Сёньня на наша пытаньне адказвае Сяргей Будкін.
— У гэтым маратоне, які папярэдне анансаваўся як спрынт, папросту няма магчымасьці спыніцца і падумаць пра тую частку шляху, які ўжо адолены, прааналізаваць тыя эмоцыі, якія ў цябе былі, бо яны неадназначныя. Сум і расчараваньне зблытаны з спадзевам і верай. Усьмешка, калі і выходзіць, то з прысмакам горычы. Разуменьне, што трэба жыць і радавацца жыцьцю ёсьць, а як жа тут парадуесься, калі вось так яно ўсё…
І немагчыма намацаць у памяці год 2021, дзе ён пачаўся. Бо шмат чаго мы не пакінулі ў 2020-м і ўзялі з сабой у 2021-м. Як канкрэтныя праекты, так і нашыя мары і спадзевы.
Таму мой сьпіс будзе такім жа, як гэты час — мітусьлівым, хаатычным, шызафрэнічным, калі хочаце.
…Мяне парадаваў — як вынік працы — выхад кнігі «Нерасстраляныя», якую мы рыхтавалі доўгі час. Але вельмі сумна, што беларускае грамадзтва не «прачытала» гэтае кнігі раней, што афіцыйна не былі асуджаны злачынствы камуністаў і што гэта прывяло да новых рэпрэсій…
…Мяне парадаваў Маляваныч — сьмелы і нескароны актор Аляксандр Ждановіч, якога кінулі за краты ў 2020-м за тое, што ён абараняў на маршы жанчыну, а сёлета звольнілі за пазыцыю з тэатра. З ім мы пачалі вельмі натхняльны праект, у межах якога ўжо агучана больш за 40 казак па-беларуску. Але вельмі сумна, што беларусы ў большасьці сваёй не гадавалі сваіх дзетак па-беларуску і ў беларускім духу. З гэтых дзетак атрымаліся ў тым ліку і тыя пачвары, якія зьбіваюць і катуюць нашых сяброў і родных, кідаюць за краты шматдзетных маці…
…Мяне парадавалі госьці праекту «Тэлебудка». Пасьля размовы з кожным з іх хочацца далей жыць і рабіць. Кожны з іх чалавек-сусьвет. Але мне вельмі сумна, што беларусы не хочуць сваіх мэдыйных герояў і фармуюцца як асобы ў расейскім інфаполі.
Мяне вельмі радуе як працуе каманда Беларускай Рады культуры, якую мне выпаў гонар узначаліць. Мы рэальна дапамаглі сотням людзям у цяжкую хвіліну, паспрыялі зьяўленьню дзясяткаў арт-праектаў і распрацавалі доўгатэрміновы плян падтрымкі і развіцьця нашай культуры. Але мне сумна, што дагэтуль нават не ўсе лідэры ў грамадзянскай супольнасьці, усьведамляюць якая роля культуры ў нашым жыцьці, як яна ўплывае на наш дабрабыт, бясьпеку, побыт. Чаму так важна для ўсіх нас, каб да нашых дзетак прыходзіў не дзед мароз, а Сьвяты Мікалай. Чаму так важна не ігнараваць беларускую мову ў камунікацыі. Чаму так важна сьпяваць і танчыць, калі вакол гвалт і змрок.
А калі казаць пра самы-самы галоўны пазытыў 2021-га. То гэта той факт, што мы яшчэ здольныя бегчы. Сілаў няма такіх, каб нас перадушыць.
Сяргей Будкін — кіраўнік Беларускай Рады культуры.