя таго, новае кіраўніцтва Нямеччыны на чале з сацыял-дэмакратам Оляфам Шольцам катэгарычна адмаўляецца ад паставак зброі Ўкраіне і блякуе пастаўкі з Эстоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG